Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўзмацняе мяжу зь Беларусьсю, каб не прапусьціць «нестандартных сытуацый»


Беларуска-ўкраінская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Беларуска-ўкраінская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Украінская выведка пільна адсочвае сытуацыю на мяжы ў сувязі з падтрымкай уладамі Беларусі разьмяшчэньня вагнэраўцаў на беларускай тэрыторыі.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паведамілі, што, паводле ўкраінскай выведкі, на тэрыторыі Беларусі на вайсковых палігонах знаходзіцца каля 2000 расейскіх вайскоўцаў, але прыкметаў прысутнасьці вагнэраўцаў пакуль не адзначаюць.

«Мы ня бачым па той бок мяжы, побач з намі, нейкага перамяшчэньня вайсковай тэхнікі ці асабовага складу падразьдзелаў расейскай ці беларускай арміі. Вядома ж, што расейскія вайскоўцы прысутнічаюць у Беларусі. Цяпер, паводле нашых зьвестак, іхная колькасьць вагаецца на ўзроўні 2000 вайскоўцаў, але яны, як правіла, залучаныя ў вучэньні ці падрыхтоўку на беларускіх палігонах», — паведаміў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка

Апроч таго, украінская выведка цяпер пільна адсочвае сытуацыю ў сувязі з падтрымкай уладамі Беларусі разьмяшчэньня вагнэраўцаў.

«Яны рыхтуюць месца для расейскіх наймітаў за некалькі сотняў кілямэтраў ад украінскай мяжы. Пакуль мы ня бачым, што падразьдзелы вагнэраўцаў прыбылі або разьмяшчаліся на тэрыторыі Беларусі. Але выведка актыўна адсочвае гэтую сытуацыю, каб разумець, наколькі гэта будзе пагражаць Украіне», — дадаў ён.

Андрэй Дземчанка ня выключыў, што вагнэраўцаў могуць выкарыстоўваць для правакацый на беларуска-ўкраінскай мяжы.

«Галоўнакамандуючы, а таксама камандуючы паўночнага кірунку атрымалі дакладныя загады ўзмацніць мяжу зь Беларусьсю, каб не прапусьціць любыя нестандартныя сытуацыі, якія пагражалі б Украіне», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.

Пазьней камандуючы паўночным апэратыўным кірункам Сяргей Наеў паведаміў, што на мяжы зь Беларусьсю павялічылі колькасьць асабовага складу і баявой тэхнікі

«Праца на гэтым кірунку не спынялася з таго часу, як выбілі ворага з поўначы, і працягваецца штодзень. Будуюцца супрацьтанкавыя загароды, мінуецца тэрыторыя і ўмацоўваецца ўся лінія абароны», — паведаміў Сяргей Наеў.

Камандуючы паўночным апэратыўным кірункам падкрэсьліў, што ўкраінская выведка працу эфэктыўна.

«Мы добра вывучылі ворага і дакладна валодаем сытуацыяй наконт яго плянаў. Нашы вайскоўцы прайшлі баявое зладжваньне і гатовыя зьнішчыць любога хто замахнецца на нашу тэрыторыю», — заявіў Сяргей Наеў.

Раней ва Ўкраіне заяўлялі, што ў Беларусі могуць разьмясьціць да 8 тысяч вагнэраўцаў, а беларускія памежнікі актывізавалі інфармацыйна-псыхалягічныя апэрацыі на мяжы з Украінай.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.

Цяпер Беларусь на ўзор Украіны спрабуе сфармаваць мясцовую самаабарону. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 15 чэрвеня ў другім чытаньні прыняла праект закону «Аб народным апалчэньні». Цяпер ён мае паступіць для галасаваньня ў Савет Рэспублікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG