Супраць Чарняка завялі крымінальную справу аб «фінансаваньні тэрарызму» (частка 1.1 артыкула 205.1 КК РФ). Па вэрсіі сьледзтва, зь лютага па красавік 2022 году Чарняк і іншыя асобы пералічылі 500 мільёнаў расейскіх рублёў (каля 5 мільёнаў даляраў) вайскоўцам Узброеных сілаў Украіны і «іншым украінскім узброеным фармаваньням». У чэрвені 2023 году Чарняк паставіў УСУ тавары, прызначаныя для вядзеньня баявых дзеяньняў, коштам звыш 90 мільёнаў рублёў (каля мільёна даляраў), гаворыцца ў прэсавым рэлізе ведамства.
У расейскім СК заявілі, што падчас расьсьледаваньня яны выявілі дачыненьне да гэтай справы дзьвюх давераных асобаў Чарняка. Абодвух затрымалі, аднаму зь іх прад’яўлена абвінавачаньне ў даваньні хабару, другому — у пасярэдніцтве пры даваньні хабару.
РБК паведаміў, што Замаскварэцкі раённы суд Масквы арыштаваў уладальніка лікёра-гарэлачнага заводу «Родник и К» і кампаніі «Русский Север» Аляксандра Бяспалава, а кіраўніку «Родник и К» Андрэю Лазуціну абраў меру стрыманьня ў выглядзе забароны пэўных дзеяньняў.
У рамках крымінальнай справы Чарняка расейскія сілавікі правялі больш за 10 ператрусаў на тэрыторыі Масквы, Маскоўскай вобласьці і іншых рэгіёнаў.
Расейскія ўлады абвясьцілі, што зьбіраюцца арыштаваць долі арганізацыяў, якія ўваходзяць у холдынг, бэнэфіцыярам якога зьяўляецца Чарняк.
Яўген Чарняк у 2021 годзе займаў 19-е месца ў сьпісе 100 найбагацейшых украінцаў паводле ўкраінскага Forbes. Яго багацьце ацэньвалася ў 470 мільёнаў даляраў.