Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Зьмітра Дашкевіча асудзілі з новым абвінавачаньнем


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

30 верасьня былога лідэра апазыцыйнай арганізацыі «Малады фронт», актывіста Зьмітра Дашкевіча асудзілі на дадатковыя 1 год і 3 месяцы калёніі строгага рэжыму, паведамляе «Наша Ніва» з спасылкай на сяброў сям’і.

Зьмітра Дашкевіча судзілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі») і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Абедзьве справы з 18 верасьня ў судзе Першамайскага раёну Менску разглядала судзьдзя Анастасія Кулік.

  • Зьміцер Дашкевіч адбывае тэрмін у калёніі № 14 у Навасадах (Барысаўскі раён Менскай вобласьці).
  • У Дашкевіча і ягонай жонкі Насты Дашкевіч (Палажанкі), якая раней таксама была актывісткай «Маладога фронту», чацьвёра дзяцей. У ліпені 2022 году разам з мужам Насту Дашкевіч асудзілі паводле арт. 342 на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»).
  • 11 ліпеня 2023 году Зьміцер Дашкевіч меў выйсьці на волю пасьля паўтарагадовага пазбаўленьня волі за ўдзел у акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 году (арт. 342 КК). Яго ня вызвалілі, бо завялі новую крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК.
  • 19 кастрычніка 2023 году судзьдзя Тацяна Дзеравянка з суду Барысаўскага раёну прызнала актывіста вінаватым па гэтым артыкуле і прысудзіла 1 год калёніі строгага рэжыму. Для Дашкевіча гэты крымінальны тэрмін стаў чацьвёртым.
  • 25 траўня 2024 году стала вядома пра завядзеньне супраць актывіста новай справы паводле «народнага» артыкула 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх») за ўдзел у акцыях пратэсту . Пазьней, ужо пасьля пачатку суду, стала вядома, што Дашкевічу дадалі яшчэ адзін артыкул — за «непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG