Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парыжы пачаўся суд над Марын Лё Пэн і яе партыяй


Марын Лё Пэн
Марын Лё Пэн

У Парыскім судзе пачаліся слуханьні ў крымінальнай справе супраць Марын Лё Пэн і ўльтраправай партыі «Нацыянальнае аб’яднаньне» аб шматгадовым раскраданьні сродкаў Эўрапарлямэнту для спансараваньня арганізацыі за кошт фіктыўнага найму памочнікаў эўрадэпутатаў.

Згодна з абвінавачваньнем, людзі, уладкаваныя на пасады памочнікаў дэпутатаў Эўрапарлямэнту ад «Нацыянальнага аб’яднаньня», насамрэч працавалі не на сваіх прадстаўнікоў у ЭЗ, а асабіста на Лё Пэн або на яе партыю, піша DW.

Агулам у справе праходзяць 27 чалавек, у тым ліку заснавальнік «Нацыянальнага аб’яднаньня», бацька Марын 96-гадовы Жан-Мары Лё Пэн і іншыя кіраўнікі партыі.

Калі Марын Лё Пэн прызнаюць вінаватай, яна ня зможа вылучыць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах у 2027 годзе.

У ходзе расьсьледаваньня, праведзенага ў канцы 2016 году двума парыскімі адмыслоўцамі ў фінансавых злачынствах, партыю западозрылі ў стварэньні «схемы крадзяжу» 21 тысячы эўра ў месяц, якія вылучае Эўразьвяз кожнаму эўрадэпутату для аплаты працы яго памочніка. Мэта, як сьцьвярджае абвінавачаньне, палягала ў тым, каб дамагчыся істотнай эканоміі заробкаў для чальцоў партыі, якая тады мела вялікія даўгі. Сьледчыя настойваюць на «сыстэмным характары крадзяжоў», якія сталі «сродкам фінансаваньня партыі» падчас эканамічных цяжкасьцяў, паведамляе Euronews.

Эўрапарлямэнт падаў цывільны пазоў, ацаніўшы шкоду амаль у сем мільёнаў эўра.

Слуханьні працягнуцца да 27 лістапада, чакаецца, што прысуд будзе вынесены ў 2025 годзе. Абвінавачаным пагражае да 10 гадоў турмы і штрафы да аднаго мільёна эўра, а таксама пазбаўленьне грамадзянскіх правоў на пяць гадоў.

Марын Лё Пэн была лідэркай «Нацыянальнага аб’яднаньня» з 2011 па 2021 год. Яна тройчы кандыдавала на пасаду прэзыдэнта Францыі. У 2022 і 2017 гадах яна саступала Эманюэлю Макрону ў другім туры, у 2012 годзе заняла трэцяе месца ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG