Здавалася б, «даў Бог дзіця, дасьць і на дзіця» — гэта прыказка, якая цяпер можа ўспрымацца выключна іранічна. Дзяржава ж, калі яна зацікаўленая ў тым, каб жанчыны больш нараджалі, мусіць прапаноўваць рэальныя спосабы зацікавіць у гэтым патэнцыйных маці. Фактычна, роля дзяржавы цяпер — выступіць своеасаблівым мэнэджарам па продажах і прадаць жанчынам мацярынства — цяжкую працу без выходных і магчымасьці сысьці, але зь бясконцай адказнасьцю і рызыкамі страціць здароўе.
Але ў Беларусі чынавенства традыцыйна застаецца адарваным ад рэальнасьці і паводзіць сябе так, быццам сьвет проста абавязаны падладжвацца пад яго жаданьні. А калі рэальнасьць не адпавядае яго чаканьням, гэта быццам бы праблемы рэальнасьці. І калі чыноўніцы і чыноўнікі хочуць, каб жанчыны нараджалі, жанчыны павінны гэта рабіць, нягледзячы ні на што.
Праўда, з такім падыходам дэмаграфічныя пляны так званых уладаў у выніку ня маюць нічога агульнага з тым, што адбываецца ў краіне. Бо калі моладзь кажа старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай, што жанчын трэба фінансава зацікавіць нараджаць, а яна адказвае, што матэрыяльнае пытаньне неістотнае і дзеці проста павінны быць жаданымі, мы быццам бы бачым, як сутыкаюцца два паралельныя сусьветы. Адзін адкрыта кажа, што мацярынства суправаджаецца вялікімі стратамі, а другі па старой звычцы гатовы толькі маніпуляваць і ціснуць на пачуцьцё віны ў жанчын, замест таго каб ім (нам) дапамагчы.
Такі падыход, дарэчы, практыкуюць ня толькі ў тэме мацярынства, але і ў тэме прафэсій, якія лічацца «сьвятымі». І распаўсюджаны ён ня толькі сярод чыноўнікаў і чыноўніц, але і ў грамадзтве ўвогуле. Падняць мэдыкам заробкі? Не, ня трэба, хай у сфэру проста ідуць тыя, для каго гэта «пакліканьне». Настаўніцам таксама няма чаго плаціць болей — яны робяць такую важную для грамадзтва справу, і гэта нагода расказваць пра іх сьвятасьць, але не падстава годна аплачваць іх працу.
«Мастак мусіць быць галодны», «сапраўднаму доктару галоўнае — ратаваць жыцьці», — гэтымі і іншымі выразамі часта апраўдваюць тое, што на нейкія сфэры дзяржава не вылучае дастаткова грошай. І з мацярынствам тая ж самая гісторыя.
Замест таго каб прызнаць, што мацярынства — гэта цяжкая праца, якая, між іншым, забясьпечвае існаваньне грамадзтва, само грамадзтва робіць стаўку на іншае. Яно ўгаворвае жанчын, што мацярынства — гэта тое, чаго яны (мы) абавязаны жадаць, калі яны (мы) сапраўды жанчыны. А калі гэта так трэба нам самім, дык чаго нам яшчэ і плаціць? Калі дзеці патрэбныя нам самім, дык яны — нашая праблема і нашая зона адказнасьці.
А грамадзтва, так ужо й быць, возьме на сябе функцыю кантролю і пры любой зручнай магчымасьці раскажа нам, што мы ўсё робім ня так.
І ўсё ж цікава, што тая ж Качанава не адчувае: голас моладзі ў гэтым пытаньні — гэта голас новай рэальнасьці. Мацярынства сёньня куды часьцей становіцца заплянаваным, шмат хто яго адкладае на «лепшыя часы», і безь дзяцей шмат якія пары жывуць не празь немагчымасьць зачаць, а сьвядома абіраюць такі фармат сям’і. У тэорыі частка зь іх, вядома ж, хоча дзяцей, але адмаўляецца ад іх акурат празь фінансавую нестабільнасьць. Акурат у гэтых людзей рэпрадуктыўная стратэгія была б зусім іншая пры іншым дзяржаўным падыходзе.
Бо грошы — сюрпрыз — не адбіваюць жаданьня нараджаць дзяцей.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.