Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнку адхіляць, толькі калі ён будзе ў коме». Палітоляг пра схемы пераходу ўлады


Каляж, зьлева направа: Аляксандар Лукашэнка, Віктар Лукашэнка, Натальля Качанава, Раман Галоўчанка
Каляж, зьлева направа: Аляксандар Лукашэнка, Віктар Лукашэнка, Натальля Качанава, Раман Галоўчанка

Калі раптам Аляксандар Лукашэнка памрэ, ягоныя абавязкі мае выконваць старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, да новых выбараў. А калі Лукашэнку заб’юць, дык у Беларусі маюць абвясьціць надзвычайнае альбо ваеннае становішча на нявызначаны час, і тая ж Качанава будзе кіраваць паседжаньнямі Савету бясьпекі. Пра тое, як пабудаваная сыстэма пераходу ўлады ў Беларусі і да чаго гэта можа прывесьці, разважае доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Выбраныя тэзісы з гутаркі:

  • Ня так важна, што напісана ў Канстытуцыі, бо незразумела, як гэта будзе працаваць на практыцы, калі раптам Качанава атрымае магчымасьць кіраваць дзяржавай 30–70 дзён, да наступных выбараў. Незразумела, як будуць вызначацца кандыдаты і фармавацца выбарчыя камісіі.
  • Яшчэ больш незразумела, як будуць сябе паводзіць людзі з Савету бясьпекі, які мае прымаць рашэньні большасьцю. Цяпер гэтыя людзі падпарадкаваныя, яны выканаўцы. Гэта чорная скрыня для ўсіх — як яны сябе будуць паводзіць, калі давядзецца прымаць рашэньні самастойна.
  • Тое, што ў выпадку сьмерці Лукашэнкі ягоныя паўнамоцтвы цяпер пераходзяць не да прэм’ер-міністра, а да старшыні Савету Рэспублікі, хутчэй за ўсё, выклікана асабістымі фактарамі — магчыма, Лукашэнка больш давярае Качанавай, чым прэм’ер-міністру Галоўчанку.
  • Працэдура перадачы ўлады мусіць мець нейкую палітычную аснову. Але старшыня Савету Рэспублікі ня мае рэальных паўнамоцтваў, каб уплываць на выканаўчую ўладу, на сілавыя структуры, на ўрад, на ніжэйшую палату Нацыянальнага сходу.
  • Беларусь — не краіна, дзе Канстытуцыя выконваецца. Незразумела, якія мэханізмы будуць гарантаваць захаваньне ўлады ў старшыні Савету Рэспублікі, калі, скажам, прэм’ер-міністар вырашыць гуляць ва ўласную гульню і будзе мець падтрымку Масквы.
  • Ня трэба мець ілюзій — калі раптам Лукашэнка зьнікне, Расея будзе мець вядучую ролю ў вызначэньні таго, хто будзе наступным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Калі Лукашэнка моцна хварэе, дык паводле новай Канстытуцыі яго тэарэтычна можна адхіліць ад улады дзьвюма трацінамі абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу. Але пытаньне, хто зможа ўзяць на сябе адказнасьць паставіць такое на галасаваньне. Такое магчыма, толькі калі Лукашэнка будзе знаходзіцца ў коме ці нейкай іншай падобнай сытуацыі.
  • У такой сытуацыі таксама не абыдзецца без Расеі. Калі будзе імпульс з імпэрскага цэнтру, тады гэты мэханізм закруціцца.
  • Калі Расея радыкальна аслабне, нават у цяперашняга кіраўніцтва пасьля Лукашэнкі будзе прастора для манэўру і новыя стымулы нешта вырашаць. Бо ў гэтым сцэнары перастане працаваць уся дзяржаўная эканамічная мадэль, пабудаваная на падтрымцы, прэфэрэнцыях і крэдытах з боку Расеі. Давядзецца ісьці на кампрамісы і з Захадам, і з палітычнымі апанэнтамі.
  • Ведаць цяпер рэальны стан здароўя Лукашэнкі важна для ўсіх, каб зразумець, што чакае краіну, да чаго трэба рыхтавацца і якія ёсьць рызыкі. Бо ў беларускай палітычнай сыстэме так шмат залежыць ад аднаго чалавека. Але для такіх аўтарытарных сыстэмаў стан здароўя лідэра — гэта фактычна дзяржаўная таямніца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG