23,5% жыхароў Беларусі цяпер старэйшыя за працаздольны ўзрост, то бок пэнсіянэры. Гэта 2,1 мільёна чалавек. Гэтая лічба за 10 гадоў (з 2013-га) не зьмянілася, хоць пэнсійны ўзрост за гэты час павысіўся. Цяпер на пэнсію беларускія жанчыны выходзяць у 58 гадоў, мужчыны — у 63. 10 гадоў таму мужчыны ішлі на пэнсію ў 60 гадоў, а жанчыны ў 55.
Чыноўнікі прагназуюць, што праз 7 гадоў кожны пяты жыхар Беларусі будзе старэйшым за 65 гадоў.
Нараджальнасьць пры гэтым у Беларусі зьніжаецца, пачынаючы з 1993 году. У 2016-м сытуацыя з нараджальнасьцю была найлепшай за часы незалежнасьці. Тады на адну жанчыну прыпадала 1,73 дзіцяці, цяпер 1,38.
На пачатак студзеня гэтага году 17,8% жыхароў Беларусі былі малодшымі за працаздольны ўзрост. 58,7% — людзі працаздольнага ўзросту.
«Гэта павялічвае нагрузку на бюджэт»
Павялічэньне колькасьці людзей пэнсійнага ўзросту ўплывае на рынак працы і стварае нагрузку на бюджэт, кажа старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.
«Калі работнікаў становіцца менш, а пэнсіянэраў больш, узьнікае пытаньне, дзе браць грошы. Грошай становіцца менш у фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва, і іх трэба браць зь бюджэту ці павялічваць дзяржаўны доўг. Гэта ў любым выпадку павелічэньне бюджэтнай нагрузкі. Таксама, калі павялічваецца колькасьць пэнсіянэраў і яны ня ўцягнутыя ў рынак працы, то тады недастаткова работнікаў на рынку працы. Ужо сёньня гэта становіцца праблемай», — кажа экспэртка.
Апошнія тры гады ў Беларусі больш звальняюць супрацоўнікаў, чым бяруць на працу. Калі «працоўных рэсурсаў становіцца менш, менш магчымасьцяў для эканамічнага разьвіцьця».
Як зьмяніць сытуацыю
На думку Анастасіі Лузгіной, каб зьмяніць сытуацыю са старэньнем насельніцтва, недастаткова толькі фінансавых выплат за нараджэньне дзіцяці.
«Сёньня жанчыны хочуць быць актыўнымі ў эканамічным пляне, для гэтага трэба ствараць умовы: дзіцячыя садкі, іншыя ўстановы, дзе дзіця можна пакінуць. А дзяржава робіць усё наадварот: закрывае дзіцячыя садкі. А жанчыны хочуць працягваць працаваць. Нараджальнасьць павышаецца, калі стабільная эканамічная і палітычная сытуацыя. Калі людзі ня ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, яны ня будуць сьпяшацца заводзіць нават першае дзіця», — мяркуе экспэртка.
Вайна, эканамічныя цяжкасьці, рэпрэсіі — усё гэта не спрыяе пазытыўнай ацэнцы сьвету, таму людзі не сьпяшаюцца заводзіць дзяцей, дадае Анастасія Лузгіна.
У Беларусі пры нараджэньні першага дзіцяці выплачваецца дапамога ў памеры 10 базавых велічыняў, на сёньня гэта 3521 рубель 30 капеек. Пры нараджэньні другога і наступных дзяцей 4929 рублёў 82 капейкі. Аднак сямейны капітал — выплата ў 29950 рублёў — прызначаецца толькі пры нараджэньні ці ўсынаўленьні трэцяга дзіцяці.
«Магчыма, гэтую практыку варта пераглядаць, бо ў іншых краінах сямейны капітал выплачваецца нават за першае дзіця. Калі ёсьць праблемы з нараджальнасьцю, то фінансава стымуляваць нараджэньне дзяцей трэба зь першага ці хаця б з другога дзіцяці», — гаворыць Анастасія Лузгіна.
З другога боку, людзей пэнсійнага ўзросту трэба зацікаўліваць, каб яны працягвалі працаваць. Тады будзе менш праблем на рынку працы, дадае экспэртка.