Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: з пачатку вайны ва Ўкраіне Расея на акупаваных тэрыторыях без суду пакарала сьмерцю больш за 70 мірных жыхароў


Пахаваньне мірнага жыхара Ўкраіны. Марыюпаль. 19 красавіка 2022
Пахаваньне мірнага жыхара Ўкраіны. Марыюпаль. 19 красавіка 2022

Паводле зьвестак аўтараў даклада ААН, размова ідзе пра 72 мужчын і пяць жанчын.

З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну расейскія вайскоўцы зьдзейсьнілі пазасудовыя пакараньні больш за 70 мірных жыхароў, якія ўтрымліваліся пад вартай на акупаваных тэрыторыях Украіны. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе ААН.

Па стане з 24 лютага 2022 года па 23 траўня 2023 года маніторынгавай місіі ААН удалося пацьвердзіць адвольныя затрыманьні больш як 800 чалавек:

«Мы задакумэнтавалі пакараньні ў агулам 77 мірных жыхароў, якія былі адвольна затрыманыя Расеяй», — заявіла на брыфінгу кіраўніца Місіі ААН у правах чалавека ва Ўкраіне Матыльда Богнэр.

Паводле зьвестак аўтараў даклада, ідзецца пра 72 мужчын і пяць жанчын. Паводле справаздачы, сама меней яшчэ адзін затрыманы расейскімі вайскоўцамі памёр «ад катаваньняў, негуманных умоў утрыманьня і/ці адмовы ў неабходнай мэдыцынскай дапамозе».

У дакладзе таксама гаворыцца, што і Ўкраіна парушала міжнароднае права, адвольна затрымліваючы цывільных асоб, але ў значна меншых маштабах. У сакавіку 2023 году Маніторынгавая місія правоў чалавека ААН паведаміла, што па стане на 31 студзеня зафіксавала ва Ўкраіне 133 ахвяры сэксуальнага гвалту.

Сярод ахвяраў сэксуалізаванага гвалту, як удакладніла Матыльда Богнэр, 85 мужчын, 45 жанчын і тры дзяўчынкі. 109 выяўленых выпадкаў гвалту «верагодна, былі зьдзейсьнены вайскоўцамі, праваахоўнымі органамі і пэрсаналам пэнітэнцыярных устаноў Расеі», адзначыла кіраўніца Маніторынгавай місіі. Пры гэтым 24 выпадкі гвалту маглі адбыцца па віне ўкраінскага боку. Богнэр таксама падкрэсьліла, што гвалт часта адбываўся падчас утрыманьня пад вартай цывільных ці ваеннапалонных, а таксама ў раёнах, якія знаходзяцца пад расейскай акупацыяй.

Раней незалежная міжнародная камісія ААН па расьследаваньні парушэньняў ва Ўкраіне задакумэнтавала выпадкі пакараньняў сьмерцю, незаконнага ўтрыманьня пад вартай, катаваньняў, жорсткага абыходжаньня, згвалтаваньня і іншых формаў сэксуальнага гвалту, учыненых у часова акупаваных раёнах чатырох абласьцей: Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Сумскай.

У сьнежні 2022 года Генпракуратура Ўкраіны ўстанавіла 154 факты сэксуальнага гвалту над украінцамі з боку вайскоўцаў Расеі. Злачынствы сэксуальнага характару былі зьдзейсьнены на ўкраінскіх тэрыторыях, акупаваных расейскімі войскамі.

У ліпені мінулага года спецпрадстаўніца ААН у пытаньнях сэксуальнага гвалту ва ўмовах канфлікту Праміла Патэн паведаміла пра 124 зафіксаваныя выпадкі сэксуальнага гвалту ва Ўкраіне. Паводле яе, наяўныя дадзеныя — толькі верхавіна айсбэрга і не адлюстроўваюць маштабаў сэксуальнага гвалту ва ўмовах вайны Расеі супраць Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG