Па стане на 31 студзеня 2023 году ва Ўкраіне зафіксаваныя 133 ахвяры сэксуалізаванага гвалту, гаворыцца ў дакладзе кіраўніка Маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека Матыльды Богнэр.
Сярод ахвяраў гвалту, як удакладніла Богнэр, 85 мужчын, 45 жанчын і тры дзяўчынкі. 109 выяўленых выпадкаў гвалту, «верагодна, былі зьдзейсьненыя вайскоўцамі, праваахоўнымі органамі і пэрсаналам пэнітэнцыярных установаў РФ», адзначыла кіраўніца Маніторынгавай місіі. Пры гэтым 24 выпадкі гвалту маглі адбыцца па віне ўкраінскага боку.
У дакладзе адзначаецца, што гвалт часта адбываўся падчас утрыманьня пад вартай цывільных асобаў ці ваеннапалонных, а таксама ў раёнах, якія знаходзяцца пад расейскай акупацыяй.
- Раней незалежная міжнародная камісія ААН па расьсьледаваньні парушэньняў ва Ўкраіне задакумэнтавала выпадкі пакараньняў сьмерцю, незаконнага ўтрыманьня пад вартай, катаваньняў, жорсткага абыходжаньня, згвалтаваньня і іншых формаў сэксуальнага гвалту, учыненых у акупаваных раёнах чатырох абласьцей: Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Сумскай.
- У сьнежні 2022 году Генпракуратура Ўкраіны ўстанавіла 154 факты сэксуальнага гвалту над украінцамі з боку вайскоўцаў РФ. Злачынствы сэксуальнага характару былі зьдзейсьненыя на ўкраінскіх тэрыторыях, акупаваных расейскімі войскамі.
- У ліпені 2022 году спэцпрадстаўнік ААН па пытаньнях сэксуальнага гвалту ва ўмовах канфлікту Праміла Патэн паведаміла пра 124 зафіксаваныя выпадкі сэксуальнага гвалту ва Ўкраіне. Паводле яе, наяўныя дадзеныя — толькі вярхушка айсбэрга і не адлюстроўваюць маштабаў сэксуальнага гвалту ва ўмовах вайны Расеі супраць Украіны.