Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вечных межаў не бывае, але...» Чым скончацца для Пуціна ягоныя тэрытарыяльныя заваёвы ва Ўкраіне


Ілюстрацыйны каляж. Пуцін, Брандт, Сталін, Брэжнеў.
Ілюстрацыйны каляж. Пуцін, Брандт, Сталін, Брэжнеў.

Імкненьне «падправіць» дзяржаўныя межы, перакроіць іх на свой капыл, «аднавіць гістарычную справядлівасьць», «вызваліць» суайчыньнікаў, якія «стогнуць пад іншаземным панаваньнем» — самы кароткі шлях да вайны.

Пра гэта сьведчаць і падзеі верасьня 1939-га, і цяперашняя захопніцкая вайна, якую вядзе Расея супраць Украіны.

Сьцісла:

  • Досьвед ХХ стагодзьдзя паказаў: кожны раз, паспрабаваўшы выправіць «несправядлівыя» межы, разбурыўшы дзеля гэтага многія краіны, панёсшы калясальныя людзкія страты, агаломшаныя эўрапейскія лідэры, нібы працьверазеўшы, разумелі, што ўсталяваныя коштам такіх калясальных ахвяраў новыя межы мала чым лепшыя за папярэднія.
  • Заваёвы і тэрытарыяльныя здабыткі адных краін, як правіла, грунтуюцца на стратах і прыніжэньні другіх. Міне некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля вайны, загояцца былыя раны, народзяцца новыя пакаленьні — і старыя крыўды зноў могуць ажыць і прывесьці да новай вайны.
  • Вырвацца з зачараванага кола шматлікіх тэрытарыяльных прэтэнзій можна толькі адным спосабам — не чапаць тых межаў, якія гістарычна склаліся на гэты момант, не спрабаваць іх выправіць узброеным шляхам. Прызнаць той просты факт, што накрэсьліць іх ідэальна (так, каб цалкам запанавала справядлівасьць і не было ніводнага пакрыўджанага) немагчыма ў прынцыпе.
  • У якасьці трафэю Масква, хутчэй за ўсё, атрымае ад Украіны некалькі дзясяткаў (ці соцень) тысяч квадратных кілямэтраў захопленых тэрыторый — абязьлюдзелых, зьдзічэлых, са зьнішчанымі паселішчамі, нашпігаваных мінамі ды іншай выбухоўкай, якія на працягу многіх наступных дзесяцігодзьдзяў будуць рабіць гэту зямлю малапрыдатнай для жыцьця і гаспадараньня.

17 верасьня 1939 году — дата, у якой надта шмат супярэчнасьцяў, недаказанасьцяў і замоўчваньняў, каб быць безумоўнай падставай для ўсеагульных урачыстасьцяў і сьвяткаваньняў.

Беларуская крыўда

«Вызваленчы паход», «адзінства», «узьяднаньне» — гэта былі прыгожыя словы для прапаганды, для абгрунтаваньня агрэсіі супраць незалежнай дзяржавы зь міжнародна прызнанымі межамі. Насамрэч над датай 17 верасьня 1939 году, як і над мапай тагачаснай Эўропы, навісаюць постаці Сталіна і Гітлера, Молатава і Рыбэнтропа, якія тры тыдні перад тым, дзелячы між сабой Усходнюю Эўропу, на многія гады наперад перадвызначылі лёс ня толькі беларусаў, але і палякаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў — многіх народаў і дзяржаў на кантынэнце.

Паштоўка-карыкатура Рыскага міру ў 1921 годзе
Паштоўка-карыкатура Рыскага міру ў 1921 годзе

Так, беларусы на той момант былі разьдзеленай нацыяй. Як вядома, Беларусь стала ахвярай Рыскай мірнай дамовы 1921 году. Разразаючы краіну надвое і дзелячы між сабой, ні Масква, ні Варшава думкі саміх беларусаў на гэты конт тады не пыталі (нават за стол перамоваў у Рызе не пасадзілі, адрозна ад прадстаўнікоў украінскай дэлегацыі). У верасьні 1939-га, здавалася, пачалося аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці. Але якім коштам і зь якім вынікам?

Міністар замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў падпісаў Пакт аб ненападзе паміж Нямеччынай і СССР (Пакт Молатава-Рыбентропа). Іосіф Сталін на цырымоніі падпісаньня ў Маскве 28 верасьня 1939 года
Міністар замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў падпісаў Пакт аб ненападзе паміж Нямеччынай і СССР (Пакт Молатава-Рыбентропа). Іосіф Сталін на цырымоніі падпісаньня ў Маскве 28 верасьня 1939 года

Так, беларусы ў выніку зьбегу многіх драматычных абставінаў і акалічнасьцяў нібыта ўзьядналіся: зьнікла мяжа, якая дзяліла Беларусь ад Дзьвіны да Прыпяці. Многімі тады гэта ўспрымалася як сьвята: шмат у якіх мясьцінах Заходняй Беларусі Чырвоную армію на першым часе сустракалі кветкамі. Гэта былі пераважна тыя тысячы і тысячы неабыякавых беларусаў, якія ў міжваеннай Польшчы ў рамках разнастайных палітычных партый і грамадзкіх суполак (і легальных, а ў многіх выпадках і падпольных) змагаліся за свае нацыянальныя інтарэсы, марылі пра ўзьяднаньне, пра беларускія школы для сваіх дзяцей, пра жыцьцё ў адзінай беларускай рэспубліцы. У верасьні 1939-га ім здалося, што мара збываецца.

Нямецкія і савецкія афіцэры ў Берасьці, 22 верасьня 1939
Нямецкія і савецкія афіцэры ў Берасьці, 22 верасьня 1939

Але вельмі хутка для большасьці іх надышло горкае расчараваньне. Усьлед за «вызваліцелямі» ішлі карныя атрады НКВД. Пад нож палітычных рэпрэсій траплялі найперш грамадзка актыўныя. І ў многіх выпадках — менавіта тыя, хто змагаўся за ўзьяднаньне з БССР. Прыналежнасьць да клясава блізкай КПЗБ альбо «камсамолу Заходняй Беларусі» зусім не ратавала, хутчэй наадварот. Былыя кампартыйныя актывісты і падпольшчыкі з таўром «польскіх шпіёнаў» і «дывэрсантаў» тысячамі траплялі ў ГУЛАГ. Зразумела, ня толькі яны. Пад арышты і ссылкі падпалі дзясяткі тысяч іншых нявінных людзей — толькі за тое, што мелі ва ўласнасьці болей, чым іншыя, нейкай маёмасьці ці зямлі, што працавалі настаўнікамі, чыноўнікамі, лекарамі, лясьнікамі.... Масавых высылак за два гады пасьля «вызваленьня», да фашысцкага ўварваньня ў 1941-м, Заходняя Беларусь перажыла ажно чатыры.

У грамадзкім жыцьці, адукацыі, культуры «ўзьяднанай» Заходняй Беларусі замест палянізацыі стала панаваць татальная русыфікацыя.

А ў беларусаў не спыталі

А што сталася зь межамі? Ці сапраўды Масква тады, у 1939-м і наступных гадах, дбала пра тое, каб беларусы «ўзьядналіся» на адзінай этнаграфічнай тэрыторыі? На першым часе, у верасьні 1939-га, выглядала, што ў межах БССР сапраўды будуць сабраныя амаль усе землі, населеныя беларусамі. Да перадачы ў склад БССР рыхтавалася Вільня разам зь Віленскім краем (ужо была створана адміністрацыя Віленскай вобласьці, сфармаваная і прысланая пераважна зь Менску). У межы БССР увайшла Беластоцкая вобласьць (менавіта ў Беластоку адбыўся аб’яднаўчы сход у кастрычніку 1939-га). Але што адбылося пазьней?

Беласток у 1939
Беласток у 1939

Вільню і прылеглыя раёны, населеныя пераважна беларусамі, Масква ў кастрычніку 1939-га перадае Літве. (Лёс незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі на той час быў ужо перадвызначаны: Крэмль сваім шчодрым падарункам проста імкнуўся крыху падсаладзіць літоўцам горкую пілюлю, якая іх чакала ў блізкай будучыні).

Нядоўга заставалася беларускай і Беласточчына: у верасьні 1944-га, неўзабаве пасьля вызваленьня ад нямецкай акупацыі, Масква проста забрала яе ў Беларусі перадала Польшчы. Тэрыторыя БССР у выніку скарацілася на некалькі дзясяткаў тысяч квадратных кілямэтраў, сотні тысяч беларусаў апынуліся за мяжой. Але ў беларускага насельніцтва і кіраўніцтва тагачаснай Беларускай ССР Масква ні пра што нават не пыталася: проста паставіла перад фактам. Лёгіка Крамля зразумелая: Польшча з колішняга зацятага ворага трапляла ў зону савецкага ўплыву, рабілася сатэлітам Масквы. Новыя геапалітычныя рэаліі вымагалі адпаведных дружалюбных крокаў насустрач Варшаве.

Газэта «Віленская праўда», 1939
Газэта «Віленская праўда», 1939

Як усё гэта ўпісваецца ў канцэпцыю «ўзьяднаньня», «вызваленчага паходу», «аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці»? Ды ніяк. Падчас цяперашніх афіцыйных сьвяткаваньняў пра гэтыя факты стараюцца ня згадваць. Што ж тут сьвяткаваць, калі БССР стала адзінай сярод пераможцаў у Другой сусьветнай вайне, хто ў параўнаньні з даваенным часам не прырасьціў, а страціў частку сваёй тэрыторыі?

Строга кажучы, гэта былі не беларускія межы, а межы СССР. І не беларускія заваёвы, а заваёвы сталінскай імпэрыі, якая дамагалася пашырэньня свайго ўплыву ў Эўропе і сьвеце. Перамога ў вайне адкрывала для гэтага новыя шырокія магчымасьці. Позірк крамлёўскіх гаспадароў быў скіраваны далёка на Захад, на берагі Эльбы і Вэлтавы — туды, куды пасунулася новая лінія падзелу паміж свабодным Захадам і камуністычным Усходам. Што ім было да крыўдаў ці прыніжэньняў беларусаў? Межы БССР, як і любой іншай саюзнай рэспублікі, разглядаліся выключна як унутраныя адміністрацыйныя лініі, якія ў залежнасьці ад палітычнай мэтазгоднасьці Масква лёгка пасоўвала ў той ці другі бок, не асабліва цікавячыся меркаваньнем тубыльцаў. А самі тубыльцы паўплываць на гэта ніяк не маглі і вымушаныя былі моўчкі пагаджаца з усім, што рабіла Масква.

Ілюзія велічы

Ці становяцца народы больш шчасьлівымі, заможнымі і бясьпечнымі ад таго, што гісторыя на нейкім этапе ўсьміхнулася ім, пашырыўшы межы іх Айчыны за кошт тэрыторыі суседзяў? Сумнеўна. Пераможаная Нямеччына, ад якой у выніку вайны адрэзалі вялізныя абшары на ўсходзе, стала заможнай дэмакратычнай краінай з высокім жыцьцёвым узроўнем насельніцтва. А пераможца-СССР, атрымаўшы сотні тысяч квадратных кілямэтраў новых тэрыторый, заняпаў і разваліўся.

Вялікі перадзел межаў 1939–1945 гадоў, як вядома, быў у канчатковым выніку ня надта спрыяльным для БССР. А вось для савецкай Украіны — наадварот, вонкава надзвычай пасьпяховым і ўдалым. УССР у тыя гады атрымала дзякуючы намаганьням Масквы нямала новых земляў: Валынь і Прыкарпацьце разам зь Львовам ад Польшчы, Закарпацьце з Ужгарадам — ад Чэхаславаччыны, Паўночную Букавіну з Чарнаўцамі і паўднёвую Бесарабію — ад Румыніі. Апошні тэрытарыяльны падарунак Украіне дастаўся пазьней ад Хрушчова — Крымскі паўвостраў быў перададзены са складу РСФСР у 1954 годзе.

Чаму гэтыя тэрытарыяльныя набыткі сталі магчымымі? Не ў апошнюю чаргу, відавочна, таму, што, адрозна ад Беларусі, Украіна мела ўплывовае лобі ў Крамлі, у Палітбюро. Украінскія карані мелі многія члены палітбюро, у тым ліку кіраўнікі СССР Хрушчоў і Брэжнеў. За ўкраінскія інтарэсы было каму замовіць слоўца.

Пуцін выступае са зваротам перад пачаткам поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Масква, 21 лютага 2022
Пуцін выступае са зваротам перад пачаткам поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Масква, 21 лютага 2022

Адметна, што ўсе гэтыя (і ня толькі гэтыя) тэрытарыяльныя прырашчэньні, атрыманыя з часу распаду Расейскай імпэрыі і ўтварэньня СССР, скрупулёзна, па-бухгальтарску прыпомніў і пералічыў Пуцін у сваім памятным тэлезвароце 21 лютага 2022 году, абгрунтоўваючы расейскае ўварваньне, якое адбылося неўзабаве:

«Навошта было з барскага пляча задавольваць любыя бязьмежныя нацыяналістычныя амбіцыі, якія расьлі, на ўскраінах былой імпэрыі, перадаваць у нанава ўтвораныя, прычым часта адвольна сфармаваныя адміністрацыйныя адзінкі вялізныя тэрыторыі, якія часта ня мелі да іх увогуле ніякіх адносін, разам з насельніцтвам гістарычнай Расеі?».

Вайна, распачатая Пуціным супраць Украіны ў 2014 годзе — гэта вайна ў значнай ступені за перадзел межаў, за аднаўленьне «гістарычнай справядлівасьці» ў тым выглядзе, у якім яе разумее Пуцін. У гэтым сэнсе яна мала адрозьніваецца ад іншых імпэрыялістычных войнаў, якія вялі краіны і народы ў мінулым стагодзьдзі. Прычым, што адметна, кожны раз, удосталь наваяваўшыся, разбурыўшы паўкантынэнту, панёсшы калясальныя людзкія страты, агаломшаныя лідэры, нібы працьверазеўшы, разумелі, што коштам такіх ахвяраў усталяваныя новыя межы мала чым лепшыя за папярэднія. Заваёвы і здабыткі адных грунтуюцца на стратах і прыніжэньні другіх. Міне некалькі дзесяцігодзьдзяў, загояцца былыя раны, народзяцца новыя пакаленьні — і старыя крыўды зноў могуць ажыць і прывесьці да новай вайны.

Калёна расейскага войска, зьнішчаная ў Курскай вобласьці Расеі. 9 жніўня 2024
Калёна расейскага войска, зьнішчаная ў Курскай вобласьці Расеі. 9 жніўня 2024

Вырвацца з гэтага зачараванага кола можна толькі адным спосабам — не чапаць тыя межы, якія склаліся на гэты момант. Прызнаць той просты факт, што накрэсьліць іх ідэальна (так, каб цалкам запанавала справядлівасьць і не было ніводнага пакрыўджанага) немагчыма ў прынцыпе. А таму лепш і не спрабаваць.

Як ні дзіўна, з гэтай простай ісьцінай праз трыццаць гадоў пасьля Другой сусьветнай вайны пагадзіліся ўсе, хто ў той вайне ўдзельнічаў і хто ад яе пацярпеў — 33 краіны Эўропы ўключна з Савецкім Саюзам, а таксама ЗША і Канада, кіраўнікі якіх сустрэліся ў ліпені-жніўні 1975 году ў Хэльсынкі і дамовіліся пра тое, што пасьляваенныя межы павінны стаць непарушнымі.

Хэльсынкі-1975

Кажуць, Брэжнеў у адной з прыватных размоў на пачатку 1975 году сказаў: «Калі атрымаецца з „Хэльсынкі“, тады і паміраць можна». І Брэжнеў, і многія іншыя лідэры тагачаснага сьвету, якія ў маладосьці перажылі жахі Другой сусьветнай, новай вайны яўна не хацелі. І пры гэтым добра ўсьведамлялі, з чаго такая вайна можа пачацца: са спробы чарговы раз перагледзець межы.

Пра непарушнасьць пасьляваенных межаў Леанід Ільіч спрабаваў дамовіцца з Захадам яшчэ на пачатку 70-х. Заходняя Нямеччына на той час не прызнавала Патсдамскіх пагадненьняў 1945 году, паводле якіх былі вызначаныя пасьляваенныя межы і Нямеччыны, і Польшчы, і Савецкага Саюзу. Фактычна Бон не прызнаваў і наяўнасьці ГДР, і нават далучэньня Усходняй Прусіі і Клайпеды да СССР.

У траўні 1973 году адбыўся візыт Брэжнева ў Заходнюю Нямеччыну, падчас якога пытаньне непарушнасьці межаў было адным з галоўных. Тагачасны фэдэральны канцлер Вілі Брант на адпаведныя пытаньні і прапановы Брэжнева адказаў ухіліста, але і прадбачліва: «Вечных межаў не бывае, але ніхто не павінен імкнуцца зьмяніць іх гвалтоўным шляхам». Урэшце адпаведныя дамовы аб прызнаньні пасьляваенных межаў зьявіліся: ФРН падпісала іх і з СССР, і з Польшчай, і з Усходняй Нямеччынай.

Леанід Брэжнеў (зьлева) падпісвае заключны пакт аб бясьпецы і супрацоўніцтве, справа Ёсіп Ціта зь Югаславіі. Хэльсынкі, 1975
Леанід Брэжнеў (зьлева) падпісвае заключны пакт аб бясьпецы і супрацоўніцтве, справа Ёсіп Ціта зь Югаславіі. Хэльсынкі, 1975

А потым быў гістарычны дзень — 1 жніўня 1975 году, падпісаньне заключнага Хэльсынскага акту, у якім замацоўваўся прынцып непарушнасьці нацыянальных межаў і тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў. Тагачасныя палітыкі не былі ідэалістамі: дзяржаўныя межы ніколі ў гісторыі не заставаліся нязьменнымі. Прапаноўвалася зусім рэалістычная формула (амаль у адпаведнасьці з выказваньнем Бранта) : «Межы ў Эўропе павінны быць стабільнымі, аднак яны могуць мяняцца ў адпаведнасьці зь міжнародным правам, мірным шляхам і па дамоўленасьці». Фактычна гэта і адбывалася зь межамі на эўрапейскім кантынэнце ў наступныя дзесяцігодзьдзі: некаторыя дзяржавы распадаліся (СССР, Чэхаславаччына, Югаславія), на іхных руінах узьнікалі новыя незалежныя краіны; іншыя аб’ядноўваліся (як Заходняя і Ўсходняя Нямеччына). Дасягненьнем было тое, што ўпершыню з часу Другой сусьветнай вайны фактычна не было спробаў зьмяніць межы шляхам вонкавай агрэсіі супраць суседніх краін. Але тут зьявіўся Пуцін...

Прывіды новых войнаў

Імкненьне «падправіць» дзяржаўныя межы, перакроіць іх на свой капыл, «аднавіць гістарычную справядлівасьць», дапамагчы суайчыньнікам, якія «стогнуць пад іншаземным панаваньнем» — самы кароткі шлях да вайны. Уся гісторыя ХХ стагодзьдзя — гэта гісторыя менавіта такіх войнаў. Дзеля гэтага мабілізоўваліся ўсе магчымыя рэсурсы, на вайну выпраўлялі мільёны людзей (значнай частцы якіх ня суджана было вярнуцца), выдаткоўваліся неймаверныя грошы, ператвараліся ў друз і пыл сотні некалі квітнеючых гарадоў.

Руіны зьнішчанага расейскай бомбай тэатра ў захопленым Расеяй Марыюпалі Данецкай вобласьці. Красавік 2022
Руіны зьнішчанага расейскай бомбай тэатра ў захопленым Расеяй Марыюпалі Данецкай вобласьці. Красавік 2022

Хто прайграў, а хто перамог у вайне, у канчатковым выніку мяркуюць па тым, як зьмяніліся дзяржаўныя межы краіны пасьля таго, як узброены канфлікт скончыцца. Напэўна, у Пуціна ў хуткім часе будуць фармальныя падставы абвесьціць сябе пераможцам: Украіне наўрад ці ўдасца выбіць расейцаў з усіх захопленых ёй тэрыторый. У якасьці трафэю Масква атрымае некалькі дзясяткаў (ці соцень) тысяч квадратных кілямэтраў чужых земляў на ўсходзе і поўдні Ўкраіны — абязьлюдзелых, зьдзічэлых, са зьнішчанымі паселішчамі, нашпігаваных мінамі ды іншай выбухоўкай, якія на працягу многіх наступных дзесяцігодзьдзяў будуць рабіць гэту зямлю малапрыдатнай для жыцьця і гаспадараньня. Але, магчыма, самае галоўнае і самае драматычнае: усталяваныя такой крывёй і такім гвалтам новыя дзяржаўныя межы рана ці позна зноў нехта захоча перадзяліць, перагледзець, зьмяніць так, каб «аднавіць гістарычную справядлівасьць». І гэта сьпіраль, як паказвае гісторыя, можа раскручвацца бясконца — пакуль зьяўляюцца на зямлі новыя гітлеры, пуціны ці лукашэнкі, для якіх галоўная каштоўнасьць — уласная гістарычная веліч і пажыцьцёвая ўлада.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG