На мітынгах кляліся зладзіць «вайну помсты», каб «зьнішчыць ЗША», і трымалі антыамэрыканскія плякаты. На адным зь іх было напісана: «ЗША знаходзяцца на адлегласьці нашага стрэлу».
Раней BBC удалося таемна пагаварыць з трыма жыхарамі Паўночнай Карэі. Усе яны паведамілі пра недахоп харчаваньня і пра выпадкі сьмерці ад голаду. Адна зь іх расказала, што чула пра людзей, якія ўчынілі суіцыд дома або пайшлі паміраць у горы, таму што больш не маглі зарабляць на жыцьцё. Пра «харчовы крызіс» згадваў і лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын.
КНДР закрыла свае межы зь першымі паведамленьнямі пра каранавірус у 2020 годзе і спыніла імпарт збожжа, угнаеньняў і тэхнікі з Кітаю. Мяжу ўмацавалі плотам, загадалі памежнікам страляць у кожнага, хто паспрабуе яе перасекчы. Гэта зрабіла немагчымым кантрабандны ўвоз ежы для яе продажу на неафіцыйных рынках, куды ходзяць большасьць паўночнакарэйцаў.
BBC зьвярнулася да ўраду Паўночнай Карэі. Там адказалі, што ўлады «заўсёды ставілі ў аснову інтарэсы народу, нават у цяжкія часы».
Пры гэтым КНДР рэгулярна праводзіць выпрабаваньні зброі. У 2022 годзе ўлады краіны правялі 63 выпрабаваньні, ацэначны кошт якіх перавышае 500 мільёнаў даляраў. Гэта больш, чым неабходна для папаўненьня штогадовага дэфіцыту збожжа ў Паўночнай Карэі, падлічыла BBC.
- Карэйская вайна 1950–53 гадоў скончылася замірэньнем, а ня мірнай дамовай. Фармальна Паўночная і Паўднёвая Карэя застаюцца ў стане вайны.
- ЗША і Паўднёвая Карэя застаюцца саюзьнікамі.
- У красавіку 2023 году ЗША і Паўднёвая Карэя, занепакоеныя ростам выпрабаваньняў паўночнакарэйскай зброі, узгаднілі плян супрацьстаяньня ядзернай пагрозе КНДР.
- Сумесныя вучэньні ЗША і Паўднёвай Карэі, а таксама пастаўкі амэрыканскай зброі Паўночная Карэя называе «адчайнымі намаганьнямі ЗША па распальваньні ядзернай вайны».