Статыстычныя дадзеныя паказваюць рэзкі рост колькасьці самагубстваў. Пра гэта «Радыё Свабодная Азія» (RFA) паведамілі ўрадавыя чыноўнікі КНДР.
Нягледзячы на тое, што RFA не змагло пацьвердзіць інфармацыю сваіх крыніцаў у КНДР, нацыянальная выведная служба Паўднёвай Карэі паведаміла ў канцы траўня, што колькасьць самагубстваў у Паўночнай Карэі вырасла прыкладна на 40% у параўнаньні зь мінулым годам.
Кім у сваім сакрэтным загадзе вызначыў самагубства як «акт здрады сацыялізму» і загадаў мясцовым уладам прыняць прэвэнтыўныя меры.
Канфідэнцыйны загад быў дадзены на экстраных сустрэчах у кожнай правінцыі, паведаміў Карэйскай службе RFA прадстаўнік паўночна-ўсходняй правінцыі Паўночны Хамгён.
Статыстыка, прадстаўленая на сустрэчы ў Паўночным Хамгёне, паказала, што сёлета ў рэгіёне было зарэгістравана 35 самагубстваў, прычым большасьць выпадкаў тычылася сумесных суіцыдаў цэлымі сем’ямі.
«Нягледзячы на палітыку перадухіленьня самазабойстваў, ратыфікаваную генэральным сакратаром, чыноўнікі не змаглі знайсьці адпаведнае рашэньне, — паведаміла RFA на ўмовах ананімнасьць крыніца з правінцыі Янгандо. — Большасьць суіцыдаў былі выкліканыя моцнай галечай і голадам, таму ніхто ня можа прыдумаць контразахады проста зараз».
На сустрэчы падрабязна апісалі некалькі шакавальных выпадкаў, па словах чыноўніка.
«У горадзе Хесан 10-гадовы хлопчык жыў са сваёй бабуляй пасьля таго, як яго бацькі памерлі ад голаду, але яны скончылі жыцьцё, зьеўшы пацучыны яд», — сказаў ён.
«Сямейнае самагубства — гэта апошні акт непадпарадкаваньня безнадзейнай сыстэме», — сказаў ён.
У загадзе Кім Чэн Ына падкрэсьлівалася, што мясцовыя чыноўнікі павінны ўзяць на сябе адказнасьць за перадухіленьне самагубстваў на кіраванай імі тэрыторыі.