З паведамленьня Мінфіна ЗША вынікае, што Ашот Мкртычаў, ураджэнец Азэрбайджану, які мае славацкае грамадзянства, парушыў санкцыі, уведзеныя Вашынгтонам супраць КНДР. Як гаворыцца ў паведамленьні, у канцы 2022 і пачатку 2023 году Мкртычаў сумесна зь нейкімі прадстаўнікамі Паўночнай Карэі вёў перамовы з расейскімі прадстаўнікамі аб пастаўках з КНДР у Расею каля 20 найменьняў узбраеньняў у абмен на пасажырскі самалёт і сыравіну.
Як сьцьвярджаецца, высокапастаўленыя расейскія прадстаўнікі выказвалі згоду заключыць зьдзелку. Таксама, як сьцьвярджаецца, Мкртычаў сумесна зь нейкім расейскім прадстаўніком займаліся пытаньнем пастаўкі самалёта ў КНДР.
Як гаворыцца ў паведамленьні, Расея з пачатку вайны ва Ўкраіне страціла ўжо каля 9 тысяч адзінак вайсковай тэхнікі і шукае цяпер магчымасьцяў папоўніць запасы. «Схемы, падобныя той, пра якую ідзе гаворка ў справе Мкртычава, паказваюць, што апошняй надзеяй Пуціна застаюцца такія пастаўшчыкі, як Іран і КНДР», — заявіла міністарка фінансаў ЗША Джанэт Элен.
Злучаныя Штаты раней сьцьвярджалі, што Пхэньян пастаўляе Расеі, у тым ліку ПВК «Вагнэр», боепрыпасы. Улады КНДР гэта адмаўлялі. Стваральнік і спонсар ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын назваў інфармацыю аб пастаўках зброі ад Паўночнай Карэі «чуткамі і спэкуляцыяй».
Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі ў чацьвер заявіў, што ў Вашынгтону ёсьць інфармацыя, што Расея вяла перамовы аб пастаўках зброі і боепрыпасаў з КНДР у абмен на пастаўкі харчаваньня.
Ашот Мкртычаў быў асуджаны ў Славаччыне судом першай інстанцыі ў 2009 годзе па абвінавачаньні ў арганізацыі замоўнага забойства. Тады славацкія СМІ называлі яго «былым гандляром зброяй». Прысуд, аднак, так і не набыў законную моц. Цяпер Мкртычаву належыць у Славаччыне адна кампанія са статутным капіталам у 5 тысяч эўра.