Паводле сацыёлягаў БАМ, выбарка рэпрэзэнтатыўная паводле полу, узросту і тыпу населенага пункту.
Майстэрня шмат гадоў задае рэспандэнтам пытаньне «У якім саюзе, на ваш погляд, было б лепш жыць народу Беларусі — у Эўрапейскім Зьвязе ці ў саюзе з Расеяй?».
Дадзеныя адказаў з сакавіка 2020 году па травень 2023 году — на наступным графіку.
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай зафіксаваны прыкметны рост долі прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй: у апошніх апытаньнях гэтая доля перавышала 50%.
Адпаведна, з сакавіка 2022 году па травень 2023 году назіралася зьніжэньне долі прыхільнікаў эўрапейскага выбару Беларусі.
Доля прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй павялічылася на 7 адсоткавых пунктаў, на столькі ж паменшала доля прыхільнікаў эўраінтэграцыі.
Дасьледчыкі БАМ адзначаюць, што ў 2018 годзе ў адказах на тое ж пытаньне выбар на карысьць РФ стабільна рабілі прыкладна 60% рэспандэнтаў (22% былі за далучэньне да ЭЗ).
У 2019 годзе падтрымка інтэграцыі з РФ на працягу году зьнізілася з 58% да 40%, пры гэтым падтрымка эўраінтэграцыі за той жа пэрыяд вырасла з 25% да 32%.
Формы адносінаў з Расеяй, якім рэспандэнты аддавалі перавагу, адлюстраваныя ў наступным графіку.
Прыкладна кожны пяты апытаны наагул супраць аб’яднаньня Беларусі з Расеяй. Але ў 4 разы меншая доля тых, хто выступае за далучэньне Беларусі да РФ у якасьці субʼекта фэдэрацыі. Гэтая доля прыхільнікаў растварэньня Беларусі ў Расеі — 5% — стабільная кожны год і не залежыць ад фармулёвак пытаньняў. 60% апытаных выказаліся за больш ці менш шчыльныя формы інтэграцыі Беларусі з Расеяй, якія, аднак, не прадугледжваюць поўнага пазбаўленьня Беларусі сувэрэнітэту.
Сацыёлягі паспрабавалі клясыфікаваць рэспандэнтаў паводле іх стаўленьня як да беларускай улады, так і да Расеі і стасункаў зь ёй, якім яны аддаюць перавагу. Вынік клясыфікацыі — у наступным графіку.
Амаль палова выбаркі — «інэртныя», астатнія дзеляцца прыкладна ў прапорцыі 3:2 на карысьць прыхільнікаў улады і Расеі.
Падчас травеньскага 2023 году апытаньня сацыёлягі БАМ высьвятлялі, каго, на думку апытаных, можна лічыць беларусам.
Найбольшую колькасьць набралі варыянты адказаў «любоў да Беларусі» і «пражываньне ў Беларусі». Аднак на трэцім месцы — адказ, які зьвязвае азначэньне з ангажаванасьцю ў беларускую культуру. Варыянт адказу «Той, хто гаворыць на беларускай мове» выбралі 3,3% апытаных.