Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбы загінулі 17 грамадзян, яшчэ 31 лічыцца зьніклымі бязь зьвестак


Расея не дапускае міжнародных гуманітарных арганізацый на захопленую частку Херсонскай вобласьці, якая цярпіць ад паводкі. Чэрвень 2023
Расея не дапускае міжнародных гуманітарных арганізацый на захопленую частку Херсонскай вобласьці, якая цярпіць ад паводкі. Чэрвень 2023

Аднак ахвяр можа быць больш.

Міністар унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка паведаміў, што ў выніку зьнішчэньня Кахоўскай дамбы ў Днепрапятроўскай вобласьці без вады застаюцца 167 тысяч грамадзян.

Паводле яго, у пацярпелыя раёны арганізаваны падвоз пітной і тэхнічнай вады.

Міністар паведаміў, што ў выніку падтапленьняў загінулі сама меней 17 грамадзян. «Зь іх 13 — ад утапленьня, яшчэ 4 атрымалі несумяшчальныя з жыцьцём раненьні ў часе эвакуацыі, 31 зьнік бязь зьвестак», — удакладніў Ігар Кліменка ў сваім тэлеграм-канале.

Улады Херсонскай вобласьці паведамілі, што ўзровень вады ў рэгіёне працягвае зьніжацца. Цяпер ён складае 80 сантымэтраў.

Усё яшчэ падтопленымі застаюцца 5 населеных пунктаў, якія знаходзяцца на падкантрольнай Украіне тэрыторыі.

Згодна з вынікамі маніторынгу, у вадзе Дняпра зафіксавалі перавышэньне жалеза ў два разы. Нафтапрадуктаў ня выявілі.

Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны працягвае заклікаць грамадзян не выкарыстоўваць у якасці пітной ваду з адкрытых крыніц.

Разбурэньне дамбы Кахоўскай ГЭС, якое адбылося 6 чэрвеня, пацягнула затапленьне значных тэрыторый ніжэй па цячэньні і абмяленьне вадасховішча вышэй. Дзясяткі населеных пунктаў затопленыя.

Калі на кантраляванай украінскімі ўладамі тэрыторыі рэгіёну эвакуацыя вядзецца пры пасярэдніцтве ратавальнікаў, паліцыі, вайскоўцаў і валянтэраў, дык на акупаваных тэрыторыях сытуацыя складаная.

У Генштабе Узброеных сіл Украіны 12 чэрвеня паведамілі, што ў затопленай Голай Прыстані Херсонскай вобласьці расейскія акупанты дазваляюць эвакуацыю грамадзян Украіны толькі пасьля «атрыманьня хабару», пры гэтым зьнішчаюць пашпарты і пасьведчаньні аб нараджэньні і іншыя дакумэнты ўкраінскага ўзору. Вайскоўцы кажуць, што мясцовых жыхароў перасяляюць у акупаваны Крым і расейскі Краснадар. Праверыць гэтыя зьвесткі зь незалежных крыніц немагчыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG