Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія Wargaming пералічыла грошы Ўкраіне на падтрымку пацярпелых ад зьнішчэньня Кахоўскай дамбы


У кампаніі Wargaming. Архіўнае фота
У кампаніі Wargaming. Архіўнае фота

«Мы з украінскім народам у самыя цяжкія часы», — адзначылі ў IT-кампаніі зь беларускімі каранямі.

Кампанія Wargaming вырашыла падтрымаць пацярпелых ад зьнішчэньня дамбы Кахоўскай ГЭС і пералічыць 4 мільёны грыўняў (больш за 100 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС) на афіцыйную плятформу Ўкраіны па зборы сродкаў United24.

«Гэтыя сродкі будуць накіраваныя на набыцьцё рыштунку і абсталяваньня для правядзеньня выратавальных работ у рэгіёне, такіх як выратавальныя шлюпкі і плыты, мотапомпы, экскаватары, бульдозэры і краны, супрацьпажарны рыштунак, вадалазныя касьцюмы, пераносныя станцыі фільтрацыі вады, сарбэнт і гэтак далей», — паведаміла кампанія на сваёй старонцы ў Instagram.

Каманда Wargaming падкрэсьліла, што захапляецца валянтэрамі і ўкраінскімі службамі, якія ратавалі людзей і жывёлаў у першыя дні катастрофы.

«Ахвяраваньнем мы хочам дапамагчы пацярпелым і дадаць фінансавыя сродкі, якія дапамогуць ліквідаваць наступствы, выкліканыя разбурэньнем электрастанцыі. Мы з украінскім народам у самыя цяжкія часы», — адзначаецца ў паведамленьні.

Кампанію Wargaming у 2011 годзе стварыў беларускі прадпрымальнік Віктар Кіслы. Да 2020 году яна мела прадстаўніцтвы ў вялікай колькасьці краін і налічвала каля 5 тысяч супрацоўнікаў.

У жніўні 2020 году, пасьля сілавога разгону акцый пратэсту, выкліканых фальсыфікацыяй вынікай прэздыдэнцкіх выбараў, кампанія заявіла аб рэалякацыі супрацоўнікаў беларускага офісу ў іншыя краіны.

У красавіку 2022 году Wargaming заявіла аб выхадзе з Расеі і Беларусі, а свой гульнявы бізнэс перадала пад кіраваньне расейскай кампаніі Lesta Studio. У кастрычніку 2022 году стала вядома, што Wargaming Sydney прадалі амэрыканскай Riot Games.

Літоўскую «дачку» кампаніі зарэгістравалі ў Літве ў лістападзе 2020-га, у красавіку 2021 году ў Вільні адкрыўся цэнтар распрацоўкі. Сёлета ў красавіку стала вядома, што колькасьць супрацоўнікаў у гэатй кампаніі перавысіла 1000.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG