Гуманітарная каардынатарка ААН ва Ўкраіне Дэніз Браўн заявіла, што Расея дагэтуль не дала арганізацыі доступу на акупаваныя ёй раёны Херсонскай вобласьці, дзе людзі цярпяць у выніку затапленьня пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбы.
«Урад Расейскай Фэдэрацыі пакуль адхіліў нашу просьбу аб доступе да раёнаў, якія знаходзяцца пад яе часовым вайсковым кантролем. ААН працягне ўдзел у пошуку неабходнага доступу. Мы заклікаем расейскія ўлады дзейнічаць адпаведна сваім абавязаньням у міжнародным гуманітарным праве. Нельга адмаўляць у дапамозе людзям, якія маюць патрэбу», — адзначыла ў заяве Дэніз Браўн.
Гуманітарная каардынатарка ААН падкрэсьліла, што арганізацыя працягне рабіць усё магчымае, каб дапамагчы людзям, якім тэрмінова патрэбна дапамога, незалежна ад месца іхнага знаходжаньня.
Міністэрства замежных спраў Украіны і прадстаўніцтва ААН ва Ўкраіне 8 чэрвеня ўзгаднілі ўзаемадзеяньне для ратаваньня грамадзян зь левабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці, якую кантралюе Расея. За дзень да гэтага, 7 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў міжнародныя арганізацыі далучыцца да ратаваньня людзей.
«Вельмі складана гарантаваць ім бясьпеку», — сказаў Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта, камэнтуючы заяву ААН аб адмове місіі допуску на затопленыя тэрыторыі Херсонскай вобласьці, якая знаходзіцца пад кантролем Расеі.
Разбурэньне дамбы Кахоўскай ГЭС, якое адбылося 6 чэрвеня, пацягнула затапленьне значных тэрыторый ніжэй па цячэньні і абмяленьне вадасховішча вышэй. Дзясяткі населеных пунктаў затопленыя.
Калі на кантраляванай украінскімі ўладамі тэрыторыі рэгіёну эвакуацыя вядзецца пры пасярэдніцтве ратавальнікаў, паліцыі, вайскоўцаў і валянтэраў, дык на акупаваных тэрыторыях сытуацыя складаная.
У Генштабе УСУ 12 чэрвеня паведамілі, што ў затопленай Голай Прыстані Херсонскай вобласьці расейскія акупанты дазваляюць эвакуацыю грамадзян Украіны толькі пасьля «атрыманьня хабару», пры гэтым зьнішчаюць пашпарты і пасьведчаньні аб нараджэньні і іншыя дакумэнты ўкраінскага ўзору. Вайскоўцы кажуць, што мясцовых жыхароў перасяляюць у акупаваны Крым і расейскі Краснадар. Праверыць гэтыя зьвесткі зь іншых крыніц немагчыма.