Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалеўскі расказаў, што абмяркоўваў з Падаляком


Міхаіл Падаляк і Валер Кавалеўскі
Міхаіл Падаляк і Валер Кавалеўскі

Як вынікае з камэнтара прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) у замежных справах Валера Кавалеўскага па выніках сустрэчы з дарадцам Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаілам Падалякам, Кіеў лічыць дэмакратычную лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую легітымным прадстаўніком Беларусі.

Палітык прызнаўся, што сустрэча ва ўкраінскай сталіцы, пра якую адкрыта заявілі 14 чэрвеня, насамрэч была ўжо чацьвёртай. «Раней мы працавалі ў закрытым фармаце, але цяпер пагадзіліся, што факт нашай размовы і яе агульны зьмест могуць быць публічнымі», — цытуе Кавалеўскага прэс-служба АПК.

«Ва ўкраінскага боку ёсьць выразнае разуменьне легітымнасьці Сьвятланы Ціханоўскай як вынік яе ўдзелу ў выбарах 2020 году і дэмакратычнай супольнасьці, якая працуе на перамены ў Беларусі. І такое ж выразнае разуменьне нелегітымнасьці [Аляксандра] Лукашэнкі», — падкрэсьліў ён.

Паводле слоў прадстаўніка АПК, дэмакратычная Беларусь «цалкам адпавядае інтарэсам Украіны», асабліва «ва ўмовах агрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі, якая пагаршаецца пагрозай разьмяшчэньня ядзернай зброі і пастаяннай вайсковай прысутнасьцю Расеі» на беларускай тэрыторыі.

«Мы сышліся на думцы, што міжнародная супольнасьць павінна займаць больш актыўную і практычную пазыцыю па пытаньні пагрозы сувэрэнітэту Беларусі ў выніку ўмяшаньня Расеі ва ўнутраныя справы нашай краіны», — адзначыў палітык.

15 чэрвеня Кавалеўскі бярэ ўдзел у круглым стале «Пагрозы страты сувэрэнітэту Беларусі з боку РФ: міжнародны аспэкт», які арганізуецца Радай зьнешняй палітыкі «Ўкраінская прызма».

У гэтыя дні прадстаўнік АПК па замежных справах наведвае Кіеў, візыт працягнецца да 16 чэрвеня.

14 чэрвеня Кавалеўскі паведаміў BPN пра аднаўленьне працы місіі дэмакратычнай Беларусі ва ўкраінскай сталіцы. Падчас візыту ён мае абмеркаваць з «экспэртамі і прадстаўнікамі дзяржорганаў» стан спраў у Беларусі, вайсковую прысутнасьць Расеі на беларускай тэрыторыі, пытаньне разьмяшчэньня ядзернай зброі, стасункі Ўкраіны і дэмакратычнай Беларусі і «што можна зрабіць для іх разьвіцьця».

У лютым 2023 году Міхаіл Падаляк, дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, заявіў, што ўкраінская ўлада ня бачыць асаблівага сэнсу ў разьвіцьці дачыненьняў зь беларускай апазыцыяй.

«Мы ня бачым сэнсу асаблівага разьвіваць гэтыя дачыненьні, таму што ня бачым уцямнай антываеннай актыўнасьці з боку апазыцыі. Што такое актыўнасьць? Гэта нейкія маштабныя маніфэстацыі, нават не ў самой Беларусі, а каля беларускіх амбасад іншых краін», — сказаў Міхайла Падаляк у інтэрвію літоўскаму выданьню Delfi.

Такім чынам дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны адказаў на пытаньне, ці ёсьць у ўкраінскай улады стратэгія ў дачыненьні да Сьвятланы Ціханоўскай і Аляксандра Лукашэнкі і чаму ніхто з прадстаўнікоў Украіны не сустракаецца зь Ціханоўскай.

«Пра сустрэчу зь Ціханоўскай, пры ўсёй павазе, — а якая вартасьць гэтай сустрэчы? Зяленскі фармуе глябальны парадак дня, але ён ня можа фармаваць лякальныя, рэгіянальныя парадкі ў кожнай краіне. Наконт беларускай апазыцыі, мне здаецца, ім сёньня трэба вызначыцца, хто ў іх сапраўды можа ўплываць на беларускае грамадзтва, і тады ўжо будзем разглядаць магчымасьць сустрэчы. Зь іншага боку, у Лукашэнкі бачым разуменьне таго, як гэтая вайна разьвіваецца. Для яго максымальна небясьпечна ў гэтай вайне браць яшчэ больш актыўны ўдзел, чым цяпер», — патлумачыў тады Міхайла Падаляк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG