Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалеўскі сустрэўся з Падаляком і заявіў, што Ўкраіна падтрымлівае Ціханоўскую


Прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінэта ў замежных справах Валер Кавалеўскі сустрэўся ў Кіеве з дарадцам кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаілам Падаляком.

«Удзячны Міхаілу Падаляку за сёньняшнюю плённую сустрэчу. Падтрымка Ўкраінай Ціханоўскай і дэмакратычных пераходных сілаў Беларусі мае ключавое значэньне для нашых намаганьняў па аднаўленьні свабоды і барацьбе зь незаконным умяшаньнем Расеі, якое падрывае незалежнасьць Беларусі», — напісаў Валер Кавалеўскі ў Twitter па выніках сустрэчы.

Валер Кавалеўскі прыбыў у сталіцу Ўкраіны зь візытам, які працягнецца да 16 чэрвеня, і заявіў пра аднаўленьне працы місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. У Кіеве ён абмяркуе «з экспэртамі і прадстаўнікамі ўкраінскіх дзяржаўных органаў стан спраў у Беларусі, вайсковую прысутнасьць Расеі на беларускай тэрыторыі, праблему разьмяшчэньня ядзернай зброі». Кавалеўскі не канкрэтызаваў, з кім менавіта правядзе перамовы, бо «праграма зараз напаўняецца».

У канцы траўня зь Міхаілам Падаляком і іншымі ўкраінскімі чыноўнікамі і палітыкамі сустрэўся таксама кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» і прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка. У камэнтары выданьню «Зеркало» ён тады расказаў, што абмеркаваў у Кіеве пытаньні стратэгіі, падрыхтаваную «НАУ» справаздачу па дэпартацыі і незаконным перасоўваньні ўкраінскіх дзяцей і датычнасьці да гэтага Лукашэнкі.

Пасьля візыту Латушкі ў Кіеў Валер Кавалеўскі заявіў, што бачыць «добрыя пасылы» з боку Зяленскага і іншых афіцыйных прадстаўнікоў Украіны. Ён адзначыў, што беларускія дэмсілы вядуць «дастаткова эфэктыўную і сталую камунікацыю» з Кіевам, і выказаў надзею на павышэньне ўзроўню палітычных адносінаў.


Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская ў сярэдзіне траўня сустрэлася з Уладзімірам Зяленскім на ўручэньні прэміі Карла Вялікага ў Нямеччыне. Прэзыдэнт Украіны прывітаў Ціханоўскую, палітыкі паціснулі рукі.

Да гэтага паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і ўкраінскімі ўладамі практычна не было заўважных кантактаў на высокім узроўні. У прыватнасьці, Кавалеўскі адзначаў, што Кіеў блякуе ўдзел Ціханоўскай у сумесных мерапрыемствах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG