Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт заклікаў NATO пачаць працэс прыняцьця Ўкраіны ў Альянс пасьля завяршэньня вайны


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю ў падтрымку Ўкраіны, у якой, сярод іншага, утрымліваецца заклік да саюзьнікаў па NATO выканаць свае абавязаньні перад Кіевам і пачаць працэс прыняцьця Ўкраіны ў Альянс пасьля завяршэньня вайны.

За дакумэнт прагаласавалі 425 дэпутатаў, супраць — 38, устрымаліся — 42. Пра гэта паведамляецца на сайце Эўрапарлямэнту.

Дэпутаты чакаюць, што «працэс уступленьня пачнецца пасьля заканчэньня вайны і будзе завершаны як мага хутчэй». ЭЗ і саюзьнікі па NATO павінны шчыльна супрацоўнічаць з Украінай, каб распрацаваць часавыя рамкі гарантый бясьпекі, якія павінны быць рэалізаваныя адразу пасьля заканчэньня вайны, гаворыцца ў дакумэнце.

У рэзалюцыі падкрэсьліваецца, што інтэграцыя Ўкраіны як у NATO, так і ў ЭЗ павысіць рэгіянальную і глябальную бясьпеку і ўмацуе сувязі паміж Украінай і эўраатлянтычнай супольнасьцю.

Акрамя таго, дэпутаты Эўрапарлямэнту асудзілі разбурэньне дамбы Кахоўскай ГЭС у Херсонскай вобласьці Ўкраіны, назваўшы тое, што адбылося, ваенным злачынствам, а таксама заклікалі прыняць адэкватны пакет мер ЭЗ па аднаўленьні Ўкраіны і пачаць сёлета перамовы аб уступленьні Кіева ў ЭЗ.

  • У канцы верасьня мінулага году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў, што Ўкраіна падае заяўку на ўступленьне ў NATO у паскораным парадку. Уступленьне Кіева ў Альянс найбольш падтрымліваюць Польшча і краіны Балтыі. Сэнат Польшчы ў траўні 2023 году прыняў рэзалюцыю аб уступленьні Украіны ў NATO, а Сэйм Літвы — рэзалюцыю, дзе прапануецца «цалкам падтрымліваць» Украіну і запрасіць яе ў NATO. Аднак супраць сяброўства Ўкраіны ў NATO адкрыта выступае, да прыкладу, Вугоршчына.
  • У Вільні 11–12 ліпеня адбудзецца саміт NATO. Асноўным пытаньнем на ім стане ўступленьне ў Альянс Украіны і гарантыі, якія NATO можа даць Кіеву ў дачыненьні да сяброўства краіны і яе абароны. Як заявіў у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт Чэхіі генэрал Пэтр Павэл, Украіна можа атрымаць гарантыі, якія будуць уяўляць сабой «нешта сярэдняе» між тым, якія гарантыі NATO раней дало Фінляндыі і Ізраілю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG