Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошні год прыбытак заходніх кампаніяў, якія засталіся ў Расеі, вырас у 1,5 раза


У 2022 годзе сотня кампаніяў зь «недружалюбных» краінаў, якія засталіся ў Расеі пасьля яе поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, павялічыла прыбытак у паўтара раза — да 1,1 трыльёна расейскіх рублёў (13 мільярдаў даляраў у эквіваленце).

Пра гэта гаворыцца ў дасьледаваньні выданьня «Новая газета Европа».

Больш за ўсіх на расейскім рынку зарабіла француская паліўная кампанія Total — 269 мільярдаў рублёў (каля 3 мільярдаў даляраў). Гэта ў два разы больш, чым годам раней. Total усё яшчэ валодае долямі ў расейскіх газавых праектах. Кампанія заяўляе, што эўрапейскія санкцыі і законы Расеі не дазваляюць знайсьці нерасейскага пакупніка на яе долі.

Самы значны рост прыбытку ў Расеі — у амэрыканскай кампаніі Mondelēz. Сярод іншага яна вырабляе кандытарскія вырабы пад маркамі Milka, Alpen Gold, Oreo. У 2022 годзе расейскі прыбытак Mondelēz павялічыўся больш як у чатыры разы. Амаль такі самы рост яшчэ ў аднаго амэрыканскага вытворцы — PepsiCo.

Больш як у тры разы павялічыў свой прыбытак у Расеі і аўстрыйскі Raiffeisen Bank — да 141 мільярда рублёў (1,7 мільярда даляраў). Ён атрымаў фінансавую перавагу пасьля таго, як расейскія банкі былі адключаныя ад сыстэмы міжнародных пераводаў SWIFT у адказ на ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. У расейскім банкаўскім сэктары прыбытак большы толькі ў «Сбера».

Па словах экспэртаў, рост прыбытку не заўсёды зьвязаны з ростам даходаў — ён можа казаць аб скарачэньні выдаткаў на інвэстыцыі ў вытворчасьць і рэкляму.

Замежным кампаніям робіцца ўсё складаней сысьці з Расеі. Цяпер яны ня могуць прадаць свой бізнэс або долю ў расейскай кампаніі без ухвалы расейскіх уладаў. Акрамя гэтага, яны павінны даць пакупніку зьніжку 50% і ўнесьці «добраахвотны ўзнос» у бюджэт Расеі — да 10% ад ацэначнага кошту бізнэсу. Пры пэўным раскладзе замежная кампанія, прадаючы свой расейскі бізнэс, можа не атрымаць за яго нічога.

У Міністэрстве фінансаў РФ прызнавалі, што правілы зрабілі больш жорсткімі адмыслова, каб зрабіць выхад з Расеі нявыгадным. Паводле падлікаў Кіеўскай школы эканомікі, пасьля пачатку вайны з расейскага рынку ўдалося сысьці толькі 7% замежных кампаніяў, 41% працягвае працаваць у ранейшым рэжыме, астатнія ўвялі розныя абмежаваньні на працу ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG