Чатыры афіцыйна зарэгістраваныя ў Беларусі палітычныя партыі не пагаджаюцца з умовамі перарэгістрацыі. З гэтай нагоды АГП, Партыя БНФ, БСДП «Грамада» і «Зялёныя» склікалі прэс-канфэрэнцыю ў Вільні.
За кратамі шэсьць апазыцыйных лідэраў
Вёў мерапрыемства былы старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які назваў цяперашні працэс «зачысткай прасторы ад палітычных партый». Лябедзька адзначыў, што асабліва важным лічыць той момант, што партыі выступілі не асобнымі заявамі, а агульнай пазыцыяй.
Таксама Лябедзька адзначыў, што на гэты момант за кратамі ў Беларусі працягваюць знаходзіцца шасьцёра кіраўнікоў палітычных партый, як зарэгістраваных, так і незарэгістраваных. Гаворка пра Мікалая Казлова (АГП), Рыгора Кастусёва (Партыя БНФ), Мікалая Статкевіча (аргкамітэт партыі БСДП «Народная грамада»), Паўла Севярынца (аргкамітэт БХД), Андрэя Дзьмітрыева (аргкамітэт «Нашай партыі») і Віктара Бабарыку (аргкамітэт партыі «Разам»).
Выканаўца абавязкаў старшыні Партыі БНФ сказаў, што ўлады падаюць зразумелы пасыл, хочуць зрабіць палітычную сытуацыю ў краіне «стэрыльнай». На думку Саранчукова, улада пайшла на парушэньне цэлага шэрагу пунктаў Канстытуцыі Беларусі. У прыватнасьці, як лічыць палітык, парушаны пункты 5 (Палітычныя партыі, іншыя грамадзкія аб’яднаньні, дзейнічаючы ў рамках Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, садзейнічаюць рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў чалавека і грамадзяніна), пункт 36 (Кожны мае права на свабоду аб’яднаньняў) і пункт 37 (Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у вырашэньні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбраных прадстаўнікоў).
«Застануцца толькі „кішэнныя“ партыі, якія ва ўсім будуць падтрымліваць Лукашэнку. Беларусь фактычна пераходзіць да аднапартыйнай сыстэмы. Трыццаць гадоў таму мы бачылі, чым гэта скончылася для ўлады. Давайце наперад, гэта хоць хутчэй скончыцца», — эмацыйна сказаў выканаўца абавязкаў старшыні АГП Уладзімер Шанцаў.
Пятага чэрвеня Шанцаў адзначаў свой 72-і дзень нараджэньня. У эміграцыю ў Вільню ён пераехаў параўнальна нядаўна. Кажа, што на гэты крок яго падштурхнула цікавасьць спэцслужбаў да дзейнасьці АГП.
На думку Шанцава, прайсьці перарэгістрацыю ў сёньняшніх умовах проста немагчыма. Паводле новых правілаў, цяпер у партыі павінна налічвацца не адна тысяча сяброў, а пяць тысяч.
«Мы ня будзем падстаўляць людзей, падаючы сьпісы, хоць па падзеях 2020 году відаць, што шмат людзей былі б гатовыя далучыцца да працы», — кажа прадстаўнік АГП.
«Гэта яшчэ болей радыкалізуе грамадзян»
Старшыня БСДП «Грамада» Ігар Барысаў мяркуе, што прысьпешваньне з перарэгістрацыяй партый патрэбна для таго, што ў лютым 2024 году адбудуцца мясцовыя і парлямэнцкія выбары.
«Улада ня хоча адчуваць стрэс напярэдадні тых выбараў. Цяперашні закон можна назваць драконаўскім: ён накіраваны на тое, каб зачысьціць усё палітычнае поле. Можна задацца пытаньнем, чаму гэтага не адбылося раней. На маю думку, бо спынілася мэтанакіраванае ўвядзеньне санкцый. Раней расправіліся з прафсаюзамі, з НДА, журналістамі. А калі спыніліся санкцыі, то мы падвісьлі ў паветры. Гэта ня спыніць настрою, які пануе ў грамадзтве пасьля 2020 году. Гэта яшчэ болей будзе радыкалізоўваць грамадзян, бо ў іх ня будзе легальнай магчымасьці ўдзелу ў выбарах», — лічыць Барысаў.
Кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук працягвае знаходзіцца ў Беларусі. Ён лічыць, што ліквідацыя палітычных партый ня здыме напружанасьці ў грамадзтве. «Зялёныя» падалі дакумэнты на перарэгістрацыю, але не падавалі ў Міністэрства юстыцыі сьпісы сваіх сяброў. Тое самае зрабілі і прадстаўнікі БСДП «Грамада». Партыя БНФ і АГП увогуле не падавалі дакумэнтаў у міністэрства.
Вадзім Саранчукоў кажа пры гэтым, што ні пра якую самаліківідацыю партыі гаворка не вядзецца. «Пэрсанальныя зьвесткі людзей нікуды перадавацца ня будуць. Праца не спыняецца, мы пакуль не сыходзім у падпольле», — кажа Саранчукоў.
Уладзімер Шанцаў падтрымлівае свайго калегу ў тым, што АГП нікуды не зьнікне.
«Зьменяцца формы працы крыху, мы ня можам адкрыта гаварыць, як, але будзем працаваць далей», — упэўнены палітык.
Вядома таксама, што дакумэнты на перарэгістрацыю, але бязь сьпісу сяброў падалі прадстаўнікі беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет».
Ніхто з удзельнікаў прэс-канфэрэнцыі ня мае надзеі на тое, што ягоная партыя зможа прайсьці этап перарэгістрацыі.