Закон «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў» перад падпісаньнем не абмяркоўваўся ў Канстытуцыйным судзе і ніякіх заключэньняў аб ім Канстытуцыйны суд не рабіў, адзначае газэта «Народная воля».
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) ў сваім звароце падкрэсьліла, што ў зьменах і дапаўненьнях у закон зьмяшчаецца больш шырокі круг абмежаваньняў, што зьяўляецца неправамерным.
«Гэтае палажэньне робіць больш жорсткімі ўмовы стварэньня палітычных партый і пры абавязковай перарэгістрацыі прывядзе шмат якія партыі да ліквідацыі», — адзначалі аўтары звароту.
Што адказалі ў Канстытуцыйным судзе
«Народная воля» публікуе афіцыйны адказ начальніка сакратарыяту Канстытуцыйнага суду Селядзеўскага.
«Разгляд Канстытуцыйным судом пытаньня аб адпаведнасьці закону Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2023 году № 251-3 „Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў“ (яго асобных палажэньняў) Канстытуцыі магчымы толькі ў выпадку ўнясеньня ў Канстытуцыйны суд адпаведнай прапановы адным з упаўнаважаных суб’ектаў», — напісаў Селядзеўскі.
Да такіх суб'ектаў адносяцца прэзыдэнт, палаты Нацыянальнага сходу, Вярхоўны суд, урад. Такім чынам, зварот партыі быў фактычна праігнараваны.
Новым законам прадугледжана павелічэньне мінімальнага парога колькасьці для стварэньня палітычнай партыі, неабходнасьць стварэньня арганізацыйных структур палітычных партый у кожнай вобласьці і ў Менску.
Пасьля падпісаньня закона Аляксандар Лукашэнка даручыў правесьці перарэгістрацыю партый.
Што ў законе новага
Закон прадугледжвае:
- павелічэньне мінімальнага парога колькасьці для стварэньня палітычнай партыі да 5000 чалавек;
- неабходнасьць стварэньня арганізацыйных структур палітычных партый у кожнай вобласьці і горадзе Менску, а таксама ня менш як у 1/3 раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкаваньня ва ўсіх абласьцях краіны і ня менш як у 1/3 раёнаў Менску;
- выключэньне забароны фінансаваньня за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовага бюджэту;
- павышэньне патрабаваньняў да заснавальнікаў палітычнай партыі, якімі змогуць быць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне і дасягнулі 18-гадовага ўзросту;
- выбары кіроўнага органа палітычнай партыі не радзей за адзін раз на пяць гадоў;
- абмежаваньне памеру грашовых сродкаў і іншай маёмасьці ад адной арганізацыі або грамадзяніна да 1000 базавых велічынь на год;
- магчымасьць ліквідацыі палітычнай партыі ў выпадку прапаганды вайны, тэрарыстычнай, экстрэмісцкай, іншай забароненай заканадаўствам дзейнасьці, дзейнасьці, якая наносіць шкоду дзяржаўным і (або) грамадзкім інтарэсам, а таксама атрыманьня грашовых сродкаў і іншай маёмасьці з замежных крыніц;
- вызначэньне ўнівэрсальных асноўных мэт і задач, якія павінны быць замацаваны ў статутах, разам зь іншымі мэтамі і задачамі, спэцыфічнымі для кожнай палітычнай партыі (забесьпячэньне непахіснасьці канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды, удзел у кіраваньні дзяржавай праз сваіх прадстаўнікоў, садзейнічаньне рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў грамадзян і інш.);
- неабходнасьць перарэгістрацыі палітычных партый цягам 6 месяцаў.
Сярод прапанаваных навацый у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях»:
- вызначэньне абавязку для рэспубліканскіх грамадзкіх аб’яднаньняў мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласьцях краіны і Менску;
- магчымасьць падачы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у электронным выглядзе;
- спрашчэньне патрабаваньняў да юрыдычнага адрасу грамадзкага аб’яднаньня.
Ціск на палітычныя партыі
Ціск на палітычныя партыі і «зачыстка» палітычнага поля ад партый, ня згодных з палітыкай Лукашэнкі, адбываецца з 2020 году. Некаторыя іх дзеячы ў турмах. Лідэры дзьвюх зарэгістраваных партыяў (АГП і БНФ) Мікалай Казлоў і Рыгор Кастусёў, а таксама лідэр аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД) Павал Севярынец асуджаныя паводле «палітычных» артыкулаў.
У жніўні 2022-га кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка казаў, што ў Беларусі цяпер функцыянуюць 15 палітычных партый.