4 чэрвеня завяршаецца тэрмін падачы дакумэнтаў для перарэгістрацыі палітычных партый.
Беларуская партыя «Зялёныя» 31 траўня падала ў Міністэрства юстыцыі пакет дакумэнтаў, неабходны для рэгістрацыі. Сьпіс сябраў партыі не падаваўся. У партыі патлумачылі, што ў адпаведнасьці з законам «Аб абароне пэрсанальных даных» асабістыя зьвесткі, якія датычацца палітычных поглядаў, «зьяўляюцца спэцыяльнымі пэрсанальнымі данымі», іх апрацоўка «бяз згоды суб’екта забараняецца і ня можа быць ажыцьцёўлена бяз згоды ўсіх чальцоў партыі».
«Мы ня маем ілюзій, што пройдзем перарэгістрацыю. Асноўны матыў, чаму падалі дакумэнты, — ня хочам самаліквідавацца. Мы хочам дайсьці да Вярхоўнага суду», — паведаміла крыніца BPN у партыі.
Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» зьбіраецца падаць дакумэнты на перарэгістрацыю 2 чэрвеня. На днях прайшоў партыйны зьезд. Як сказаў «Народнай Волі» кіраўнік «Справядлівага сьвету» Сяргей Калякін, пэрсанальныя дадзеныя людзей Мін'юсту не паведамяць. Пры гэтым патрэбнай колькасьці сяброў (5 тысяч чалавек) у партыі няма.
«Мы падаем тую колькасьць, якая ў нас ёсьць, — кажа Калякін. — Мы ня хочам самаліквідавацца, таму накіроўваем дакумэнты ў Мін'юст, і няхай яны прымаюць рашэньне».
На сёньняшні дзень кіраўнік АГП Мікалай Казлоў і кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў знаходзяцца ў зьняволеньні. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
Раней стала вядома, што Мін'юст ужо зарэгістраваў праўладную «Беларускую партыю „Белая Русь“».
18 сакавіка праўладнае грамадзкае абʼяднаньне «Белая Русь» заснавала аднайменную партыю прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Старшынём партыі абралі кіраўніка абʼяднаньня Алега Раманава.
«Белая Русь» стала першай палітычнай партыяй, зарэгістраванай у Беларусі за апошнія два дзесяцігодзьдзі. У 2000 годзе афіцыйнай рэгістрацыі дабілася Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, пасьля яе шматлікія спробы іншых палітычных субʼектаў — апазыцыйных «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі», Партыі свабоды і прагрэсу — былі беспасьпяховымі.
Сёлета 25 студзеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адразу ў двух чытаньнях прынялі законапраект «Аб зьмене законаў па пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх абʼяднаньняў». 14 лютага Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон. На працягу 6 месяцаў пасьля яго ўступленьня ў сілу ўсе партыі, якія існуюць, павінны прайсьці працэдуру перарэгістрацыі.
Праваабаронцы і шэраг прадстаўнікоў апазыцыйных сіл нэгатыўна расцанілі папраўкі ў закон аб партыях. Яны канстатавалі, што яго прыняцьце пакіне ў Беларусі толькі праўладныя палітычныя структуры.
Колькасьць палітычных партый у Беларусі пасьля перарэгістрацыі зьменшыцца з пятнаццаці «да трох-чатырох», выказаў меркаваньне міністар юстыцыі Сяргей Хаменка.