Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Статкевіча на паўгода адправілі ў адзіночку, Кастусёва шпіталізавалі, дзе Бабарыка, невядома 

абноўлена

Мікалай Статкевіч на выступленьні ў 2020-м
Мікалай Статкевіч на выступленьні ў 2020-м

Па стане на 16 траўня ў Беларусі 1483 палітвязьні. Пра многіх зь іх доўгі час няма інфармацыі.

Мікалая Статкевіча зьмясьцілі на паўгода ў адзіночную камэру

Жонка палітвязьня Марына Адамовіч, якую цытуе «Вясна»​, што празь 95 дзён поўнай невядомасьці атрымала адказ ад адміністрацыі калёніі:

«36 спагнаньняў, зь іх 14 — ШЫЗА (5 — за апошнія тры месяцы, тэрмін не паведамляюць). Зараз, верагодна, у ШЫЗА таксама альбо толькі выйшаў. Чарговы раз пакараны знаходжаньнем паўгода ў той самай адзіночцы 1×3 м, аналягу ПКТ у „звычайнай“ калёніі. (Мінулыя паўгода расьцягнуліся на 9 месяцаў). Гэта значыць, што, калі не ў ШЫЗА, то кругласуткава ў каменным мяшку з прагулкай у такім жа каменным мяшку паўгадзіны на дзень.

Пазбавілі ўсяго: адзінай пасылкі і спатканьняў. Пра тэлефанаваньні гаворка нават не ідзе. Лістоў па-ранейшаму няма. Зрэшты, мне адказалі, што мае лісты „апрацоўваюцца ва ўстаноўленыя тэрміны“. І?.. Пра лісты Мікалая ўвогуле прамаўчалі. „Перапіска не забароненая“».

Адрас палітвязьня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу.

Мікалай Статкевіч не адзіны палітвязень, пра якога доўгі час няма інфармацыі. Таксама няма зьвестак пра месцазнаходжаньне Віктара Бабарыкі пасьля таго, як той трапіў у шпіталь. Мала інфармацыі пра Ігара Лосіка, Паўла Севярынца і шэраг іншых палітычных зьняволеных.

Кастусёва шпіталізавалі на абсьледаваньне

Палітзьняволены Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў шпіталі на абсьледаваньні.

Пра гэта з Facebook паведаміў зяць старшыні Партыі БНФ Дзьмітры Антончык. Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калёніі. У зьняволеньні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем, у яго выявілі анкалягічнае захворваньне.

Дакладнае месцазнаходжаньне і стан Віктара Бабарыка дагэтуль невядомыя

Ні адна ўстанова сыстэмы Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў МУС, у тым ліку падведамасныя бальніцы, не можа ўзяць на сябе адказнасьць і пацьвердзіць, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў іх, піша @viktarbabarykaofficial.

16 траўня адвакаты зноў паедуць у папраўчую калёнію нумар 1 горада Наваполацка, дзе фармальна адбывае пакараньне Бабарыка, для атрыманьня інфармацыі. Сваякі працягваюць дабівацца асабістага прыёму ў начальніка Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў МУС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG