Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія — за 690 эўра, Турэччына — 750. Дзе плянуюць адпачываць летам беларусы


Ілюстрацыйнае фота. На грузінскім пляжы
Ілюстрацыйнае фота. На грузінскім пляжы

Наперадзе пэрыяд адпачынкаў. Куды цяпер можна выбрацца беларусам, улічваючы цяжкасьці зь візамі, вайну ў суседняй краіне, магчымыя абмежаваньні на выезд? Паглядзелі розныя варыянты.

«Большасьць аграсядзібаў спыніць існаваньне ці пяройдзе ў фармат „арэнда жытла“»

Найбольш танны і дасяжны адпачынак — па-ранейшаму ў Беларусі. Папулярным застаецца адпачынак у аграсядзібах. Але ёсьць нюанс. Улады вырашылі правесьці пераатэстацыю гэтых аб’ектаў турызму. Адпаведны ўказ падпісаў 4 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка.

«Пасьля перарэгістрацыі палова аграсядзібаў скончыць сваё існаваньне. Або мы будзем працаваць, але ў новым фармаце — здачы жытла», — патлумачыў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці ўласьнік адной з аграсядзібаў.

Што зьмянілася? Раней уласьнікі сядзібаў паведамлялі ўладам, што займаюцца такім бізнэсам, і плацілі падатак. Цяпер жа камісіі правераць, ці адпавядаюць сядзібы патрабаваньням, прапісаным ва ўказе. Камісія будзе лічыць колькасьць пакояў у доме, ацэніць правамернасьць зямельных межаў, законнасьць пабудоў і іншае.

«Да мяне ў складзе камісіі прыйдуць пажарныя. Правераць комін. Убачаць там нейкае парушэньне. Прыйдзе санстанцыя. Яна палічыць колькасьць швабраў і не далічыцца іх, скажам. Або праверыць, ці пранумараваныя ў мяне вёдры. Архітэктар праверыць, ці „законна“ пабудаваны ў мяне склеп, іншыя сельскія пабудовы», — патлумачыў уласьнік аграсядзібы.

Ён кажа, што зь ягоных калегаў — уласьнікаў сядзібаў большасьць ужо не прайшлі такую перарэгістрацыю. «І цяпер яны працягнуць дзейнасьць — будуць здаваць жытло ў арэнду. Але аграсядзібаў як такіх ужо ня будзе», — кажа мужчына.

Турыстычныя агенцтвы прапаноўваюць экскурсіі як на балоты, так і ў палацы. Свабода знайшла двухдзённы тур «Нясьвіж — Мір» з наведваньнем двух замкаў і начлегам за 320 рублёў з чалавека. Арганізатары абяцаюць экскурсійную і забаўляльную праграму, тэатралізаваную экскурсію і начлег.

Папулярным напрамкам у агенцтваў застаецца парк інтэрактыўнай гісторыі «Вялікае Княства Сула». Уваход у сам маёнтак пры індывідуальным наведваньні (без дадатковых паслуг) каштуе 25 рублёў. Агенцтвы прапануюць звазіць туды на экскурсію ад 100 рублёў, з дадатковымі паслугамі.

Наведваньне Полацку з групавой экскурсіяй могуць арганізаваць па цэньніку 75 даляраў з групы.

У сьпісе ў апэратараў — Жыровічы, Мёры, Ельня, Тураў і іншыя мясцовасьці Беларусі.

На самалёце — у Турэччыну, Грузію, Кітай, Расею

Прамыя рэйсы зь Беларусі ёсьць у кірунку Турэччыны, ААЭ, Грузіі, Эгіпту, Катару, Армэніі, Азэрбайджану, Узбэкістану, Туркмэністану, Кітаю і Расеі.

Турыстычныя агенцтвы прапануюць аўтобусныя туры па эўрапейскіх краінах. У некаторых пазначана, што туры — «толькі для тых, хто мае візу». Іншыя самі прапануюць візавыя паслугі. Напрыклад, сярод прапаноў трапляюцца «гуманітарныя візы ў Польшчу». За працоўныя візы ў Польшчу некаторыя агенцтвы бяруць 1100 рублёў.

Міхаіл кажа, што сёлета плянуе нарэшце дабрацца зь сябрамі — аматарамі гор да францускіх Альпаў. Гэтыя пляны ў Міхаіла з 2019 году. У 2020 годзе здарылася пандэмія, і краіны закрыліся. Пасьля 2020-га ў Беларусі былі праблемы з атрыманьнем візаў.

Па цэнах, кажа Міхаіл, «усё засталося прыкладна як раней». «Летась у нашай кампаніі ня выйшла, бо ня ўсе змаглі „выбіць“ візу. Сёлета плянуем дабрацца. Да Варшавы на аўтобусе, там самалётам на Жэнэву і далей аўтобусам», — патлумачыў ён.

Астатні вольны час адпачынку Міхаіл плянуе правесьці ў Беларусі. Асабліва яго вабяць народныя фэсты ў розных мясьцінах краіны.

Жыхарка Гомельскай вобласьці Марыя (імя зьмененае. — РС) сёлета накіруецца на адпачынак у Італію, разам зь дзецьмі.

«Мы штогод адпачываем у Італіі. Летась былі праблемы зь візамі. Але сёлета мы гэтую праблему вырашылі, і таму абавязкова скарыстаемся нагодай зноў трапіць у Італію», — кажа Марыя.

У Італію яны паляцяць зь Вільні.

Якія яшчэ прапановы

Турыстычныя агенцтвы прапануюць аўтобусныя туры ў Парыж. За сем сутак цана ад 570 эўра, або 1799 рублёў. «Адкрываем візу пад туры», — абяцаюць апэратары.

Ёсьць прапановы трапіць у Чарнагорыю, самалётам з Варшавы. Тур на 7 дзён каштуе ад 855 эўра (2671 рубель).

Сярод прапаноў — Вэнэсуэла і Куба. «Гарачы тур» у Вэнэсуэлу можна «схапіць» за 1100 даляраў (прыкладна 3230 рублёў).

Папулярны летні кірунак — Грузія. За 11 дзён разам зь пералётам ёсьць прапановы туру за 690 даляраў (больш за 2 тысячы рублёў). Таньней будзе каштаваць аўтобусны тур у грузінскі горад Батумі (330 даляраў).

Папулярнай застаецца і Турэччына. За сем сутак можна выкласьці ад 750 даляраў (каля 2500 рублёў). Ад 835 даляраў прапануе апэратар за 10 дзён у Эгіпце.

Апэратары прапануюць экскурсіі ў Маскву і Санкт-Пецярбург, туры ў расейскую Карэлію (ад 200 эўра).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG