Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь візай квіток на Кіпр за 477 рублёў, квіток бязь візы ў Батумі — 2119 рублёў. Як і дзе сёлета адпачыць беларусам


Пляж. Ілюстрацыйнае фота
Пляж. Ілюстрацыйнае фота

Турфірмы прапануюць адпачыць у Альбаніі ці Італіі, але з вылетам з Варшавы ці Вільні. Што адбываецца сёлета з турыстычнымі кірункамі зь Беларусі.

Калі ехаць праз турфірму

Турыстычныя фірмы Беларусі прапануюць некалькі варыянтаў для летняга сэзону. Самыя распаўсюджаныя — гэта Турэччына і Грузія.

Дзесяць начэй на ўзьбярэжжы Міжземнага мора ў турэцкім горадзе Кемэры, які недалёка ад Антальлі, абыдзецца ў 5760 рублёў.

Адпачынак на 7 начэй у курортным гарадку Сідэ выйдзе таньнейшым — 1918 рублёў з чалавека.

Другі папулярны варыянт — адпачынак у Грузіі, у Батумі. Віза, як і ў Турэччыну, сюды ня трэба. За 7 начэй зь пералётам зь Менску просяць 2080 рублёў.

Іншыя прапановы адпачынку ў Грузіі па цане падобныя.

Для ўладальнікаў візаў прапануюць і варыянты адпачынку ў Эўропе. 14 дзён у Грэцыі на Эгейскім моры будуць каштаваць 2016 рублёў. Вылет зь Вільні.

За 7-дзённы адпачынак у Італіі, у Сардыніі, на беразе мора просяць 2791 рублёў, вылет з Варшавы.

Калі ехаць самастойна бязь візы

Авіязносіны Беларусі і шэрагу іншых эўрапейскіх краін цяпер абмежаваныя, таму і варыянтаў у кірунках ня так шмат. Вылецець зь Беларусі можна, напрыклад, у Эгіпет — квіток у два бакі ў Каір у чэрвені абыдзецца ў 2650 рублёў. З Каіру яшчэ давядзецца дабірацца да мора і самастойна шукаць жыльлё.

Вылецець таксама можна ў Батумі ў Грузію. Квіток у два бакі ў чэрвені будзе каштаваць 2119 рублёў.

Ёсьць больш дарагія, але і больш экзатычныя варыянты. Зь перасадкай у Дубаі можна паляцець зь Менску ў Танзанію і адпачыць на Занзыбары. Квіткі ў два бакі абыдуцца ў 2401 рубель. Віза Танзаніі ставіцца па прылёце ў аэрапорт, для беларусаў каштуе каля 50 даляраў.

Таксама зь Беларусі самалётам можна даляцець у Стамбул. Беларусам ня трэба віза для ўезду ў Турэччыну. Квіток улетку ў два бакі каштуе 1136 рублёў. Па-першае, у Турэччыне можна адпачыць на Чорным ці Міжземным моры, а па-другое, са Стамбула дасяжныя многія кірункі для падарожжаў. Напрыклад, адтуль можна паляцець у Альбанію ці Чарнагорыю, дзе беларусам не патрэбна віза.

Калі ехаць самастойна зь візай

Значна спрашчае адпачынак наяўнасьць шэнгенскай візы, бо вылецець з аэрапортаў Вільні ці Варшавы ў цёплую краіну атрымаецца значна таньней. Напрыклад, квіток на Мальту зь Вільні ў чэрвені ў два бакі будзе каштаваць крыху больш за 200 эўра, ці 629 рублёў.

У Барсэлёну зь Вільні і назад у чэрвені можна зьлятаць за 198 эўра, ці за 613 рублёў, у Італію — за 188 эўра, ці 582 рублі.

Квіток на самалёт з Варшавы на Кіпр і назад у чэрвені абыдзецца ў 154 эўра, ці 477 рублі. Квіток на самалёт з Варшавы ў Харватыю будзе каштаваць у чэрвені 114 эўра, ці 353 рублі, у два бакі.

З Варшавы ў Баўгарыю можна даляцець і вярнуцца ў чэрвені за 112 эўра, ці за 347 рублёў. Гэта ў 6 разоў таньней, чым квіток у два бакі зь Менску ў Батумі.

Калі адпачываць у Беларусі

У Беларусі ёсьць варыянты адпачынку як у санаторыі, так і шматлікіх аграсядзібах. Напрыклад, 10-дзённы адпачынак у санаторыі «Белая вежа» у Берасьцейскай вобласьці абыдзецца ў 1150 рублёў (стандартны нумар на аднаго чалавека).

Адпачынак у санаторыі «Пліса» на беразе аднайменнага возера ў Горадзенскай вобласьці будзе каштаваць 3300 рублёў. Амаль удвая даражэй, чым адпачынак у Турэччыне з вылетам зь Менску.

Адпачынак у беларускіх аграсядзібах сёлета будзе каштаваць ад 50 да 800 рублёў за дзень у залежнасьці ад знаходжаньня месца, сэрвісу і патрэб адпачывальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG