119 182 — столькі вакансій цяпер у беларускім рэспубліканскім банку вакансій, і гэта антырэкорд за апошнія гады.
На пачатку траўня іх было 110 137, на пачатку траўня летась — 91 526, два гады таму — 74 338. То бок за два гады колькасьць вакансій вырасла больш чым у 1,5 раза.
63,5% вакансій — гэта рабочыя прафэсіі. Глядзім, каго не хапае найбольш.
Сьлесары — 7513 вакансій
Цяпер у базе вакансій 7513 вольных месцаў для сьлесараў. Напрыклад, на Мазырскім дрэваапрацоўчым камбінаце сьлесару-рамонтніку на поўную стаўку гатовыя плаціць 1100 рублёў на месяц пры сярэднім заробку па Беларусі 1567,8 рубля ў красавіку.
На «БелАЗе» сьлесару мэханазборачных работ прапануюць 1680 рублёў на месяц — гэта ўжо больш за сярэдні заробак.
Найбольшы заробак для сьлесара, які знаходзіцца ў базе, прапануюць у «Буравой кампаніі Дэльта», там гатовыя плаціць да 3500 рублёў на месяц.
Па інфармацыі плятформы аб’яднаньня працоўных Беларусі «Рабочы рух», на дзяржаўных прадпрыемствах у Беларусі «працягваюцца звальненьні, у асноўным звальняюцца добрыя спэцыялісты». За кошт звольненых «трымаюць узровень заробкаў», а калі наймаюць на працу, то «ў асноўным гэта студэнты па разьмеркаваньні».
Дактары — 6687 вакансій
Згодна з банкам вакансій цяпер вольныя 6687 месцаў для лекараў. У красавіку такіх вакансій было 5090, або на 1,5 тысячы менш.
У звычайнай менскай гарадзкой паліклініцы лекару гатовыя плаціць да 1700 рублёў.
У Віцебскай гарадзкой цэнтральнай паліклініцы лекару прапануюць да 2123 рублёў. Там шукаюць адразу 11 лекараў.
Самы вялікі заробак — да 6000 рублёў — прапануюць у кампаніі «Мэдыцынская ініцыятыва».
Інжынэры — 4516 вакансій
Цяпер у базе вакансій 4516 вольных месцаў для інжынэраў. Гэта на 962 больш, чым было ў красавіку.
Напрыклад, інжынэру на «АзотХімФортіс» гатовыя плаціць да 2000 рублёў на месяц.
Інжынэру-тэхнолягу на прадпрыемстве «Радыётэхніка» ў Асіповічах прапануюць толькі 1100 рублёў. Гэта на траціну менш, чым сярэдні заробак па Беларусі ў красавіку.
Самы высокі сярод знойдзеных заробкаў для інжынэра прапануе прадстаўніцтва «Кітайскай карпарацыі інжынірынгу САМС» у Беларусі — да 5463 рублёў. Патрабуюць ведаць кітайскую мову.
Будаўнікі — 1205 вакансій
Цяпер у Беларусі шукаюць 1205 будаўнікоў. Мантажніку будаўнічых канструкцый у Жодзіне прапануюць 1200 рублёў на месяц.
Начальніку аддзелу капітальнага будаўніцтва ў Баранавічах гатовыя плаціць да 1400 рублёў на месяц.
Найбольшы заробак для будаўніка сярод усіх вакансій — у індустрыяльным парку «Вялікі камень»: мантажніку будаўнічых канструкцый у кампаніі «Хуа Сінь будаўнічая кампанія» прапануюць 6000 рублёў на месяц.
Настаўнікі — 433 вакансіі
Згодна з банкам вакансій, цяпер у Беларусі нестае 433 настаўнікаў.
Напрыклад, настаўніку ў гімназіі ў Горадні прапануюць да 1500 рублёў на месяц.
Настаўніку фізыкі і інфарматыкі ў Белічах Слуцкага раёну гатовыя плаціць да 1000 рублёў.
Самыя высокія заробкі прапануюць у прыватнай «Міжнароднай школе» — да 3000 рублёў.
«Рынак пераарыентуецца на Расею»
Паводле эканаміста Аляксея Харкевіча, вялікая колькасьць вакансій на вытворчых прадпрыемствах зьвязаная зь пераарыентацыяй іх на расейскі рынак. Цяпер зьявілася патрэба ў спэцыялістах, якіх раней проста не шукалі.
«Гэта зьвязана з эканамічнымі працэсамі, зь пераарыентацыяй на расейскі рынак. Многія прадпрыемствы заключаюць кантракты з расейскімі прадпрыемствамі, у прыватнасьці, з прадпрыемствамі вайскова-прамысловага блёку. Вакансіі зьяўляюцца таму, што раней такіх спэцыялістаў не патрабавалася, цяпер іх трэба недзе шукаць, перавучваць», — кажа Аляксей Харкевіч.
Што да бюджэтнікаў, кшталту лекараў і настаўнікаў, то гэта незадаволенасьць бягучымі ўмовамі працы і заробкамі, мяркуе эканаміст.
«Калі расьце колькасьць вакансій у бюджэтнікаў, як у лекараў, гэта не нармальна. Не падабаюцца ўмовы працы і заробкі — ёсьць магчымасьць выехаць за мяжу і выконваць тую ж працу на зусім іншых умовах. Адсюль столькі вакансій», — кажа Аляксей Харкевіч.