Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2022 годзе больш за 171,5 тысяч беларусаў атрымалі доступ да польскага рынку працы, — дасьледаваньне


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў у Варшаве
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў у Варшаве

Пра гэта сьведчаць вынікі дасьледаваньня, праведзенага спэцыялістамі інстытута «Палітычная сфэра», якія прадставіў 3 сакавіка на прэзэнтацыі ў Варшаве дырэктар інстытута Андрэй Казакевіч, піша BPN.

У сваёй працы экспэрты абапіраліся на інфармацыю дзяржаўных органаў Польшчы. У выніковую справаздачу ня трапілі лічбы за сьнежань.

«Шакуючай тэндэнцыяй» Андрэй Казакевіч назваў колькасьць грамадзян Беларусі, якія атрымалі права на працу ў Польшчы паводле спрошчанай працэдуры. У 2022 годзе такіх дазволаў было выдадзена 217 374 супраць 103 749 у 2021-м, 82 743 у 2020-м і 69 524 у 2019-м. Пры гэтым варта адзначыць, што колькасьць выдадзеных дакумэнтаў ня роўная колькасьці асобаў, адзначае Казакевіч, бо «адзін чалавек мог атрымаць на працягу году некалькі дазволаў».

Паводле дадзеных дасьледаваньня, летась права працаваць у Польшчы па спрошчанай працэдуры атрымала 153 160 грамадзян Беларусі.

Сумарна ў 2022 годзе доступ да польскага рынку працы выдалі 171 578 беларусам.

Андрэй Казакевіч мяркуе, што большасьць такіх грамадзян не пражываюць у Польшчы на сталай аснове, а толькі прыяжджаюць у краіну «працаваць па кантракце». Гэтую зьяву ён назваў «маятнікавай міграцыяй», што, паводле яго, можа «ствараць істотныя праблемы рынку працы Беларусі».

Дасьледаваньне паказала, што беларусаў-мужчын, якія працуюць у Польшчы, заўважна больш, чым жанчын (72% супраць 28%). У асноўным беларускія грамадзяне заняты на працоўных спэцыяльнасьцях. 34,4% працуюць у сфэры транспарту і лягістыкі, 23,6% — будаўніцтва, 17,6% — у апрацоўчай прамысловасьці.

Большасьць беларусаў мігруюць у Польшчу ў актыўным працаздольным узросьце: 34,47% прыпадае на катэгорыю 25-34 гады, 28,29% — 35-44. «Як правіла, гэта кваліфікаваныя спэцыялісты, якія маюць вопыт і пабудавалі кар’еру», — канстатаваў Казакевіч.

Як паказала дасьледаваньне, што ў 2022 годзе 18 418 чалавек зь беларускім пашпартам мелі доступ да польскага рынку працы па працоўнай візе. Гэта істотна менш, чым раней: у 2021 годзе да такой катэгорыі належала 34 830 беларусаў, у 2020-м — 28 553, у 2019-м — 29 129. Казакевіч зьвязвае падзенны з тым, што апошнім часам беларусы ў Польшчы «сталі актыўна падаваць дакумэнты на атрыманьне ВНЖ».

У 2022 годзе ў Польшчы стала пражывалі амаль 80 тысяч беларускіх грамадзян

Згодна з атрыманымі зьвесткамі, у 2022 годзе правам на пастаяннае пражываньне ў Польшчы валодалі 64 684 чалавекі зь беларускім пашпартам. Зь іх сталы від на жыхарства (ВНЖ) мелі 30 421 беларусаў, часовы — 28 071, яшчэ 6 172 легалізаваліся ў краіне па іншых падставах (уцякацтва, міжнародная абарона і інш.). Уладальнікі гуманітарных візаў у дасьледаваньні ня ўлічваліся.

Для атрыманьня больш поўнай карціны да гэтай лічбы трэба прыплюсаваць грамадзян, якія на момант правядзеньня дасьледаваньня знаходзіліся «ў падвешаным стане»: падалі дакумэнты на атрыманьне ВНЖ, але іх запыты яшчэ не ўхвалілі, адзначае Казакевіч. Колькасьць такіх беларусаў экспэрты ацэньваюць у 15 тысяч. Такім чынам, паводле палітоляга, агульная колькасьць грамадзян Беларусі, якія легальна знаходзяцца ў Польшчы, блізкая да 80 тысяч.

Паводле Казакевіча, прыкметны і ўстойлівы рост міграцыі беларусаў у Польшчу пачаўся ў 2017 годзе. Асноўнымі фактарамі сталі пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, а таксама зьмякчэньне міграцыйнага заканадаўства і правілаў працаўладкаваньня ў краінах Эўразьвязу.

У 2016 годзе ў Польшчы легальна пражывала 11 428 беларускіх грамадзян, у 2017-м — 15 339, 2018-м — 20 114, 2019-м — 25 567, 2020-м — 28 745, 2021-м — 40 704.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG