З пачатку 2023 году 365 беларусаў не змаглі легалізавацца ў Літве — яны не атрымалі дазволу на часовае пражываньне або ім адмовілі ў яго падаўжэньні, паведамляе LRT са спасылкай на зьвесткі Дэпартамэнту міграцыі Літвы.
На пытаньне журналістаў, ці зьвязаныя адмовы з адказамі беларусаў у адмысловай анкеце з пытаньнямі пра вайну ва Ўкраіне і прыналежнасьць Крыму, у ведамстве адказалі наступнае:
«Не існуе такой статыстычнай катэгорыі, як „адмова ў наданьні пасьведчаньня на права жыхарства з прычыны анкеты“. Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі, Дзяржаўная памежная служба і паліцыя пры неабходнасьці кансультуюцца наконт адказаў на пытаньні анкеты. Гэтыя органы ацэньваюць пагрозы, якія зыходзяць ад пэўных асобаў для нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, здароўя людзей і г.д., а таксама пагрозу нелегальнай міграцыі», — гаворыцца ў адказе Дэпартамэнту міграцыі Літвы.
Апытаныя LRT замежнікі адзначаюць: незразумела, па якіх крытэрах адбіраюць людзей, якіх пасьля правярае Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы. У Дэпартамэнце міграцыі краіны таксама не сказалі на гэта пытаньне, як і на пытаньне, колькі часу спатрэбіцца для атрыманьня адказу ад Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі.
- Агулам у Літве пражывае 55 тысяч беларусаў, якія маюць на руках від на жыхарства або аналягічны дакумэнт.
- У канцы 2022 году беларусаў і расейцаў, якія хочуць жыць у Літве, пачалі пытацца пра адносіны да вайны ва Ўкраіне і прыналежнасьць Крыму. Пазьней у МУС Літвы расказвалі, што кожны дзень 10-20 беларусаў і расейцаў у анкеце заяўляюць аб падтрымцы вайны ва Ўкраіне.
- 26 красавіка кіраўнік Дэпартамэнта міграцыі МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайтэ паведаміла, што з пачатку года 280 беларусаў не змаглі легалізавацца ў Літве з прычыны падтрымкі вайны ва Ўкраіне або прызнаньня Крыма расейскім.