Лінкі ўнівэрсальнага доступу

90 дзён жыцьця, якія ператварыліся ў тры гады за кратамі. Расказваем гісторыю Эдуарда Бабарыкі


Эдуард Бабарыка, архіўнае фота
Эдуард Бабарыка, архіўнае фота

У Менскім абласным судзе 22 траўня пачаўся працэс над 33-гадовым Эдуардам Бабарыкам, сынам былога банкіра і прэтэндэнта на прэзыдэнцтва, палітзьняволенага Віктара Бабарыкі. Пасьля амаль трох гадоў пад вартай Эдуард адкінуў усе абвінавачваньні.

Эдуарду Бабарыку 33 гады. Ён нарадзіўся ў Менску. Скончыў БДЭУ па спэцыяльнасьці «Эканоміка і кіраваньне прадпрыемствамі». Быў прадпрымальнікам.

Ягоны бацька Віктар, банкір і мэцэнат, 20 гадоў кіраваў «Белгазпрамбанкам». Маці Марына ўзначальвала апякунскую раду дабрачыннага фонду «Шанс», яна загінула ў 2017 годзе падчас заняткаў дайвінгам. Старэйшая сястра Марыя жыве ў Аўстраліі.

Сяброўка Эдуарда Аляксандра Зьверава расказвала, што сям’я Бабарыкаў вельмі дружная. Яны шмат размаўлялі адно з адным. У вольны час чыталі, захапляліся «Ўладаром пярсьцёнкаў» Толкіна. Раз на год езьдзілі разам на адпачынак.

Віктар Бабарыка з жонкай Марынай і малымі дзецьмі Эдуардам і Марыяй, архіўнае фота
Віктар Бабарыка з жонкай Марынай і малымі дзецьмі Эдуардам і Марыяй, архіўнае фота

«Эдзік разумны, добры, неверагодна цікаўны. Вельмі прыстойны і спагадны. Яшчэ ў Эдзіка вельмі высокія патрабаваньні да сябе. І ён умее прызнаваць свае памылкі», — расказвала Аляксандра.

Віктар Бабарыка з жонкай Марынай і дзецьмі Эдуардам і Марыяй, Мальдывы, 2013 год, архіўнае фота
Віктар Бабарыка з жонкай Марынай і дзецьмі Эдуардам і Марыяй, Мальдывы, 2013 год, архіўнае фота

Кіраваў краўдфандынгавымі кампаніямі

Эдуард разам з паплечнікамі стварыў краўдфандынгавыя плятформы Ulej і MolaMola і і кіраваў імі. Беларусы празь іх хутка зьбіралі грошы на розныя патрэбы: ад касьцюмаў для мэдыкаў падчас каранавірусу да падтрымкі пацярпелых праз рэпрэсіі.

Адзін з праектаў, якімі займаўся «Улей», — пяцітомнік Сьвятланы Алексіевіч, які выдалі па-беларуску пры падтрымцы «Белгазпрамбанку».

«Абсалютна нармальна не баяцца і, нягледзячы ані на што, рабіць тое, што лічыш правільным і важным. Абсалютна нармальна не чакаць, калі хтосьці зьверху штосьці прапануе, а браць ініцыятыву ў свае рукі», — казаў на прэзэнтацыі Эдуард Бабарыка.

Бізнэсовец на імпрэзе расказваў, што любіць Беларусь, беларускую мову і культуру.

«Я ўсьвядоміў, што менавіта ў такой Беларусі і з такімі беларусамі хочацца жыць», — казаў Эдуард.

На прэзэнтацыі пяцітомніка Сьвятланы Алексіевіч у Менску, 2018 год
На прэзэнтацыі пяцітомніка Сьвятланы Алексіевіч у Менску, 2018 год

За тыдзень да затрыманьня Бабарыкаў плятформы Ulej і MolaMola заблякавалі, каб нібыта «прадухіліць легалізацыю даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці і фінансаваньне распаўсюджваньня зброі масавага паражэньня».

Эдуард Бабарыка з паплечнікамі
Эдуард Бабарыка з паплечнікамі

«Добра, 90 дзён майго жыцьця я падарую табе»

У 2020 годзе Бабарыка-малодшы ўзначаліў перадвыбарчы штаб свайго бацькі. Ён пасьпеў пакіраваць ім 65 дзён. Штаб заяўляў, што сабраў рэкордныя для апанэнтаў Лукашэнкі 425 тысяч подпісаў. Віктар Бабарыка, перад тым як далучыцца да прэзыдэнцкай кампаніі, доўга размаўляў з сынам, і той яго падтрымаў.

«Як сказаў Эдуард: „Добра, 90 дзён майго жыцьця я падарую табе“. Гэта не 90 дзён ягонага жыцьця, гэта насамрэч разуменьне таго, што ён нароўні са мной, за мяне падставіў сваё жыцьцё пад пагрозу. Гэта для любога бацькі няпростая гісторыя. Але я яе выбраў», — расказваў Віктар Бабарыка.

Калі Эдуард з бацькам ішлі здаваць подпісы ў ЦВК, іх затрымаў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў. У дамах сям’і на Вячы і ў Цне прайшлі ператрусы, маёмасьць арыштавалі. Пра лёс сына і бацькі спачатку не было нічога вядома. Два дні да іх не пускалі адвакатаў. Абодвух Бабарыкаў прызналі палітвязьнямі.

Эдуард і Віктар Бабарыкі, 2020 год, архіўнае фота
Эдуард і Віктар Бабарыкі, 2020 год, архіўнае фота

«Эдзіка затрымалі, бо ён сын Віктара Дзьмітрыевіча», — казала Аляксандра Зьверава.

Без суду з чэрвеня 2020-га, пагражае 20 гадоў зьняволеньня

Эдуарда першыя паўтара года ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, потым перавялі на «Валадарку». Абвінавачаньні яму дадавалі паступова. Першую крымінальную справу на Бабарыку-малодшага завялі ў КДБ. У Беларусі чалавека без суду могуць утрымліваць за кратамі ня больш за 18 месяцаў. Тады на яго завялі яшчэ справу ў Сьледчым камітэце, і дасудовы тэрмін быццам бы пачаў адлічвацца з нуля.

«Нічога падобнага да крымінальнага працэсу там няма. Чалавек проста як закладнік знаходзіцца ў ізаляцыі, відавочна, для ціску на бацьку», — казаў адвакат Эдуарда Ўладзімер Пыльчанка.

Цяпер вядома пра чатыры артыкулы, паводле якіх будуць судзіць Эдуарда: «ухіленьне ад выплаты падаткаў», «легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам», «арганізацыя масавых беспарадкаў» і «распальваньне варожасьці». Яму пагражае да 20 гадоў турмы.

Віктар і Эдуард Бабарыкі, 2020 год, архіўнае фота
Віктар і Эдуард Бабарыкі, 2020 год, архіўнае фота

Эдуард убачыўся з бацькам на сустрэчы лідэраў апазыцыі з Лукашэнкам у СІЗА КДБ у кастрычніку 2020 году. Пасьля двое яе ўдзельнікаў выйшлі з турмы, адзін зь іх — Юры Васкрасенскі, які перайшоў на бок Лукашэнкі.

Васкрасенскі расказваў, што потым яшчэ раз бачыўся з Эдуардам у СІЗА. Заяўляў, што падаў хадайніцтва, каб Эдуарда выпусьцілі пад «хатні арышт».

Сустрэча Лукашэнкі зь лідэрамі апазыцыі ў СІЗА КДБ. Эдуард Бабарыка другі справа, 2020 год
Сустрэча Лукашэнкі зь лідэрамі апазыцыі ў СІЗА КДБ. Эдуард Бабарыка другі справа, 2020 год

Сама меней двух адвакатаў Эдуарда Бабарыкі пазбавілі ліцэнзіі: Ірыну Варанкову і Ўладзімера Пыльчанку.

Першы час пра лёс Эдуарда расказвала ягоная дзяўчына Аляксандра Зьверава. Праз год яна напісала, што яны больш ня разам, бо Эдзік захацеў спыніць ліставаньне.

Эдуард Бабарыка, Аляксандра Зьверава, Віктар Бабарыка, архіўнае фота
Эдуард Бабарыка, Аляксандра Зьверава, Віктар Бабарыка, архіўнае фота

«Такія сьпёка і вільгаць, што адзеньне пакрывалася цьвільлю»

Па словах Зьверавай, у турме для Эдуарда стваралі «жудасныя ўмовы». У 2020 годзе ён два тыдні сядзеў у адзіночцы, а «потым, па вяртаньні да суседзяў, ня мог нагаварыцца». У ягонай камэры былі такія сьпёка і вільгаць, што адзеньне пакрывалася цьвільлю. Яму моцна абмяжоўваюць ліставаньне.

Турэмныя ўмовы. Ілюстрацыйнае фота. «Наша Ніва»
Турэмныя ўмовы. Ілюстрацыйнае фота. «Наша Ніва»

«У прыбіральню выводзяць два разы на дзень. У камэры 4 чалавекі. Некаторыя зь іх кураць. Вэнтыляцыя практычна адсутнічае. Сьвятла не відаць у прамым сэнсе», — расказвала пра ўмовы Эдуарда ў 2021 годзе Аляксандра Зьверава.

«Чытаю Стывэна Кінга на ангельскай»

Эдуард, нягледзячы на ўмовы, захоўваў добры настрой.

«У мяне ўсё добра! Псыхалягічна, мэнтальна і фізычна — поўны парадак», — пісаў ён праз паўгода зьняволеньня.

Эдуард Бабарыка ў СІЗА КДБ праз 4 месяцы пасьля затрыманьня
Эдуард Бабарыка ў СІЗА КДБ праз 4 месяцы пасьля затрыманьня

На волі Эдуард захапляўся конным спортам і дайвінгам. Турэмнае жыцьцё ён таксама зрабіў насычаным.

«„Філязофія дня“ ў камэры ці ў вялікім сьвеце нічым не адрозьніваецца. Гэта заўсёды пра выбар — паляжаць ці ўстаць, паддацца слабасьці або пераадолець сябе», — пісаў ён у 2022 годзе.

Эдуард Бабарыка, архіўнае фота
Эдуард Бабарыка, архіўнае фота

Бабарыка-малодшы шмат чытае, гуляе ў шахматы, займаецца ёгай, мэдытацыяй, спортам. Навучыўся добра маляваць.

«Кніг, на жаль, чарговы раз купіць не атрымалася. Але я чытаю Стывэна Кінга на ангельскай „11/22/63“ і перачытваю „Структуру рэальнасьці“ Дэвіда Дойча», — пісаў Эдуард у 2021 годзе.

Праз год адміністрацыя СІЗА КДБ забараніла Эдуарду займацца ёгай. Але ён працягваў бегаць падчас прагулак, адціскацца, прысядаць, рабіць выпады і бёрпі, пампаваць трыцэпс, біцэпс у пары з суседам з дапамогай ручніка.

Эдуард Бабарыка. Архіўнае фота
Эдуард Бабарыка. Архіўнае фота

Праз 2 гады за кратамі ён лічыў, што дараваньне і прынцып «Не рабі іншаму таго, чаго ня хочаш, каб рабілі табе» дазваляюць выбудаваць здаровыя адносіны.

Эдуард успрымаў гады свайго зьняволеньня як самыя інтэнсіўныя для «стварэньня сябе».

«Турма можа быць месцам, якое крадзе жыцьцё, а можа стаць унікальнай магчымасьцю для разьвіцьця сябе. Прычым у абодвух выпадках турэмная камэра будзе заставацца маленькім пустым пакоем, ізаляваным ад вонкавага сьвету», — пісаў ён у 2022 годзе.

Справу Эдуарда Бабарыкі будзе разглядаць Менскі абласны суд у выязным судовым пасяджэньні ў памяшканьні суду Менскага раёну. Пачатак 22 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG