Эдуарда Бабарыку разам зь ягоным бацькам Віктарам Бабарыкам затрымалі 18 чэрвеня 2020 году і ўжо амаль 11 месяцаў утрымліваюць у СІЗА КДБ. Эдуард абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» Крымінальнага кодэксу. Дзяўчына Эдуарда Аляксандра Зьверава расказала Tut.by, што піша Эдуард з-за кратаў.
Пасьля арышту хлопца Зьверава ў канцы жніўня пераехала ва Ўкраіну, а цяпер жыве ў Вільні. Па яе словах, Эдуард дагэтуль знаходзіцца ў добрым настроі і максымальна плённа выкарыстоўвае час. Бабарыка-малодшы шмат чытае, займаецца ёгай, мэдытуе.
Адно з найбольшых «творчых» дасягненьняў Эдуарда — мастацтва. За 10 месяцаў у зьняволеньні ён навучыўся маляваць па кнігах, можа намаляваць чалавека.
Умовы ў СІЗА, на думку Зьверавай, — дакладная ілюстрацыя таго, як улада ставіцца да грамадзянаў Беларусі. Там усё створана такім чынам, каб чалавек адчуваў сябе максымальна нікчэмным, прыніжаным і ў выніку зламаўся.
«Зьняволеных не выводзяць на прагулкі, ім не перадаюць лістоў, за рэдкім выключэньнем: у адвольны „сьпіс дазволеных“ уключаюць пераважна знаёмых і сяброў, і туды рэдка трапляе хтосьці „староньні“. Памыцца вязьні могуць раз на тыдзень. У прыбіральню выводзяць два разы на дзень. У камэры 4 чалавекі. Некаторыя зь іх кураць. Вэнтыляцыя практычна адсутнічае. Сьвятла не відаць у прамым сэнсе».
У гэтай сытуацыі Аляксандру радуе толькі тое, што Эдуард раней ня меў праблем са здароўем. Але, напрыклад, ужо пісаў, што ў гэткіх умовах вельмі цяжка чытаць, наўкол антысанітарыя.
Бабарыка-малодшы нідзе ў лістах не пісаў, ці перасякаўся з бацькам у турэмных калідорах, ні на што ня скардзіцца. Тэрмін утрыманьня пад вартай яму нядаўна падоўжылі да 12 месяцаў. Калі бацьку ўжо судзяць, дык у ягонай справе ніякіх навінаў няма, Аляксандра ўпэўненая, што Эдуард будзе за кратамі «столькі, колькі аднаму чалавеку захочацца, альбо столькі, колькі гэты чалавек будзе пры ўладзе».