Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне абвінавачваюць, што мне добра жыць у Літве». Аляксандра Зьверава пра BySol і чаканьне каханага з турмы


Аляксандра Зьверава з Эдуардам Бабарыкам і Віктарам Бабарыкам
Аляксандра Зьверава з Эдуардам Бабарыкам і Віктарам Бабарыкам

Паразмаўлялі са стваральніцай праекту Voices from Belarus, блогеркай, супрацоўніцай фонду BySol, дзяўчынай палітвязьня Эдуарда Бабарыкі Аляксандрай Зьверавай. Саша расказвае пра затрыманьне блізкіх, лісты за краты, вымушаную эміграцыю, хэйтэраў, а таксама — якой можа быць Беларусь, калі ўсё зьменіцца.

«Немагчыма ўвесь час хадзіць і баяцца. Які сэнс?»

Як і многія беларусы, Аляксандра праз падзеі на радзіме апынулася ў вымушанай эміграцыі. Пасьля затрыманьня кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда, актывісты штабу настойліва прапанавалі Аляксандры наняць адваката і некаторы час «ціха пасядзець».

«Я працавала ў Ulej, які, аказалася, спансаваў тэрарызм. Эдзіка затрымалі, таму што ён сын Віктара Дзьмітрыевіча, я таксама там побач. Жыла з адчуваньнем, што мяне ў любы момант могуць затрымаць. Спачатку гэта страшна, потым прывыкаеш, таму што немагчыма ўвесь час хадзіць і баяцца. Які сэнс?» — кажа Аляксандра Зьверава.

Аляксандра Зьверава
Аляксандра Зьверава

Дзяўчына кажа, што нават разумеючы небясьпеку ўдзелу Эдуарда ў штабе бацькі, актыўнасьцях, яна б не магла яго адгаворваць.

«Гэта выключна мае думкі і пачуцьці, трывога і перажываньні, маё каханьне, і толькі я за іх нясу адказнасьць. А ёсьць Эдзік з асобным сьветам, і ёсьць яго выбар. Я для сябе стаўлю толькі адну задачу — я павінна яго падтрымліваць і паважаць, таму свае эмоцыі я не магу туды перакладаць. Я ня маю ніякага маральнага права. Да мяне заўсёды бабуля наконт гэтага чаплялася: «Вось скажы Эдзіку, каб ён так не рабіў, не купляў матацыкл, ён жа заб’ецца». Я кажу: «Не, бабуля, я не хачу, каб Эдзік купляў матацыкл, але Эдзік хоча. Ён дарослы чалавек і сам павінен прымаць рашэньне».

Але пасьля таго, як пачалі затрымліваць сяброў штабу Віктара Бабарыкі, Аляксандра зьехала ў Кіеў.

«Мой сябар сказаў: „Саша, калі ласка, не дастаўляй Эдзіку лішніх перажываньняў“. Я не магу сказаць, што я зьехала, толькі каб Эдзіку было добра, а я такая проста пакутую. Я сядзець таксама не хацела ні разу. На мяжы была імавернасьць, што нешта здарыцца. Але ўрэшце цябе гэта настолькі задзёўбвае, што больш за ўсё я перажывала за свайго сабаку Коку. Раздала ключы ад кватэры ўсім знаёмым, сябрам, на той выпадак, калі мяне затрымаюць, каб нехта пра Коку паклапаціўся. Усе ведалі, як яе трэба карміць, якія даваць таблеткі».

Аляксандра з сабакам Кокай
Аляксандра з сабакам Кокай

У Кіеве запусьціўся фонд BySol. Дзяўчына кажа, што першы месяц каманда фактычна жыла ў офісе, таму часу на перажываньні і нейкую параною не было. Калі штаб Ціханоўскай апынуўся ў Вільні, фонд таксама вырашыў пераехаць туды дзеля супрацоўніцтва.

Дзяўчына кажа, што яна сябе адчувае ў бясьпецы, але прысутнічае пастаянны страх за тых, хто ў Беларусі.

«Эдзік у камэры стварыў свой сусьвет»

Аляксандра расказвае, што пачынае пісаць лісты Эдуарду толькі ў добрым настроі.

«Калі я злуюся, то не дакранаюся да лістоў. Гэта як зь любым тэкстам, ты павінен разумець мэту. Мэта лістоў Эдзіку — падтрымліваць Эдзіка. Для яго вельмі важна ведаць, што ў мяне ўсё добра, што я вучу ангельскую, гуляю з Кокай, як у яе справы, я сплю, ем, нешта раблю. Бо яму так становіцца спакайней. Я дзялюся навінамі са зьнешняга сьвету, надвор’ем, курсам біткойна, пацешнымі фактамі з жыцьця жывёл, што заўгодна. Для яго супэрважна атрымліваць пазытыўныя лісты. Эдзік у сябе ў камэры стварыў свой сусьвет, ён малюе, займаўся ёгай і мэдытаваў, пакуль яму гэта не забаранілі».

Аляксандра Зьверава і Эдуард Бабарыка
Аляксандра Зьверава і Эдуард Бабарыка
Эдуард Бабарыка
Эдуард Бабарыка

Аляксандра кажа, што думка, як зьменяцца іх стасункі з Эдуардам пасьля выхаду з турмы, зусім яе не хвалюе.

«Мне часам задаюць пытаньне, ці не хвалююся я, што нашы адносіны сапсуюцца. Але я перажываю, бо чалавек не на волі. Для мяне Эдзік — самы блізкі чалавек, я яго вельмі люблю, і мяне непакоіць яго лёс як чалавека. Вельмі хочацца, каб яго адпусьцілі, каб ён сядзеў у сваёй хаце, са сваімі кніжкамі і з душам, урэшце. Вось гэта мяне хвалюе нашмат больш».

Аляксандра Зьверава і Эдуард Бабарыка
Аляксандра Зьверава і Эдуард Бабарыка

Дзяўчына кажа, што першы час пасьля затрыманьня Эдуарда прымушала сябе рабіць звыклыя рэчы, што некаторых знаёмых вельмі зьдзіўляла.

«Напрыклад, я працягвала езьдзіць сьнедаць зь сябрамі па нядзелях. Людзі былі зьдзіўленыя, бо я ж павінна ляжаць у сьлязах і пакутаваць. Гэта клясны досьвед, як узаемадзейнічаць з ацэнкай людзей. На першым часе я сябе настройвала, што калі я лягу і памру, то лепш нікому ад гэтага ня будзе — ні мне, ні Эдзіку, ні сабаку, ні краіне, наогул нікому. Усё роўна ў мяне ёсьць нейкае жыцьцё, і я пляную яго жыць. Вядома, рацыянальна і эмацыйна, што ты адчуваеш, — гэта неба і зямля. Кожны раз, калі я мыюся, думаю, што ў Эдзіка гэтага душа няма. Але ад таго, што я ў гэтым душы скручуся і буду галасіць ці забараню сабе ў гэты душ хадзіць, ну ня стане Эдзіку лепш, і мне ня стане».

Аляксандра Зьверава і Эдуард Бабарыка
Аляксандра Зьверава і Эдуард Бабарыка
Аляксандра Зьверава і Эдуард Бабарыка
Аляксандра Зьверава і Эдуард Бабарыка

«Дзяўчына напісала, што яе дачка думае, нібыта тата ў камандзіроўцы ў горадзе Турма»

Штодзень Аляксандра працуе ў фондзе зь людзьмі і сем’ямі, якія пацярпелі ад рэпрэсій у Беларусі. Эмацыйна гэта вельмі складана, кажа дзяўчына.

«У мяне здарылася першае выгараньне ўзімку, калі я ўжо ляжала як труп, чытала навіны і разумела, што я не вытрымліваю. Цяпер я проста імкнуся гэта дазаваць. На выходных наогул у рукі тэлефон не бяру і стараюся пагружацца менш. З аднаго боку, ты разумееш, што ня можаш заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца, я ж жывы чалавек з эмпатыяй. Я стараюся пераключацца на сяброў, сабаку, кніжкі чытаць, блог весьці, усё што заўгодна».

Першапачаткова фонд ствараўся, бо вельмі важна было падтрымаць людзей, якія праз сваю грамадзянскую пазыцыю сыходзілі з працы.

«Былі і хлопцы з заводаў, і былыя супрацоўнікі сілавых структур, зь якімі я нават асабіста сустракалася і разумела, што гэта людзі з прынцыпамі, якія трапляюць у супэрскладаную сытуацыю. Людзі былі гатовыя такіх хлопцаў падтрымліваць, і проста выбар не стаяў насамрэч, рабіць ці не. Цяпер мяне асабліва кранае тэма палітычных зьняволеных. Я ўяўляю, што такое для многіх семʼяў, калі яны страчваюць адзінага карміцеля, наколькі жанчынам псыхалягічна складана, калі іх мужа затрымліваюць, калі людзей трэба рэлякаваць, бо пад крымінальны перасьлед трапляюць абое бацькі і дзяцей могуць забраць. На адной з плянэрак мы ня ведалі, сьмяяцца ці плакаць, бо адна дзяўчына напісала, што яе дачка думае, нібыта тата ў камандзіроўцы ў горадзе Турма».

На думку Аляксандры, цалкам зразумела, што цяпер людзі ня будуць выходзіць на вуліцы і рызыкаваць сабой і блізкімі.

«Я, напрыклад, не гатовая. Але я веру, што на дадзеным этапе, як у гульні „джэнга“, трэба шмат усялякіх невялікіх дзеяньняў, каб яно ўсё калі-небудзь павалілася. Таму рабіць ці не рабіць — гэта выбар кожнага. Я хачу свой уклад у гэты працэс уносіць».

«Дабрачыннасьць — гарантыя, што ў цяжкой сытуацыі табе дапамогуць»

Цяпер у фонду шмат задач і праблем, кажа Аляксандра, бо сытуацыя ў Беларусі не зьмяняецца, а людзей, якім патрэбная дапамога, становіцца толькі больш.

«Мы спынілі выплаты звольненым. Зараз, калі людзі губляюць працу, мы можам дапамагчы ім, накіраваўшы на адмысловыя курсы, на перанавучаньне. Зь семʼямі палітвязьняў альтэрнатывы няма, ім патрэбная проста фінансавая дапамога, каб карміць дзяцей. Таксама трэба разумець, што чым даўжэй уся гэтая сытуацыя зацягваецца, тым складаней прыцягваць фінансаваньне. Ня будуць людзі бясконца ўтрымліваць семʼі, дапамагаць дваровым ініцыятывам».

Сыстэма пераводу сродкаў на дапамогу цалкам бясьпечная, хоць і больш энэргазатратная, кажа Аляксандра, бо фонд выкарыстоўвае крыптавалюту. Таксама дзяўчына падкрэсьлівае, што ўсе 100% сродкаў, якія пераводзяць на дапамогу, ідзе выключна людзям.

«Ёсьць некалькі крыніц падтрымкі каманды. Першае — асобны збор на каманду, куды людзі данацяць. Другое — можна пакінуць чаявыя на сайце. Яшчэ ёсьць фонды і кампаніі, якія нас падтрымліваюць».

Аляксандра лічыць, што людзям неабходная дабрачыннасьць, бо ва ўсіх ёсьць запыт, каб рэчаіснасьць зьмянялася да лепшага.

«Я ўпэўнена, калі б у людзей была магчымасьць разьмяркоўваць падаткі, яны б абіралі не чарговы палац пабудаваць, а вэтэранам дапамагчы і пляцоўку дзіцячую паставіць. Любая дабрачыннасьць — гарантыя, што калі ты апынесься ў цяжкой сытуацыі, табе дапамогуць. Для мяне гэта задавальненьне сваіх запытаў. Я хачу, каб было менш бяздомных сабак, я не хачу, каб іх забівалі, таму я заўсёды пераводжу грошы прытулкам, бо для мяне гэта важна».

Працуючы зь сем’ямі палітзьняволеных і пражываючы гэты досьвед сама, Аляксандра падкрэсьлівае важнасьць распаўсюду інфармацыі.

«Самы просты прыклад: калі дзяржава нешта ўзмоцнена глушыць, значыць, гэта працуе. Калі ў нас закрываюць усе магчымыя СМІ, значыць, СМІ рабілі вялікую працу. Чым больш мы распаўсюджваем салідарнасьць, тым больш у людзей, якім ня ўсё роўна, магчымасьці адчуць, што яны не адны, што ніхто не забыўся. Гэта супэрважна».

Аляксандра адзначае, што не заўжды разумее, чаму сем’і палітвязьняў баяцца распаўсюду інфармацыі пра свайго роднага.

«Быў выпадак, калі я размаўляла нават ня з жонкай, а зь сяброўкай жонкі маладога чалавека, якога абвінавацілі па крымінальным артыкуле. Жанчына напісала мне ў інстаграме, што яе сяброўка напалоханая, баіцца прасіць дапамогі, каб не было горш. А куды ўжо горш? Яна ня ведае, у якіх умовах яе муж, ім не даюць мець зносіны, яна ня ведае, у якім ён стане, яго ўжо абвінавацілі. Што горш? І ты разумееш, што дзякуючы розгаласу людзі пачнуць падтрымліваць, будзе хаця б магчымасьць наняць адваката і хоць нешта даведацца. Цяпер адвакаты, на жаль, працуюць як дарагія паштальёны, але гэта хаця б спосаб пераканацца, што чалавек жывы і цэлы».

«Я стварыла групу. За гадзіну туды прыйшлі чалавек сто»

Аляксандра стварыла праект Voices from Belarus, дзе самыя важныя навіны пра Беларусь пішуць на ангельскай мове, каб людзі з усяго сьвету ведалі, што адбываецца.

«Мусіць, першыя такія матэрыялы зьявіліся ў замежных СМІ ўжо пасьля пратэстаў. І было вельмі шмат беларусаў, якія даўно эмігравалі, з канкрэтным запытам: дзе можна па-ангельску пачытаць, што адбываецца, каб падзяліцца зь сябрамі, калегамі. Мяне глыбока ўразіла, наколькі для людзей, якія даўно пераехалі, важна падтрымліваць беларусаў унутры краіны. Я проста адабрала артыкулы, напісала ў інстаграме заклік да тых, хто валодае добра ангельскай і мае час і жаданьне дапамагчы».

Дзяўчына кажа, што была шакаваная колькасьцю ахвочых.

«Я стварыла групу, скінула туды матэрыялы. За гадзіну туды прыйшлі чалавек сто. Я проста зрабіла таблічку, а людзі самі падзяліліся на групкі, разабралі артыкулы, дамовіліся, хто перакладае, хто вычытвае. Праект больш за год існуе бясплатна, безь якіх-небудзь укладаньняў. А праз тое, што ўсё аптымізавана, нейкія скрыпты і дызайн гатовыя, у каго ёсьць вольны час, той падключаецца. Гэта супэрзручна. Таму я заўсёды „за“, калі нехта хоча да нас у каманду».

«98% паведамленьняў, што мне дасылаюць, вельмі пазытыўныя і добрыя»

Таксама Аляксандра вядзе свой блог у інстаграме. Кажа, што гэта займае ў яе трохі больш як гадзіну на дзень.

«Я — гэта я. Я не спрабую кімсьці здавацца, добрай, разумнай. Калі нешта кепскае мне ўласьціва, то я гэта прызнаю. Калі я малайчына, проста кажу, што я сабой задаволеная. 98% паведамленьняў, што мне дасылаюць, вельмі пазытыўныя і добрыя. І пішуць, што блог камусьці дапамагае, людзей падтрымлівае настрой, што я не ляжу і не паміраю, бо нехта ў падобнай сытуацыі, яго гэтак жа вінавацяць, што ён працягвае жыць, а хтосьці ўсё жыцьцё вяснушкі замазваў і перастаў. І гэта тая прычына, чаму я зразумела, што весьці блог клясна, гэта спосаб дзяліцца сваімі думкамі і нешта нават для людзей мяняць у пазытыўным ключы».

Аляксандры пішуць і некаторыя кепскія паведамленьні, якімі яна дзеліцца ў сваіх сторыс. Дзяўчына кажа, што гэта ўзьдзейнічае тэрапэўтычна.

«Калі пішуць нейкую гадасьць, ты так ці інакш успрымаеш гэта асабіста. Табе быццам сьмешна, але ты такі: а раптам я і праўда ёлуп? А калі ты звонку на гэта глядзіш, ты думаеш: не, ну праўда нейкая лухта. Калі цябе гэта асабіста не кранае, ты глядзіш больш цьвяроза».

Дзяўчына прызнаецца, што раней яе моцна кранала, калі пісалі нешта кепскае пра Віктара ці Эдуарда, але цяпер зьявіўся імунітэт.

Архтўнае фота, зьлева Віктар Бабарыка з жонкай, у цэнтры Эдуард Бабарыка і Аляксандра Зьверава, справа дачка Віктара Бабарыкі Марыя з мужам.
Архтўнае фота, зьлева Віктар Бабарыка з жонкай, у цэнтры Эдуард Бабарыка і Аляксандра Зьверава, справа дачка Віктара Бабарыкі Марыя з мужам.

«Мяне абвінавачваюць, што мне добра жыць у Літве, што ў мяне ёсьць грошы, а вось людзям дрэнна. Бывае, пішуць: „Вось калі б Эдзік паглядзеў“, і г.д... Трэба разумець, што хваравітая цікавасьць і спробы чалавека абвінаваціць — знак, што ў яго самога ўсё дрэнна. Банальна трэба час, каб сачыць за чалавекам, які цябе злуе. Я сачу за тымі, хто мне падабаецца, хто мяне натхняе. Ну, і ўвогуле злую энэргію можна накіраваць на нешта добрае».

«Вельмі складана глядзець на Машу Калесьнікаву і думаць: «Ат, буду жыць звычайным жыцьцём»

На пытаньне, якой Аляксандра бачыць Беларусь, калі ўсё зьменіцца, дзяўчына адказвае так:

«Усё проста. Трэба, каб улада была разгрупаваная, а не сканцэнтраваная на адным чалавеку. Людзі ўсё зробяць. Напрыклад, як Кастрычніцкая. Калі мы прыехалі ў офіс, там нічога не было. Прайшоў год, і там адчыняюцца кавярні, прасторы розныя. Я ўпэўнена, што Беларусь можа быць Швайцарыяй, у яе цудоўнае разьмяшчэньне. Для многіх хлопцаў гэта вялізны выклік — вярнуцца з-за мяжы і ўсё адбудоўваць. Ну вось Эдзік сапраўды нікуды не паедзе зь Беларусі. Эдзік заўсёды хацеў, каб у нас разьвіваліся праекты, бізнэс, культура і мастацтва. У людзей было такое запатрабаваньне, і Ulej гэта даказаў. Людзі жадаюць нешта рабіць. Яны не заўсёды могуць дапамагчы грашыма, але могуць неяк па-іншаму, ахвяраваць сваім часам».

Аляксандра кажа, што заўжды знаходзіць натхненьне ў розных рэчах.

«Я заўсёды стараюся глядзець на людзей, якія мяне натхняюць, а не злуюць. Ты ж у любым выпадку хочаш быць найлепшай вэрсіяй сябе. Ты ж ня можаш проста сядзець і пагаджацца: „Так, я такі“. Вельмі складана глядзець на Машу Калесьнікаву і думаць: „Ат, буду жыць звычайным жыцьцём“. Я яшчэ такі чалавек, што натхненьне сама з чаго заўгодна знайду. Часам хапае проста пагуляць з Кокай, паветра панюхаць, тэлефон у рукі ня браць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG