Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску асудзілі былога спэцназаўца, якога затрымалі за дзень да ад’езду за мяжу


Ян Папковіч, архіўнае фота
Ян Папковіч, архіўнае фота

Экс-інкасатара і спэцназаўца Яна Папковіча пакаралі 4 гадамі зьняволеньня.

Менскі гарадзкі суд прысудзіў былому інкасатара «Белгазпрамбанку» і экс-спэцназаўцу Яну Папковічу 4 гады калёніі, паведаміў «Медиазоне» ягоны брат Станіслаў.

Судзьдзя Вера Галаўкова прызнала Папковіча вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Грубае парушэньне парадку» (артыкул 342) і «Падрыхтоўка да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы» (арт. 13 і 361-3).

Старэйшы брат Яна Станіслаў расказаў «Медиазоне», што Ян віны на судзе не прызнаў. Абвінавачаньні паводле артыкулу 361-3 будаваліся на паказаньнях сьведкі, які на першым паседжаньні заявіў, што «на яго аказвалі ціск і ён падпісваў усё, што скажуць».

Да абвінавачаньня паводле гэтага крымінальнага артыкулу прыклалі перапіскі ў мэсэнджары зь сябрамі Яна, якія на той момант служылі ў палку Каліноўскага. Станіслаў кажа, што абвінавачаньне зачытвала толькі тыя часткі размоваў, дзе сябры запрашалі Яна ва Ўкраіну.

Суд адхіліў хадайніцтвы Яна аб вызначэньні сапраўднасьці гэтых перапісак, аб білінгу яго знаходжаньня на пратэстах і нібыта перакрыцьці руху.

Ян звольніўся і зьбіраўся разам з жонкай і братам 3 верасьня 2022 году выяжджаць у Польшчу, але напярэдадні, 2 верасьня 2022 году, яго затрымала група «Альфа». Падчас затрыманьня Яна моцна пабілі, а стрэлам паранілі ягонага сабаку.

Яна паказвалі ў некалькіх сюжэтах БТ, дзе называлі яго наймітам, які нібыта зьбіраўся ехаць на вайну ва Ўкраіну. Яна абвінавачваюць паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК (падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні).

Суд над палітвязьнем пачаўся 10 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG