Пра гэта паведамляе брытанская газэта Financial Times і называе сытуацыю «прывідным гандлем».
Згодна з адкрытымі зьвесткамі, пасьля маштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну з краінаў ЭЗ у Расею пад маркай транзыту ўвезьлі тавараў на два мільярды даляраў. Пры гэтым, як падкрэсьлівае выданьне, сапраўдны аб’ём «прывіднага гандлю» з ЭЗ у Расею значна вышэйшы.
Атрымальнікамі эўрапейскіх тавараў, у тым ліку і прадукцыі падвойнага прызначэньня, што знаходзіцца пад санкцыямі, якую можна выкарыстоўваць у ваеннай прамысловасьці, былі кампаніі ў Армэніі, Казахстане і Кіргізстане.
Расеі ўдалося абысьці санкцыі, указаўшы фальшывыя пункты прызначэньня ў мытных дэклярацыях ЭЗ, піша FT. Такім чынам, тавары, экспарт якіх у Расею забаронены — напрыклад, кампанэнты самалётаў, аптычнае абсталяваньне і газавыя турбіны, — наўпрост траплялі ў краіну з ЭЗ на падставе таго, што яны знаходзіліся на расейскай тэрыторыі толькі транзытам.
«Куды яшчэ яны маглі пайсьці? Чаму гэтым краінам раптам спатрэбіліся гэтыя тавары ў гэты час? Каму ў рэгіёне больш за ўсё патрэбныя гэтыя тавары? Відавочна, Расеі», — сьцьвярджае Эркі Кодар, міністар па санкцыях Эстоніі.
У публікацыі гаворыцца, што непрапарцыйна вялікая частка такога экспарту ідзе ў Расею з краінаў Балтыі.
У той жа час у суседніх з Расеяй краінах, якія не падтрымалі санкцыі, быў зафіксаваны падазрона рэзкі рост імпарту некаторых катэгорый тавараў. Як мяркуецца, яны затым адпраўляліся ў Расею.
Эўразьвяз неаднаразова заяўляў, што будзе змагацца з увозам санкцыйных тавараў у Расею абходнымі шляхамі. У прыватнасьці, у траўні ЭЗ забараніў транзыт праз Расею тавараў падвойнага прызначэньня.
Новы, 11-ы пакет санкцый, які цяпер абмяркоўваецца краінамі Эўразьвязу, сярод іншага, прадугледжвае пашырэньне сьпісу забароненых тавараў, якія праз трэція краіны трапляюць у Расею. Акрамя таго, ЭЗ плянуе стварыць новыя інструмэнты, якія перашкодзяць абыходу санкцый трэцімі краінамі.