Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША папярэдзілі Грузію аб санкцыях, калі ў краіну паляцяць падсанкцыйныя расейскія самалёты


Самалёт расейскай дзяржаўна-прыватнай авіякампаніі «Аэрофлот». Ілюстрацыйнае фота
Самалёт расейскай дзяржаўна-прыватнай авіякампаніі «Аэрофлот». Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША папярэдзіў, што можа ўвесьці санкцыі, калі грузінскія авіякампаніі будуць абслугоўваць расейскія самалёты, якія падпалі пад санкцыі. Пра гэта прадстаўнік амэрыканскага замежнапалітычнага ведамства заявіў у камэнтары грузінскаму выданьню Accent news.

«Заходнія дзяржавы, у тым ліку ЗША, забаранілі палёты расейскіх авіякампаній у сваёй паветранай прасторы. У выпадку аднаўленьня прамых авіязносін паміж Расеяй і Грузіяй гэта выкліча нашу занепакоенасьць і дазволіць увесьці санкцыі супраць грузінскіх авіякампаній, якія будуць абслугоўваць расейскія самалёты, што знаходзяцца пад імпартным і экспартным кантролем», – гаворыцца ў адказе Дзярждэпартамэнту.

У ведамстве падкрэсьлілі, што Захад асуджае дзеяньні РФ і лічыць, што «цяпер ня час паглыбляць адносіны з Расеяй».

«Грузінскаму народу трэба, каб Пуцін вывеў войскі з тэрыторыі Грузіі, акупаванай Расеяй, а не аднаўляў прамыя авіязносіны або адмяняў візавы рэжым», – дадалі ў ведамстве.

Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін 10 траўня падпісаў указы, паводле якіх Расея адновіць авіязносіны з Грузіяй, перапыненыя ў 2019 годзе па ініцыятыве расейскага боку, а таксама адменіць візавы рэжым для грамадзян Грузіі.

Прэзыдэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што гэта непрымальна, «пакуль Расея працягвае агрэсію супраць Украіны» і акупуе грузінскую тэрыторыю.

У Міністэрстве эканомікі Грузіі паведамілі, што гатовыя дазволіць прамыя рэйсы расейскіх авіякампаній і самалётаў, якія ня трапілі пад санкцыі, але пакуль расейскія перавозчыкі не падавалі такіх заявак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG