Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе пачалі перамовы аб новых санкцыях супраць Расеі, хуткага пагадненьня не чакаюць


Установы Эўразьвязу ў Брусэлі. Ілюстрацыйнае фота
Установы Эўразьвязу ў Брусэлі. Ілюстрацыйнае фота

У праекце 11-га пакету санкцый Эўразьвязу супраць Расеі за яе вайну ва Ўкраіне ёсьць і беларускія чыноўнікі.

10 траўня прадстаўнікі краін Эўразьвязу праводзяць першыя дыскусіі аб прапанаваных новых санкцыях у сувязі з вайной Расеі супраць Украіны, якія будуць нацэленыя на кітайскія і іранскія кампаніі і дазволяць абмежаваць экспарт у трэція краіны за парушэньне існых гандлёвых абмежаваньняў.

Паводле неназванага дыплямата, якога цытуе Reuters, перамовы, як чакаецца, будуць напружанымі: у той час як некаторыя з прадстаўнікоў ЭЗ заяўляюць, што меры недастатковыя, іншыя баяцца пашкодзіць міжнародныя сувязі.

Некалькі дыпляматаў заявілі, што шырокія розныя пункты гледжаньня азначаюць, што хуткага пагадненьня не чакаецца.
Эўразвяз распрацоўвае ўжо 11-ы пакет санкцый супраць Расеі. Старшыня Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен раней заяўляла, што новы пакет санкцый у асноўным будзе накіраваны на прадухіленьне абыходу існых абмежаваньняў.

Усе 27 краін ЭЗ павінны пагадзіцца з прапанаванымі захадамі, каб новыя санкцыі набылі моц.

Нядаўна Financial Times паведаміла, што Эўразвяз можа ўвесьці санкцыі супраць некалькіх кітайскіх кампаній за пастаўкі электронікі ў Расею. У Бруселі лічаць, што прадукцыя гэтых кампаній можа выкарыстоўвацца ў вытворчасьці зброі.

Калі новыя абмежаваньні будуць ухваленыя, гэта стане першым выпадкам іх прымяненьня Эўразьвязу да кампаній з Кітаю ў рамках санкцыйнай палітыкі супраць Расеі.

Санкцыі супраць уладаў Беларусі

Прыняцьце чарговага пакету санкцый адносна Беларусі па-ранейшаму замарожанае. Праца над новымі санкцыямі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі не прасоўваецца з прычыны пытаньня ўгнаеньняў: шэраг краінаў Заходняй Эўропы настойваюць на паслабленьні санкцыйных абмежаваньняў, што тычацца экспарту беларускіх угнаеньняў.

Яшчэ двух прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі прапануюць уключыць у 11-ы пакет санкцый Эўразьвязу ў сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны, паведамляюць вартыя даверу крыніцы Радыё Свабода ў Брусэлі.

У наступны сьпіс санкцый прапануюць уключыць

  • Уладзімера Марозава, начальніка Беларускай чыгункі. Ён, як сьцьвярджаецца, падтрымліваў разгортваньне і транспартаваньне расейскага вайсковага пэрсаналу і тэхнікі, якія ўдзельнічалі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны, таму нясе адказнасьць за падтрымку і рэалізацыю дзеяньняў і палітыкі, якія падрываюць і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны.
  • Дзьмітрыя Пантуса, старшыню Дзяржаўнага ўпраўленьня вайсковай прамысловасьці Беларусі. Гэтае ўпраўленьне распрацоўвае і абслугоўвае ўзбраеньне, садзейнічае вытворчасьці зброі падведамаснымі прадпрыемствамі, забясьпечвае вайскова-прамысловую каапэрацыю, ажыцьцяўляе нагляд за перамяшчэньнем зброі празь дзяржаўную мяжу і забясьпечвае навігацыю расейскага войска. Падкрэсьліваецца, што на сваёй пасадзе Дзьмітры Пантус аказвае ваенную падтрымку Расеі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны.

Што будзе ў 11-м пакеце санкцый супраць Расеі

Прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен 9 траўня ў Кіеве заявіла, што ў 11-м пакеце санкцый супраць Расеі плянуецца ўвесьці забарону на імпарт новых тэхналёгій і запчастак для самалётаў, а таксама ўзмацніць адказнасьць за абыход санкцый.

«Мы працягваем рабіць усё залежнае ад нас, каб спыніць ваенную машыну Пуціна. Нашы санкцыі працуюць. Напрыклад, мы зьменшылі наш імпарт з Расеі прыблізна на дзьве траціны. Гэта вялізны ўдар па даходах Расеі. Мы ўжо прымусілі Крэмль заплаціць высокую цану дзякуючы 10 пакетам санкцый. Эўракамісія зацьвердзіла прапановы для 11-га пакета, які будзе сканцэнтраваны на недапушчэньні абыходу абмежаваньняў. Мы працуем у гэтым пытаньні з партнэрамі, у тым ліку краінамі G7», — паведаміла Урзуля фон дэр Ляен.

Паводле крыніцы Свабоды ў Брусэлі, у рамках новага пакету санкцый супраць Расеі прапануюць:

  • уключыць у сьпіс новых фізычных і юрыдычных асобаў,
  • распаўсюдзіць забарону транзыту праз тэрыторыю Расеі на падсанкцыйныя перадавыя тэхналёгіі і камплектуючыя, якія выкарыстоўваюцца ў аэракасьмічнай галіне (цяпер гэтая забарона распаўсюджваецца на тавары падвойнага прызначэньня),
  • цалкам забараніць экспарт люксавых аўтамабіляў (цяпер забарона распаўсюджваецца толькі на аўтамабілі цаной больш за 50 000 эўра), распаўсюдзіць забарону на экспарт тэхналягічнай прадукцыі, знойдзенай на палях бітваў ва Ўкраіне,
  • стварыць сыстэмы процідзеяньня абыходу санкцый: першым крокам будзе папярэджаньне трэціх краін аб тым, што яны абыходзяць санкцыі, наступны крок — накладаньне санкцый на суб’екты з трэціх краін, якія працягваюць абыходзіць санкцыі,
  • увесьці дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да іранскіх і 8 кітайскіх кампаній,
  • распаўсюдзіць забарону перавозак на грузавыя аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Расеі,
  • узмацніць кантроль за імпартам мэталапрадукцыі — неабходна будзе прадэманстраваць, што прадукцыя, якая ўвозіцца з трэціх краін, ня зробленая ў Расеі ці з расейскіх кампанэнтаў (аналягічныя абмежаваньні будуць адносна драўніны і вырабаў з дрэва),
  • новыя абмежаваньні на інтэлектуальную ўласнасьць,
  • увядзеньне забароны на заход у парты ЭЗ суднаў, якія адключаюць сыстэму адсочваньня руху або перавозяць падсанкцыйныя тавары,
  • уключэньне ў прававы акт забароны на імпарт нафты па паўночнай частцы нафтаправоду «Дружба» (г.зн. той частцы, якая ідзе празь Беларусь, Польшчу і Нямеччыну),
  • пашырэньне сьпісу забароненых да вяшчаньня СМІ (уключаючы RT Балканы).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG