Ён тлумачыць магчымыя прычыны ўвядзеньня пашпартнага кантролю на ўезьдзе ў Беларусь з Расеі, расказвае, што адбываецца цяпер на мяжы, а таксама ці паўплывае гэта на працу службы эвакуацыі BySol.
Глядзець размову на відэа цалкам
Сьцісла
- Калі вы ня можаце забясьпечыць контур бясьпекі з гэтым дэвайсам, не бярыце яго ўвогуле. А езьдзіце зь нейкай падменнай «мабілай», каб у вас была сувязь.
- Беларусь спрабуе ізаляваць гэтую мяжу, увесьці як мага больш шчыльны кантроль, каб зь Беларусі і выехаць было немагчыма, бо гэта адзін з кірункаў, які абіраюць людзі, якія хочуць пакінуць краіну.
- Застаюцца тыя магчымасьці, якія ў нас ёсьць на сёньня. Ніхто ня ведае, што будзе заўтра, але самае галоўнае, што служба эвакуацыі працуе. Дастаткова вялікая колькасьць людзей выяжджае штотыдзень.
«Калі вы перасякаеце мяжу з Расеяй, патэнцыйнай небясьпекай зьяўляецца ўжо наяўнасьць у вас шэнгенскай візы»
— Вы разьмясьцілі ў сваіх сацсетках пост з парадамі — што важна ведаць і памятаць пры пераходзе мяжы з Расеі ў Беларусь. Падзяліцеся імі з аўдыторыяй Свабоды.
— На сёньня сытуацыя, якая склалася на беларуска-расейскай мяжы, вельмі падобная да тае, якая ўжо дастаткова даўно існуе на межах Беларусі і Эўразьвязу. Там узмоцнены кантроль, сілавікі вельмі моцна шукаюць нейкія кампраматы, нейкі «экстрэмізм» у дэвайсах людзей, якія перасякаюць мяжу. Калі раней такога кантролю не было і можна было езьдзіць больш расслаблена, то цяпер і на гэтым напрамку трэба кіравацца пэўнымі базавымі рэчамі, якія могуць падмацаваць вашу бясьпеку больш, чым калі іх не выконваць.
Самае галоўнае, што трэба памятаць, гэта тое, што ваш дэвайс можа быць як вашым сябрам, так і вашым ворагам. На жаль, сярэдні ўзровень карыстальніка мабільнага тэлефона не прадугледжвае такога ўзроўню, каб чалавек дакладна ведаў, дзе і што захоўваецца, якім чынам можна атрымаць доступ да тых ці іншых матэрыялаў, падпісак і ўсяго астатняга. Таму самы галоўны базавы прынцып — калі вы ня можаце гарантаваць контур бясьпекі з гэтым дэвайсам, не бярыце яго ўвогуле. А езьдзіце зь нейкай падменнай «мабілай», каб у вас была сувязь, і пры гэтым яна выглядала абсалютна чыстай, прыстойнай і не выклікала ніякай цікаўнасьці ў сілавікоў.
Другая вельмі важная парада. Калі вы перасякаеце мяжу з ЭЗ, абсалютна натуральна, што ў вас ёсьць шэнгенская віза альбо дазвол на жыхарства і нават пашпарт іншай краіны. Калі вы перасякаеце мяжу з Расеяй, патэнцыйнай небясьпекай зьяўляецца ўжо наяўнасьць у вас шэнгенскай візы. Гэта прыцягвае ўвагу, і вы можаце атрымаць непрыемныя пытаньні ад сілавікоў — як вы яе атрымлівалі, навошта вам гэтая віза, куды вы езьдзіце. Проста ўявіце сабе, як можна адказваць на пытаньні нязмушана, абсалютна спакойна і не выклікаць падазрэньняў.
— Чым бы вы патлумачылі падвышаны кантроль на ўезьдзе ў Беларусь з Расеі?
— Ёсьць некалькі вэрсій. Я згаджаюся з адной з працоўных вэрсій, якую агучыў Аляксандар Азараў з ByPol — што беларускія ўлады вельмі баяцца магчымасьці інфільтрацыі ўкраінскіх дывэрсійных груп праз расейскую мяжу. Яны бачаць, што ўкраінцы сябе адчуваюць як дома ў Расейскай Фэдэрацыі, робяць розныя дывэрсійныя акты, падрываюць цягнікі, бамбуюць далёкія ад мяжы аэрадромы, спрабуюць атакаваць інфраструктурныя і вайсковыя аб’екты. Ва ўсіх зараз на слыху сытуацыя з Захарам Прылепіным, дзе незразумела, хто яго падарваў, але ўсё ж улада Беларусі спрабуе перастрахавацца.
Асаблівы кантроль і асаблівую ўвагу беларускія сілавікі цяпер зьвяртаюць на тых, хто ўяжджае з боку Расеі, а не выяжджае. На выезд, у прынцыпе, нічога не зьмянілася. Як і раней, ёсьць кантроль, але няможна сказаць, што ён узмоцнены.
«Узровень побытавай карупцыі ў Расеі значна вышэйшы, і „павырашаць“ пытаньні там значна прасьцей, таму ёсьць людзі, якія туды выяжджаюць»
— Паводле вашых крыніцаў, што цяпер адбываецца на беларуска-расейскай мяжы, акрамя падвышанага кантролю?
— Ёсьць агульнавядомая інфармацыя пра тое, што перакопваюцца цяпер сьцежкі і дарожкі, якія ідуць у абыход асноўных магістраляў, шасьці асноўных кірункаў на выезд і ўезд з Расеі. Калі глядзець маштабна на гэта ўсё, то мяжа заўсёды корміць людзей, якія жывуць побач. І кантрабанда паміж Беларусьсю і Расеяй была, ёсьць і будзе. У першую чаргу гэта лом чорных мэталаў — традыцыйны заробак людзей памежных зонаў, бо ў Расеі значна вышэйшыя цэны на скуп гэтага рэсурсу. Плюс перавозка розных тавараў, прадуктаў харчаваньня і астатняга.
Беларусь спрабуе зараз ізаляваць гэтую мяжу, увесьці як мага больш шчыльны кантроль, каб зь Беларусі і выехаць было немагчыма, бо гэта адзін з кірункаў, які абіраюць людзі, якія хочуць пакінуць краіну і быць у адноснай бясьпецы. У адноснай, бо Расея — таксама дыктатура, і там таксама можна быць схопленым сілавікамі і адпраўленым у Беларусь. Але ж узровень побытавай карупцыі там значна вышэйшы, і, як кажуць, «павырашаць» пытаньні там значна прасьцей. Таму ёсьць людзі, якія туды выяжджаюць.
— Маглі б вы структураваць, хто найчасьцей перасякае беларуска-расейскую мяжу з абодвух бакоў? Якія гэты групы людзей?
— Ніхто ня можа дакладна сказаць, колькі беларусаў цяпер жывуць у Расеі і колькі працуюць там, але, безумоўна, амаль усе малыя і вялікія гарады ўсходу Беларусі — рэсурсная база для рынку працы Расеі. Такія гарады, як Барань, Ворша, Рэчыца, Рагачоў часта называюць партовымі гарадамі. У іх жывуць у асноўным людзі сталага ўзросту, дзеці і жанчыны. Усе дарослыя мужчыны працоўнага ўзросту зьехалі на заробкі, таму і такія паралелі з партовымі гарадамі. Ня шмат што зьмянілася.
Шмат хто выехаў. Па самых кансэрватыўных ацэнках, за час з 2020 па 2023 год Беларусь страціла каля 200 тысяч чалавек. Мая асабістая ацэнка як экспэрта ў гэтым пытаньні — гэта ня менш за паўмільёна, калі ўлічваць тых людзей, якія зьехалі ня толькі на захад, але і на ўсход. Шмат хто паехаў у Расею, бо там ёсьць грошы, там можна працаваць. І, бадай, гэта самая асноўная катэгорыя — людзі, якія езьдзяць на працу ў Расею і вяртаюцца назад да сваіх семʼяў. Таксама гэта кіроўцы-дальнабойшчыкі, якія ўвесь час езьдзяць паміж Беларусьсю і Расеяй.
«У Расеі агромністая колькасьць агентаў уплыву ў сілавых структурах і ўвогуле ў Беларусі, ім кагосьці тэрмінова завозіць няма ніякага сэнсу»
— У якой ступені гэта зьвязана з вайной ва Ўкраіне, зь перасоўваньнем расейскіх вайскоўцаў па тэрыторыі Беларусі? Выглядае, што іх гэта ў найменшай ступені будзе тычыцца...
— Хутчэй за ўсё так, бо яны езьдзяць эшалёнамі. Яны ня езьдзяць маршрутнымі таксі і аўтобусамі. Іх завозяць цэнтралізавана на тыя палігоны, дзе яны навучаюцца, і потым цэнтралізавана вывозяць. Некаторыя мае ўкраінскія калегі выказвалі кансьпіралягічную тэорыю, што нібыта ў сувязі з тым, што Аляксандар Лукашэнка спрабуе дыстанцыявацца ад агрэсіўнай расейскай палітыкі, ён уводзіць гэты дадатковы кантроль, каб нібыта спыніць магчымасьць інфільтрацыі расейскіх дывэрсійных групаў, якія могуць зрабіць нешта кшталту штурму палаца Аміна.
Мне падаецца гэта троху фантазіямі, улічваючы тое, што расейскае войска дэ-факта знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі ў месцах сталай дысьлякацыі. У Расейскай Фэдэрацыі агромністая колькасьць агентаў уплыву ў сілавых структурах і ўвогуле ў Беларусі. Ім кагосьці зараз тэрмінова завозіць няма ніякага сэнсу.
І тыя дамоўленасьці, што ёсьць паміж дэ-факта ўжо не беларускім войскам і расейскім войскам, прадугледжваюць тое, што эфэктыўны кантроль над тэрыторыяй Беларусі можна ажыцьцяўляць і без усякіх такіх дывэрсійных штук. Проста ў межах існуючых дамоўленасьцяў. Лукашэнка прыхварэў, што ж, Уладзімір Пуцін можа сказаць, што трэба дапамагчы нашаму саюзьніку і ўзмацніць кантроль на межах і паставіць дадатковыя ПВА, і яшчэ сьцягі расейскія павесіць на выканкамах, няхай два вісяць. Такія сцэнары таксама магчымыя, і таму я ня надта падзяляю вэрсію, што кантроль уведзены для дадатковага абмежаваньня перасоўваньня менавіта расейскіх агентаў па тэрыторыі Беларусі.
«На 11 траўня я магу сказаць, што ніякага ўплыву гэтыя дадатковыя меры на нас не аказалі»
— Якім чынам гэта ўсё паўплывала, можа паўплываць на працу службы эвакуацыі BySoL? Разумею, што поўнага адказу магу не атрымаць на гэтае пытаньне.
— На 11 траўня я магу сказаць, што ніякага ўплыву гэтыя дадатковыя меры на нас не аказалі. Застаюцца тыя магчымасьці, якія ў нас ёсьць на сёньня. Ніхто ня ведае, што будзе заўтра, але сама галоўнае, што служба эвакуацыі працуе. Людзі выяжджаюць. Гэта дастаткова вялікая колькасьць людзей штотыдзень. У абсалютных лічбах хіба не скажу, але магу сказаць, што пасьля дывэрсіі ў Мачулішчах ёсьць стабільна высокі ўзровень людзей, якія трапляюць пад рэпрэсіі і спрабуюць пазьбегчы арышту і выехаць з краіны.
Ні для кога не сакрэт, што бʼюць па пэўных прафэсійных групах. Гэта людзі, якія займаліся ці займаюцца спартовай стральбой, які займаюцца рэканструкцыяй. Сілавікі пайшлі па гэтых мэтавых групах. Вельмі часта людзі ні да чога ня маюць дачыненьня. Проста яны хадзілі ў нейкі гурток ці клюб, і ўвесь гэты клюб пачынаюць «шарсьціць». Так што дастаткова шмат людзей выяжджае, і пакуль у нас будуць такія магчымасьці, мы будзем вывозіць людзей і ратаваць сваіх.
— Давайце пагаворым цяпер пра тое, што адбываецца на межах Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй. Наколькі жорсткі кантроль там? І якія парады для людзей, якія едуць у краіны Эўразьвязу зь Беларусі ці вяртаюцца зь іх у Беларусь?
— Як жартуюць, цяпер самы кароткі шлях у Варшаву ляжыць празь Вільню. Атрымліваецца так, што з Польшчы застаўся толькі адзін памежны пераход, прасьцей і хутчэй дабрацца да краінаў заходняй і цэнтральнай Эўропы празь Вільню, таму людзі збольшага выкарыстоўваюць гэты шлях. Спэцыфіка кантролю беларуска-польскай і беларуска-літоўскай мяжы не адрозьніваецца. І там, і там людзей чакаюць абсалютна аднолькавыя небясьпекі, якія зьвязаныя найбольш з дэвайсамі людзей. Гэта тычыцца выезду зь Беларусі.
У сытуацыі з уездам ёсьць іншыя небясьпекі. Пачынаецца лета, шмат хто зь беларусаў, якія стала жывуць за мяжой альбо выехалі пасьля 2020 году, пачынаюць наведваць сваіх бацькоў, сваякоў. Я хачу перасьцерагчы людзей наконт гэтага дзеяньня. Яно можа быць вельмі небясьпечным для вас. Вы ня ведаеце, якім чынам і якая інфармацыя трапіла да сілавікоў пра вашы актыўнасьці, асабліва калі мы гаворым пра актыўнасьць дыяспары 2020 году. Вельмі шмат хто выходзіў на дэманстрацыі, падпісваў розныя пэтыцыі, данаціў.
Ва ўладаў ёсьць вялізарны аб’ём інфармацыі наконт вельмі вялікай колькасьці людзей. Яны ўзялі такую колькасьць закладнікаў і атрымалі такую колькасьць магчымасьцяў атрымаць доступ да інфармацыі. Патлумачу, як гэта працуе. Бяруць нейкага чалавека ў нейкім горадзе зь яго дэвайсам, незашыфраваным, у якім захаваліся відэа, фота і ўсё астатняе. Па гэтых відэа і фота яны ствараюць базу тых, хто можа быць патэнцыйна датычны да тых ці іншых дзеяньняў. Выпампоўваюць цалкам кантактную кнігу з тэлеграму, прабіваюць па чатах, па розных перапісках, хто, дзе і якім чынам удзельнічаў.
Вы можаце ўжо забыцца і думаць, што ўлада таксама забыла за гэтыя тры гады пра вашу актыўнасьць, але ня майце ілюзіяў. На жаль, нават па афіцыйных дадзеных уладаў Беларусі, больш за 50 чалавек у мінулым годзе былі арыштаваныя, калі яны вярнуліся ў Беларусь. Я разумею, што бываюць розныя прычыны, хочацца пабачыць бацькоў. На жаль, шмат хто з нас ужо пахаваў сваіх блізкіх, не пабачыўшы іх пасьля 2020 году. Але ацэньвайце сытуацыю рэалістычна. Ці будзе камусьці добра ад таго, што вы сядзеце ў турму, паехаўшы ў Беларусь? Прымайце гэтае рашэньне сьвядома.
— Што б вы маглі сказаць нашай аўдыторыі ў Беларусі, людзям, якія ўсё ж спрабуюць выяжджаць за мяжу і вяртацца дадому? Які асноўны мэсыдж вы б ім далі, акрамя засьцярогаў, якія вельмі важныя?
— Самы галоўны мэсыдж — трэба памятаць, што BySol працягвае сваю працу, і калі вам будзе патрэбная дапамога, вам заўсёды ёсьць куды зьвярнуцца. Не зацягвайце пытаньне, калі вы адчуваеце небясьпеку, пракансультуйцеся. Можна зьвяртацца да нас на гарачую лінію альбо ў нашы сацыяльныя сеткі, задаваць пытаньне наконт розных аспэктаў бясьпекі. Яшчэ раз падкрэсьліваю, што мы будзем працаваць роўна столькі, колькі будзе магчымасьць дапамагаць людзям як у Беларусі, так і беларусам дыяспары.