Рэжым Лукашэнкі даўно глядзіць на дзяцей як на ідэалягічных жаўнераў. Для чыноўнікаў гэта ня проста маленькія людзі, пра дабрабыт якіх мы абавязаны клапаціцца найлепшым чынам, а патэнцыйныя пасьлядоўнікі Лукашэнкі. Для іх гэта людзі, якіх трэба выгадаваць ідэалягічна правільнымі адзінкамі, максымальна далёкімі ад крытычнага мысьленьня. І найлепш гэта можна зрабіць, цалкам адарваўшы дзяцей ад іх бацькоў.
У Беларусі дзецьмі заўжды шантажавалі палітычна актыўных людзей, але гэтага Лукашэнку было мала. Усё ж сем’і змагаліся, уцякалі, дабіваліся зацікаўленасьці з боку СМІ і, што самае галоўнае, працягвалі ўплываць на мысьленьне і сьветапогляд саміх дзяцей. Але вайна Расеі супраць Украіны дала ўладам Беларусі новыя магчымасьці — цяпер яны могуць гадаваць літаральна стэрыльнае ідэалягічнае войска, дэпартуючы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь.
Вядома, гэта аніякая не эвакуацыя, як тое спрабуюць падаць удзельнікі гэтых злачынстваў, а незаконны вываз дзяцей, які цяпер названы прыкметай генацыду. Эвакуаваць дзяцей могуць іх сваякі, законныя прадстаўнікі ці ўкраінскія ўлады. І робяць яны гэта ў большасьці выпадку не ў краіны, з тэрыторыі якіх на іх ляцяць ракеты. Вядома, выехаць з акупаваных тэрыторый можна амаль што толькі праз уласна краіну-акупанта, але для большасьці людзей яна становіцца транзытнай тэрыторыяй, адкуль яны выяжджаюць у бясьпечныя месцы.
І не, калябаранты ці завезеныя з Расеі на акупаваныя тэрыторыі людзі ня могуць станавіцца законнымі прадстаўнікамі дзяцей замест забітых бацькоў ці дырэктараў інтэрнатаў. І калі такія людзі ўдзельнічаюць у дэпартацыях дзяцей, яны робяць злачынства, за якое, хочацца верыць, ім яшчэ давядзецца адказваць перад судом.
Тое што адбываецца цяпер, — сапраўдная катастрофа, але для рэжыму Лукашэнкі гэта проста сацыяльная палітыка мары. Гэта быццам экспэрымэнт, у межах якога дзеці — гэта маёмасьць дзяржавы. Вядома, вы можаце сказаць, што ў рэжыму Лукашэнкі хапае для гэтага экспэрымэнту і беларускіх дзяцей — у нас жа дагэтуль існуюць дзіцячыя дамы, дзе ў дзяцей няма любячых бацькоў (біялягічных ці прыёмных), а ёсьць выхавальнікі — людзі, якія мусяць адпавядаць цяперашнім патрабаваньням да супрацоўнікаў у сфэры адукацыі. Калі казаць каротка, дык гэта проста мусяць быць ідэалягічна правераныя і палітычна верныя Лукашэнку людзі, бо іншых сыстэма цяпер вельмі ўпарта пазбаўляецца.
Забітыя альбо пакалечаныя ва Ўкраіне родныя дэпартаваных у Беларусь дзяцей ніяк ня могуць замінаць уладам гадаваць малых «ідэалягічна правільнымі». Самі ж дзеці і праз свой узрост звычайна ня могуць супраціўляцца дзеяньням дарослых, а зь дзецьмі, якія перажылі вайну, усё яшчэ складаней. Спадзявацца на тое, што шмат хто зь іх зможа захаваць гістарычную памяць і нацыянальную ідэнтычнасьць, наўрад ці варта.
Па-першае, у іх будуць спрацоўваць ахоўныя функцыі псыхікі і яны будуць адаптавацца да новай рэальнасьці, каб выйсьці з сытуацыі з найменшымі стратамі. Па-другое, нават на дарослых прапаганда ўзьдзейнічае вельмі пасьпяхова, дык што гаварыць пра дзяцей.
І ўсё гэта — ідэал для рэжыму Лукашэнкі. Пляваць на дабрабыт дзяцей, на іх рэальныя інтарэсы, на іх пачуцьці ў сувязі з адрывам ад бацькоў (вывозяць жа ня толькі тых, у каго бацькоў няма). Пляваць увогуле на ўсё, акрамя ўласнага жаданьня мець яшчэ болей улады.
Зрэшты, канцэптуальна новага ў гэтым нічога няма. Гэта старая гульня, толькі стаўкі робяцца ўсё вышэйшымі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.