Рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік Расеі ў агрэсіўнай вайне ня толькі праз тое, што дазволіў скарыстаць тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну і сваю інфраструктуру — для навучаньня і аднаўленьня расейскіх войскаў, але і таму, што ў Беларусь вязуць дзяцей, гвалтоўна дэпартаваных з акупаваных украінскіх тэрыторый, — заявіў на брыфінгу ў Брусэлі 5 траўня Майкл Карпэнтэр, амбасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.
Паводле Карпэнтэра, накіраваньне ўкраінскіх дзяцей у дзіцячыя лягеры на акупаваных тэрыторыях, а таксама на тэрыторыі Расеі і Беларусі, — гэта адзін з спосабаў, якім расейскія ўлады забіраюць дзяцей зь сем’яў.
«Паведамлялася, што бацькам, якія выказваюць неахвоту дасылаць дзяцей у такія лягеры, пагражаюць альбо намёкамі, альбо адкрыта, што іх пазбавяць бацькоўскіх правоў. Потым Расея з прыдуманых прычын перавозіць гэтых дзяцей у іншыя лягеры, не даючы інфармацыі бацькам ці апекунам», — сказаў Карпэнтэр.
Майкл Карпэнтэр агучыў высновы камісіі АБСЭ, якая займалася пытаньнем гвалтоўных дэпартацый украінскіх дзяцей. Сярод гэтых высноваў наступныя:
- Расея ня толькі сыстэматычна парушала правы ўкраінскіх дзяцей — яна адмаўляла ім у праве на ідэнтычнасьць, сямʼю, на свабоду сумленьня, думкі і рэлігіі, права на здароўе, свабоду і бясьпеку.
- Вываз Расеяй дзяцей — парушэньне міжнароднага гуманітарнага права, у некаторых выпадках — грубае парушэньне Жэнэўскай канвэнцыі і ваеннае злачынства, а таксама, імаверна, — злачынства супраць чалавечнасьці, бо адпавядае вызначэньню дэпартацыі альбо гвалтоўнага перамяшчэньня насельніцтва.
- Тысячы дзяцей вывозілі ў Расею, у тым ліку ў Сібір і на Далёкі Ўсход.
- Па стане на красавік 2023 году толькі 361 дзіця вярнулі ва Ўкраіну.
- Каманда АБСЭ прыйшла да высновы, што пакуль немагчыма вызначыць дакладную колькасьць вывезеных дзяцей, бо Расея адмаўляецца супрацоўнічаць. Украінскі ўрад гаворыць пра прыблізна 20 тысяч дзяцей, але імаверна, што сапраўдная лічба вышэйшая, бо ня ўсе выпадкі дэпартацый вядомыя.
Амбасадар ЗША, цытуючы справаздачу АБСЭ, таксама падкрэсьліў, што ўкраінскіх дзяцей часта гвалтоўна аддзяляюць ад бацькоў падчас так званага «працэсу фільтрацыі». Бацькоў адпраўляюць у адны фільтрацыйныя лягеры, а дзяцей — у іншыя. Тым дзецям, якіх перадаюць у расейскія семʼі, часта мяняюць імёны, прозьвішчы і нават месца нараджэньня, што робіць немагчымым вызначыць іх сапраўдную ідэнтычнасьць.
- Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтве ў Эўропе кваліфікавала вываз украінскіх дзяцей як ваеннае злачынства. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваных 4 траўня высновах экспэртаў «Маскоўскага мэханізму» арганізацыі.
- У дакладзе адзначаецца, што «практыка прымусовага перамяшчэньня... украінскіх дзяцей на часова акупаваныя тэрыторыі і на тэрыторыю Расеі можа кваліфікавацца як злачынства супраць чалавечнасьці: «дэпартацыя ці гвалтоўнае перамяшчэньне насельніцтва».
- У высновах экспэртаў згадваецца і Беларусь, куды ўкраінскіх дзяцей, у прыватнасьці, перавозілі падчас «наступленьня расейскіх войскаў у Кіеўскай вобласьці на пачатковым этапе ўварваньня».
- У дакумэнце паведамляецца пра выпадкі, калі бацькам на акупаваных украінскіх тэрыторыях Украіны прапаноўвалася адправіць сваіх дзяцей у «аздараўленчыя лягеры ў Крыме і Расеі (а таксама ў Беларусь)».
- 27 красавіка Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) прыняла рэзалюцыю, у якой заклікала міжнародную супольнасьць падтрымаць судовы перасьлед і прыцягненьне да адказнасьці ў тым ліку Аляксандра Лукашэнку — за незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей.
- 4 траўня прэзыдыюм Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Белаурсі заявіў пра сваё абурэньне з нагоды прыняцьця ПАРЭ рэзалюцыі пра перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей у Расею і «згадваньнем у гэтым дакумэнце Беларусі».
- У сакавіку Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Акрамя таго, ордэр выдадзены на ўпаўнаважаную па правах дзіцяці ў Расеі Марыю Львову-Бялову. МКС падазрае абаіх ва ўчыненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацый і перамяшчэньня насельніцтва, у прыватнасьці дзяцей, з акупаваных тэрыторый Украіны. Міжнароднае права можа расцэньваць гэта як генацыд.
- Больш за тысячу дзяцей і падлеткаў з Данбасу маюць прыехаць у красавіку-траўні ў Беларусь у дзіцячы аздараўленчы лягер «Дубрава» ў Салігорскім раёне Менскай вобласьці. Пра гэта на мінулым тыдні заявіў праўладны актывіст, паралімпіец і заснавальнік дабрачыннага фонду Аляксей Талай.
- Беларускі дыплямат, лідэр «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) Павал Латушка зьвяртаў увагу на тое, што дзеці, якія прыяжджаюць у Беларусь з часова акупаваных украінскіх тэрыторый, непаўналетнія, ва ўзросьце ад 6 да 15 гадоў, часта гэта сіроты ці тыя, хто страціў карміцеля. А гэта значыць, падкрэсьлівае Латушка, што толькі ўпаўнаважаны орган Украіны мае права даваць дазвол на выезд гэтых дзяцей.