Каманда «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) прадстаўляе ў Страсбургу справаздачу «Роля рэжыму Лукашэнкі і саюзнай дзяржавы ў незаконным перамяшчэньні і перавыхаваньні дзяцей з Украіны», паведаміў 9 мая кіраўнік арганізацыі, намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка.
Паводле яго, дакумэнт зьмяшчае «звыш 150 старонак фактычных абставін учыненых злачынстваў, прававога абгрунтаваньня і доказаў». Ён быў складзены з «улікам прынятых 27 красавіка рашэньняў ПАРЭ, звароту Вярхоўнай Рады Ўкраіны, за які аднагалосна прагаласавалі 3 траўня, заключэньня АБСЭ, прынятага 4 траўня».
«Для нас важна акрэсьліць неабходнасьць вызначэньня ролі Лукашэнкі як ваеннага злачынца за дзеяньні, якія парушаюць Жэнэўскую канвенцыю 1949 году», — падкрэсьліў Латушка.
Паводле інфармацыі НАУ, было праведзена «больш за 15 сустрэч, у тым ліку з кіраўніцтвам Рады Эўропы, віцэ-прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту Эвай Копач, пастаяннымі прадстаўнікамі чальцоў Рады Эўропы ў камітэце у справах міграцыі, уцекачоў і перамешчаных асобаў, а таксама асобныя сустрэчы з прадстаўнікамі Эўрапарлямэнту», адбылася прэзэнтацыя справаздачы НАУ перад дэпутатамі Эўрапарлямэнту.
Латушка падкрэсьліў, што НАУ захоўвае «прыярытэтны фокус на злачынствах, якія робіць рэжым у дачыненьні да беларусаў». «Асобны блёк для міжнародных партнэраў прадстаўляе інфармацыю аб парушэньні правоў чалавека і ахвярах рэжыму», — сказаў ён.
11 красавіка Павал Латушка заявіў Радыё Свабода, што НАУ зьбірае дакумэнты і сьведчаньні ўдзелу афіцыйнага Менска ў вывазе дзяцей з Украіны.
24 красавіка ў эфіры Delfi Латушка сказаў, што сабраныя зьвесткі аб «незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь» будуць перададзены Генэральнай пракуратуры Украіны і пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе. Паводле яго, «Лукашэнка робіць дзеяньні, якія могуць прызнавацца як ваенныя злачынствы ў сувязі з дэпартацыяй украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі».
Амбасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Майкл Карпэнтэр 5 траўня заявіў, што рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік Расеі ў агрэсіўнай вайне ня толькі таму, што дазволіў скарыстаць тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну і сваю інфраструктуру — для навучаньня і аднаўленьня расейскіх войскаў, але і таму, што ў Беларусь вязуць дзяцей, гвалтоўна дэпартаваных з акупаваных украінскіх тэрыторый.
24 красавіка праўладны беларускі «грамадзкі дзеяч» Аляксей Талай паведаміў, што па даручэньні Лукашэнкі больш за тысячу дзяцей і падлеткаў з акупаваных тэрыторый Украіны прымуць у дзіцячы летнік «Дубрава» ў Салігорскім раёне Менскай вобласьці ў красавіку-траўні. У Беларусі ўжо 350 дзяцей з гэтых рэгіёнаў.
Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ў прынятай 27 красавіка рэзалюцыі заклікала міжнародную супольнасьць «падтрымаць судовы перасьлед і прыцягненьне да адказнасьці» за незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей сярод іншых асоб і Аляксандра Лукашэнку, «самаабвешчанага прэзыдэнта Беларусі».
У той жа дзень Латушка заявіў, што «ёсьць усе падставы для выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі» і выказаў спадзяваньне, што «адпаведнае рашэньне будзе прынята пракурорам Міжнароднага крымінальнага суду».
Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ) апублікавала справаздачу аб парушэньні Расеяй міжнароднага права і правоў чалавека, а таксама ваенных злачынствах і злачынствах, зьвязаных з прымусовай дэпартацыяй украінскіх дзяцей у Расею.
Гэта першая асобная спэцыяльная міжнародная справаздача аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
У справаздачы адзначаецца, што місія таксама заслухала паведамленьні аб дзецях, дэпартаваных у Беларусь расейскімі войскамі ў часе наступу на Кіеўскую вобласьць.
У прыватнасьці, згадваецца спэцыяльная справаздача ўкраінскага Цэнтру правоў чалавека ZMINA і публікацыі ў інтэрнэт-выданьнях так званай «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.
У першым дакумэнце адзначаецца, што дэпартацыя ў Беларусь ажыцьцяўлялася па выглядам эвакуацыі: расейскія вайскоўцы з пагрозамі і прымусам выцягвалі людзей з сховішчаў і вывозілі да мяжы або ў іншыя месцы, дзе не было пунктаў пропуску, перадавалі іх беларускаму Чырвонаму Крыжу, а пасьля «перапісу» іх адпраўлялі ў санаторыі каля Гомля ці ў інтэрнаты ў Мазыры.
У публікацыях «саюзнага» інтэрнэт-выданьня ўдакладнялася, што ўкраінскіх дзяцей разьмяшчалі ў летніку «Сожаскі бераг» у Гомельскай вобласьці, а таксама ў летніку «Бярозка» ў Горадзенскай вобласьці.
У справаздачы АБСЭ таксама адзначаецца, што пры ўтрыманьні ўкраінскіх дзяцей у беларускіх лягерах таксама былі выпадкі, калі іхнае знаходжаньне працягвалі не па мэдычных паказаньнях, а бацькам не паведамлялі аб месцазнаходжаньні іхных дзяцей.