Раніцай 6 траўня ва ўзросьце 75 гадоў памерла знакамітая чэская дысыдэнтка, перакладніца і публіцыстка Пэтрушка Шустрава, паведамляе чэскае выданьне lidovky.cz.
Пэтрушка Шустрава нарадзілася ў 1947 годзе. Вучылася на філязофскім факультэце Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, але ёй давялося спыніць вучобу з палітычных прычынаў. У 1969 годзе Шустраву арыштавалі і прысудзілі два гады турмы за дзейнасьць у моладзевай арганізацыі. Пасьля выхаду з турмы працавала на пошце і прыбіральніцай.
Адна з падпісантак «Хартыі’77». Была праваабаронцай, публікавалася ў падпольных выданьнях. За гэтую дзейнасьць яе выклікалі на допыты ў Службу бясьпекі, праводзілі дома ператрусы, яна не магла ўладкавацца на працу, нягледзячы на тое, што гадавала пяцёх дзяцей.
Пасьля падзеньня камунізму выконвала абавязкі міністра ўнутраных спраў, займалася расьсьледаваньнем дзейнасьці спэцслужбаў у камуністычныя часы і брала ўдзел у рыхтаваньні закону аб люстрацыі.
Пэтрушка Шустрава ўзначаліла раду чэскай арганізацыі «Грамадзянская Беларусь» пасьля сьмерці яе папярэдняга старшыні Вацлава Гаўла.
У апошнія гады яна пісала публіцыстыку, перакладала з польскай і ангельскай моваў.
Пэтрушка Шустрава: «Шчасьце ў сябрах-аднадумцах, якія гатовыя цярпець нягоды, абы толькі не хлусіць і не прыніжацца»
У 2021 годзе Радыё Свабода ў Міжнародны дзень шчасьця, які адзначаецца 20 сакавіка, папрасіла вядомых дысыдэнтак з Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы адказаць на пытаньне: «Дзе можна знайсьці шчасьце, жывучы ў аўтарытарнай паліцэйскай дзяржаве?» На гэтае пытанне адказвалі дысідэнткі з краін, дзе дыктатура — у мінулым: з Чэхіі, Славаччыны і Польшчы. Сярод іх была і Пэтрушка Шустрава.
Цытуем яе адказ цалкам:
«Я жыла ў паліцэйскай дзяржаве больш за 50 гадоў — і сапраўды не магу сказаць, што была няшчасная.
Хоць я правяла два гады ў турме, пасьля вяртаньня мне сыстэматычна стваралі непрыемнасьці супрацоўнікі Дзяржаўнай бясьпекі, выклікалі на допыты, рабілі дома ператрусы і некалькі разоў на два або на чатыры дні зачынялі ў камэры, але я ўсё роўна люблю ўспамінаць той час. Я жыла ў атачэньні сяброў, якія былі гатовыя вытрымаць тое, што вытрымала я, але яны не здаліся, не прынялі патрабаваньняў рэжыму і пратэставалі супраць абмежаваньняў правоў чалавека. Я, вядома, кажу пра «Хартыю’77».
Гэта было цудоўнае асяродзьдзе: людзі вельмі розных поглядаў абмяркоўвалі ня толькі палітыку, але таксама гісторыю, літаратуру і мастацтва, філязофію... І яны выдатна ладзілі, яны прымалі той факт, што ўсе людзі розныя, усе маюць розныя думкі, але кожны таксама яшчэ і чалавек, мой блізкі, зь якім у мяне, акрамя розьніцы ў думках, ёсьць і шмат агульнага. Тое сяброўскае асяродзьдзе было, напэўна, найпрыгажэйшым, што я зазнала ў жыцьці. Я люблю гэта ўспамінаць, асабліва ў сёньняшнія часы ковіду.
Я думаю, што самае каштоўнае, што мы маем на гэтым сьвеце, — гэта людзі. Вядома, сям’я, але чалавек можа мець значна больш сяброў, чым сваякоў, і кантакт зь сябрамі прыносіць стымул для мысьленьня, інфармацыі, навучаньня, але асабліва — радасьць ад магчымасьці бываць разам. Мы не шукалі шчасьця ў матэрыяльным дастатку, дасягнуць яго сумленна пры камунізьме было немагчыма, і мы пра гэта ніяк асабліва не клапаціліся (існуе вельмі мала дысыдэнтаў, якія разбагацелі ў часы свабоды). Наша багацьце палягала ў нечым іншым: у тым, што нам ня трэба было хаваць адзін ад аднаго, што мы думаем, што нам ня трэба было ўдаваць фальшывую вернасьць моцным гэтага сьвету, што мы маглі жыць сваім жыцьцём.
Ня менш важнае было тое, што нягледзячы на ўсе цкаваньні, у нас было моцнае пачуцьцё маральнай перавагі. Мы былі ўпэўненыя, што праўда за намі, а не за камуністычнай дзяржавай. І гэта — калі чалавек не зусім самотны — вялікая каштоўнасьць, крыніца сілы і вялікага шчасьця. Мы былі — і несумненна застаёмся дагэтуль — перакананыя, што робім правільна, нават калі гэта прыносіць нам шмат непрыемнасьцяў.
Надыход свабоды быў, вядома, цудоўным, але да лепшых бакоў жыцьця чалавек хутка прызвычайваецца. Таму сёньня я з сумам гляджу на тое, як людзі, якія павінны былі б трымацца разам, разыходзяцца і перастаюць кантактаваць толькі таму, што іншы чалавек думае пра палітыку або пра нейкую палітычную партыю нешта іншае, чым я...
Дык дзе шукаць шчасьця? У перакананьні, што мы маем рацыю, што кожны паліцэйскі рэжым рана ці позна праміне. І ў сябрах-аднадумцах, якія гатовыя цярпець нягоды, абы толькі не хлусіць і не прыніжацца».