Паралелі і рознасьці
Для посткамуністычных краін уласьцівыя агульныя рысы, але сучасныя беларусы знаходзяцца ў больш выгодным становішчы, чым некалі чэхі, кажа Петрушка Шустрава.
“У нас былі толькі друкаркі ды радыёпрымачы... А сёньня магчымасьцяў інфармаваць людзей – непараўнальна болей. Калі я была ў Менску некалькі год таму, я не бачыла асаблівай розьніцы паміж моладзьдзю эўрапейскай і моладзьдзю беларускай, а тэхнічныя сродкі распаўсюджваньня інфармацыі сёньня даюць непараўнальныя магчымасьці ведаць тое, што ты хочаш ведаць”.
Ёсьць і рысы, якія робяць даўнюю чэскую і сёньняшнюю беларускую сытуацыі падобнымі, кажа колішняя дысыдэнтка: “Тая сыстэма, якая была тады ў нас, была ілжывай. Афіцыйныя газэты, якія я чытала, пісалі зусім аб іншай дзяржаве, чым была навакол. Сёньняшняя Беларусь падаецца падобнай да Чэхіі 70-80 х гадоў – у час так званай нармалізацыі. У Чэхіі казалі – “маеце салямі – і маўчыце”.
Пра грамадзкую сьвядомасьць
Вельмі важна паказваць звычайным людзям, што насамрэч адбываецца навокал, лічыць Петрушка Шустрава.
“Кожны рэжым імкнецца раз’яднаць грамадзтва, каб людзі замкнёна жылі ў сваім сьвеце надзённых патрэбаў і пабытовых мэтаў, каб кожны думаў толькі пра сябе і адгароджваўся ад грамадзкіх інтарэсаў. Грамадзтву трэба кансалідавацца – гэта вельмі важна. І пачынаць трэба зь любых агульных спраў, - гэта можа быць шахматны клюб, гэта можа быць абарона парку, - любая справа, якая тычыцца грамады і можа быць вырашанай высілкамі грамады. Кожная такая сустрэча – гэта абнаўленьне грамадзтва, крок да ўзаемаразуменьня. І рана ці позна людзі пачнуць гукаць: “Мы патрабуем свабоды”. І гэткія праекты абавязкова трэба падтрымліваць, найперш у сфэры адукацыі, асьветы”.
“Пытаньне люстрацыі – гэта не помста, гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі”
Петрушка Шустрава прымала ўдзел у праверцы архіваў спэцслужбаў камуністычнай Чэхіі і ў працы над законам аб люстрацыі.
“Трэба памятаць, што дзяржапарат у дэмакратычным грамадзтве - гэта проста служба, а не нейкая пасада, якую чалавек атрымаў невядома за што і на якой абавязаны выконваць любыя загады. Мы зрабілі ўсё, каб людзі, якія калісьці былі заўважаныя ў прыняцьці палітычных рашэньняў, не мелі магчымасьцяў працаваць у судовай сфэры”, - кажа спадарыня. Шустрава. Але аб’яць неабдымнае сталася немагчымым: “Была адна судзьдзя, якая прызнала інваліда-вазочніка сымулянтам. Ён насамрэч быў інвалідам і хутка сканаў у турме. Гэтая жанчына дагэтуль працуе судзьдзёй, дагэтуль судзіць. На жаль, не ўдалося ўсе пажаданыя зьмены ўнесьці ў заканадаўства. Мы не маглі зрабіць сьвет ідэальным, але намагаліся зрабіць тое малое, што зрабіць маглі”.
Шмат людзей былі пакрыўджаныя, - маўляў, рэпрэсіі супраць тых, хто рабіў злачынствы на баку камуністычнага рэжыму, павінны былі быць больш жорсткімі. “Але трэба зразумець, прымаць такія рашэньні ў дэмакратычным грамадзтве трэба ўзважана”.
Пра свабоду
“Рэжым можа забраць шмат, але душу – толькі са згоды самога чалавека”, - кажа Петрушка Шустрава. Яна лічыць, што свабоднай была і за кратамі. Час зьняволеньня апісвае гэтак: “Першыя тыдні было страшна. А праз год падавалася, што можна вытрымаць што заўгодна. Было вельмі складана, калі паведамілі пра магчымасьць умоўна-датэрміновага вызваленьня. Я ведала, што мяне будуць запытваць, ці перавыхавалася я ў турме... А я не магла ўявіць, што паабяцаю ўжо больш такога рабіць. І гэта было вельмі цяжка – ты ж ужо амаль бачыш дзьверы, празь якія можаш выйсьці з-за кратаў. Але мяне выратавала пастаноўка пытаньня судзьдзі. Яна запыталася: “Ці мяркуеце Вы, што яшчэ раз будзеце асуджаныя па гэтым артыкуле”? Я адказала: “Не. І хутчэй за ўсё, ужо ніхто ня будзе””!