Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе шукаць шчасьця ў аўтарытарнай дзяржаве? Беларусам раяць дысыдэнткі з краін, дзе дыктатура — у мінулым


Пэтрушка Шустрава (Чэхія), Гэнрыка Кшывонас-Стрыхарска (Польшча), Магда Вашарыева (Славаччына).
Пэтрушка Шустрава (Чэхія), Гэнрыка Кшывонас-Стрыхарска (Польшча), Магда Вашарыева (Славаччына).

У Міжнародны дзень шчасьця, які адзначаецца 20 сакавіка, вядомыя дысыдэнткі з Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы адказалі на пытаньне Свабоды: «Дзе можна знайсьці шчасьце, жывучы ў аўтарытарнай паліцэйскай дзяржаве?»

«Ва ўсім сьвеце лічылася, што Польшча назаўсёды застанецца васалам Расеі»

Гэнрыка Кшывонас-Стрыхарска ў часы камунізму ў Польшчы працавала машыністкай трамвая.

15 жніўня 1980 году яна спыніла свой трамвай і загадала пасажырам выйсьці, абвясьціўшы пра страйк. Гэтую падзею называюць пачаткам страйку гданьскага грамадзкага транспарту. Кшывонас-Стрыхарска ўдзельнічала ў перамовах гданьскіх рабочых з уладамі. У выніку тых перамоваў паўстала «Салідарнасьць».

Падчас ваеннага становішча яна дапамагала інтэрнаваным, распаўсюджвала падпольны друк. Пазьней і сама стала ахвярай рэпрэсій: страціла працу, ёй загадалі пакінуць Гданьск. Падчас аднаго з вобшукаў Кшывонас-Стрыхарску моцна зьбілі, у выніку яна страціла цяжарнасьць.

Ужо ў незалежнай Польшчы разам з мужам яны ўсынавілі і выхавалі 12 дзяцей. Сёньня Гэнрыка Кшывонас-Стрыхарска — дэпутатка Сэйму і сябра парлямэнцкай групы па кантактах зь Беларусьсю.

Гэнрыка Кшывонас-Стрыхарска, 1980 год. Падчас перамоваў страйку рабочых з уладамі, у выніку чаго ўтварылася "Салідранасьць".
Гэнрыка Кшывонас-Стрыхарска, 1980 год. Падчас перамоваў страйку рабочых з уладамі, у выніку чаго ўтварылася "Салідранасьць".

«Дзе можна знайсьці шчасьце, жывучы ў аўтарытарнай паліцэйскай дзяржаве?

У надзеі!

Калі ў 1981 годзе вайсковая хунта абвясьціла ваеннае становішча ў Польшчы, значная частка грамадзтва страціла веру ў перамогу і свабоду. Ва ўсім сьвеце лічылася, што падзел сьвету ўжо нельга зьмяніць і што Польшча назаўсёды застанецца васалам Расеі.

Аднак у Польшчы былі людзі, якіх лічылі вар’ятамі, якія паверылі ў цуд, і сваёй барацьбой яны гэты цуд зрабілі рэальнасьцю. Дзякуючы іх барацьбе, веры і надзеі, якія ніколі іх не пакідалі, немагчымае стала магчымым.

Беларусы таксама павінны верыць, змагацца і спадзявацца, што іх лёс зьменіцца. Спадзяюся, як мага хутчэй. Эўрапейскі Зьвяз з вамі, але больш за ўсё вы павінны верыць у сябе! Перадаю прывітаньне ўсім беларускім героям!»

«Ніколі нельга перастаць рыхтавацца да таго, што аднойчы мы зноў адчуем салодкі вецер свабоды»

Магда Вашарыева — славацкая дыпляматка, адна з самых вядомых акторак у краіне. Здымацца ў кіно пачала дзіцем, грала больш як у 30 мастацкіх фільмах. Пасьля ролі ў фільме «Птушкі, сіроты і дурні» яе выключылі з унівэрсытэту, а фільм быў забаронены да паказу да 1989 году. Фільм расказвае пра трох чалавек, якія асірацелі ў выніку палітычнага гвалту.

Пазьней Вашарыевай удалося скончыць вучобу, але працягнуць працу ва ўнівэрсытэце ёй не дазволілі. Пасьля інтэрвэнцыі савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну Вашарыева мела магчымасьць эміграваць у Італію на запрашэньне Фэдэрыка Фэліні, але адмовілася.

Падчас Аксамітнай рэвалюцыі брала ўдзел у дзейнасьці Таварыства супраць гвалту, а ў 1990 годзе Вацлаў Гавэл прызначыў яе паслом Чэхаславаччыны ў Аўстрыі. Потым Магда Вашарыева працавала паслом у Польшчы і дзяржсакратаром у МЗС. Сёньня выкладае сацыялёгію ў CEVRO INSTITUT’е (Прага).

Магдалена Вашарыева, стоп-кадр з фільму «Птушкі, сіроты і дурні», 1969 год.
Магдалена Вашарыева, стоп-кадр з фільму «Птушкі, сіроты і дурні», 1969 год.

«Мне давялося пражыць у таталітарнай паліцэйскай дзяржаве 40 гадоў, так што я адчуваю сябе цалкам кампэтэнтнай адказаць на гэтае пытаньне.

Мая сям‘я на пачатку 1950 году сышла ў прыват, што, можа, гучыць як абмежаваньне, але там адбывалася жыцьцё. Да нас патаемна прыходзілі сябры, начавалі ў нас, гаварылі з бацькамі, дыскутавалі, а я хавалася пад сталом і спрабавала зразумець, пра што яны гавораць.

Праўда, часам прыходзілі спэцслужбы і забіралі тату, але наогул усё прыемнае адбывалася дома, за апушчанымі жалюзі.

У 1960-я гады мы пачалі выходзіць на людзі, нават пратэставаць, і адчулі вецер свабоды. Гэта нас натхняла, але гэтак працягвалася нядоўга.

Пасьля прыйшла гэтак званая „нармалізацыя“, якая канчаткова замкнула нас на 20 гадоў за жалезнай заслонай. Людзі куплялі хаты за горадам, садзілі ў гародах моркву, па пятніцах выяжджалі з гарадоў і стараліся жыць на прыродзе. Гэта былі гнюсныя часы, але часам зьяўлялася надзея — у мастацтве, у тэатры, трохі ў кіно, а галоўным чынам у гістарычных працах. А пасьля ўсё паволі пачало адкрывацца, для майго пакаленьня аж занадта паволі, і сёньня я мушу канстатаваць, што мы не былі дастаткова падрыхтаваныя да пазьнейшых хуткіх пераменаў. Чаму? Таму што мы зрабілі кардынальную памылку. Мы перасталі верыць, што зьмены прыйдуць. І гэта быў вялікі грэх.

Ніколі нельга было пераставаць рыхтавацца да таго, што аднойчы мы зноў адчуем салодкі вецер свабоды.

І гэта мая парада дарагім сяброўкам і сябрам у Беларусі».

«Шчасьце ў сябрах-аднадумцах, якія гатовыя цярпець нягоды, абы толькі не хлусіць і не прыніжацца»

Пэтрушка Шустрава — чэская публіцыстыка і палітык, вядомая дысыдэнтка. У 1966 годзе яна паступіла ў Карлаў унівэрсытэт у Празе, але не змагла яго скончыць. У 1969 годзе Шустраву арыштавалі і прысудзілі два гады турмы за дзейнасьць у моладзевай арганізацыі. Пасьля выхаду з турмы працавала на пошце і прыбіральшчыцай.

Адна з падпісантак «Хартыі’77». Была праваабаронцай, публікавалася ў падпольных выданьнях. За гэтую дзейнасьць яе выклікалі на допыты ў Службу бясьпекі, праводзілі дома ператрусы, яна не магла ўладкавацца на працу, нягледзячы на тое, што гадавала пяцярых дзяцей.

Пасьля падзеньня камунізму выконвала абавязкі міністра ўнутраных спраў, займалася расьсьледаваньнем дзейнасьці спэцслужбаў у камуністычныя часы і брала ўдзел у падрыхтоўцы закону аб люстрацыі.

Сёньня Пэтрушка Шустрава піша публіцыстыку, перакладае з польскай і ангельскай моваў.

Пэтрушка Шустрава ў гасьцях у Вацлава Гавэла на ягоным лецішчы ў Градэчэку, 1980 год.
Пэтрушка Шустрава ў гасьцях у Вацлава Гавэла на ягоным лецішчы ў Градэчэку, 1980 год.

«Я жыла ў паліцэйскай дзяржаве больш за пяцьдзясят гадоў — і сапраўды не магу сказаць, што была няшчасная.

Хоць я правяла два гады ў турме, пасьля вяртаньня мне сыстэматычна стваралі непрыемнасьці супрацоўнікі Дзяржаўнай бясьпекі, выклікалі на допыты, рабілі дома ператрусы і некалькі разоў на два або на чатыры дні зачынялі ў камэры, але я ўсё роўна люблю ўспамінаць той час. Я жыла ў атачэньні сяброў, якія былі гатовыя вытрымаць тое, што вытрымала я, але яны не здаліся, не прынялі патрабаваньняў рэжыму і пратэставалі супраць абмежаваньняў правоў чалавека. Я, вядома, кажу пра «Хартыю’77».

Гэта было цудоўнае асяродзьдзе: людзі вельмі розных поглядаў абмяркоўвалі ня толькі палітыку, але таксама гісторыю, літаратуру і мастацтва, філязофію... І яны выдатна ладзілі, яны прымалі той факт, што ўсе людзі розныя, усе маюць розныя думкі, але кожны таксама яшчэ і чалавек, мой блізкі, зь якім у мяне, акрамя розьніцы ў думках, ёсьць і шмат агульнага. Тое сяброўскае асяродзьдзе было, напэўна, найпрыгажэйшым, што я зазнала ў жыцьці. Я люблю гэта ўспамінаць, асабліва ў сёньняшнія часы ковіду.

Я думаю, што самае каштоўнае, што мы маем на гэтым сьвеце, — гэта людзі. Вядома, сям’я, але чалавек можа мець значна больш сяброў, чым сваякоў, і кантакт зь сябрамі прыносіць стымул для мысьленьня, інфармацыі, навучаньня, але асабліва — радасьць ад магчымасьці бываць разам. Мы не шукалі шчасьця ў матэрыяльным дастатку, дасягнуць яго сумленна пры камунізьме было немагчыма, і мы пра гэта ніяк асабліва не клапаціліся (існуе вельмі мала дысыдэнтаў, якія разбагацелі ў часы свабоды). Наша багацьце палягала ў нечым іншым: у тым, што нам ня трэба было хаваць адзін ад аднаго, што мы думаем, што нам ня трэба было ўдаваць фальшывую вернасьць моцным гэтага сьвету, што мы маглі жыць сваім жыцьцём.

Ня менш важнае было тое, што нягледзячы на ўсе цкаваньні, у нас было моцнае пачуцьцё маральнай перавагі. Мы былі ўпэўненыя, што праўда за намі, а не за камуністычнай дзяржавай. І гэта — калі чалавек не зусім самотны — вялікая каштоўнасьць, крыніца сілы і вялікага шчасьця. Мы былі — і несумненна застаёмся дагэтуль — перакананыя, што робім правільна, нават калі гэта прыносіць нам шмат непрыемнасьцяў.

Надыход свабоды быў, вядома, цудоўным, але да лепшых бакоў жыцьця чалавек хутка прызвычайваецца. Таму сёньня я з сумам гляджу на тое, як людзі, якія павінны былі б трымацца разам, разыходзяцца і перастаюць кантактаваць толькі таму, што іншы чалавек думае пра палітыку або пра нейкую палітычную партыю нешта іншае, чым я...

Дык дзе шукаць шчасьця? У перакананьні, што мы маем рацыю, што кожны паліцэйскі рэжым рана ці позна праміне. І ў сябрах-аднадумцах, якія гатовыя цярпець нягоды, абы толькі не хлусіць і не прыніжацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG