Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пра вырак Пратасевічу: «Мы выступаем не за помсту, а за справядлівасьць»


Сьвятлана Ціханоўская. Вільня, 26 красавіка 2023
Сьвятлана Ціханоўская. Вільня, 26 красавіка 2023

Былому рэдактару тэлеграм-канала «Nexta» Раману Пратасевічу прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня.

5 траўня агучылі выракі ў «справе Nexta». Як паведамляе «Вясна», судзьдзя Вячаслаў Тулейка ў справе Nexta пакараў:

  • Рамана Пратасевіча — 8 гадамі калёніі,
  • Сьцяпана Пуцілу — 20 гадамі зьняволеньня, вырак вынесены завочна,
  • Яна Рудзіка — 19 гадамі зьняволеньня, вырак вынесены завочна.

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала выракі ў «справе Nexta»:

«Гэты прысуд — гэта яшчэ і праверка для ўсіх нас. Бо каштоўнасьці, на якіх будуецца дэмакратычны рух, такія:

  • Ніхто не павінен быць асуджаны з палітычных матываў.
  • Ніхто не павінен праходзіць праз катаваньні.
  • Нічыё жыцьцё не павінна быць прадметам гандлю».


Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў быць вернымі сваім каштоўнасьцям:

«Сёньня я прашу кожнага беларуса і кожную беларуску: паглядзіце на сябе, ці засталіся вы верныя сваім каштоўнасьцям? Бо бязь іх мы рызыкуем стаць падобнымі да помсьлівага, бесчалавечнага рэжыму.

Мы выступаем за дэмакратыю і за тое, што ўсе роўныя перад законам. Мы выступаем не за помсту, а за справядлівасьць. Таму кожны, хто цяпер зьдзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасьці ў Беларусі, павінен паўстаць перад судом. Але гэта мусіць быць незалежны і прафэсійны суд».

Ціханоўская ў сваім звароце таксама зьвярнула ўвагу на іншых беларускіх палітвязьняў.

«Усе беларусы, якія пераследуюцца ў палітычна матываваных справах, павінны выйсьці на волю. З многімі зь іх у нас няма сувязі некалькі месяцаў. Ад нас усё яшчэ хаваюць інфармацыю аб стане Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і сотняў іншых палітвязьняў. Да кожнага зь іх павінны дапусьціць адвакатаў і сваякоў. Свабоду кожнаму і кожнай», — заклікала лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі.

У чым вінавацяць Пратасевіча, Пуціну і Рудзіка

Працэс у «справе Nexta» пачаўся 16 лютага ў Менскім абласным судзе. Аўтараў тэлеграм-канала Сьцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзілі завочна, Рамана Пратасевіча, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, — быў у судовай залі. Ім інкрымінавалі ня менш як 1586 эпізодаў.

Пракурорка прапанавала ўзяць Пратасевіча пад варту ў залі суду, што і зрабілі пасьля вынясеньня выраку.

Раней стала вядома, што Рамана Пратасевіча дадаткова абвінавачваюць у кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем, зьдзейсьненым паўторна, бо ён нібыта быў адміністратарам тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу», а ня толькі Nexta.

Паводле абвінавачаньня, першапачаткова Раман Пратасевіч у траўні–верасьні 2020 году разам са Сьцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам выконваў функцыі кіраўніка Nexta, у тым ліку фармаваў кантэнт тэлеграм-каналаў групы, а ў кастрычніку 2020 году ён пераехаў з Варшавы ў Вільню і да траўня 2021 году адміністраваў і вёў тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга» і яго сацсеткі, якія ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем», паведамляла «РИА Новости».

У той жа час у новым абвінавачаньні ў дачыненьні да Пратасевіча прыбралі згадку аб «навучаньні і матэрыяльным забесьпячэньні асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках і грубым парушэньні грамадзкага парадку» — яе таксама прыбралі з новага абвінавачаньня Сьцяпану Пуцілу і Яну Рудзіку.

Раней абвінавачаньне ў «паўторным кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем» таксама дадалі Яну Рудзіку: паводле абвінавачаньня, пасьля працы ў Nexta Рудзік у чэрвені 2021-га – траўні 2022 году кіраваў працай тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга».

Пры накіраваньні справы ў суд Генпракуратура «ў інтарэсах дзяржавы» заявіла пазоў аб пакрыцьці абвінавачанымі маёмаснай шкоды на агульную суму звыш 30 млн рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG