Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ГУЛАГ, які ня мае берагоў». Анатоль Лябедзька пра крымінальны перасьлед сына і вайну ў Беларусі


Анатоль і Арцём (справа) Лябедзькі. Каляж
Анатоль і Арцём (справа) Лябедзькі. Каляж

Арцёма Лябедзьку абвінавачваюць у «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Упершыню за 35 дзён зьняволеньня 2 траўня яму перадалі ў СІЗА зьменную бялізну, сродкі гігіены. Пагаварылі з бацькам Арцёма Анатолем Лябедзькам.

Арцёма Лябедзьку затрымалі 28 сакавіка і прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за нецэнзурную лаянку каля Кастрычніцкага РУУС. Потым дадалі яшчэ 15 сутак.

Цяпер Арцёма Лябедзьку абвінавачваюць у «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» — сям’і днямі патэлефанавалі са Сьледчага камітэту і назвалі крымінальны артыкул. Адвакат яшчэ не пасьпеў сустрэцца з Арцёмам.

У аўторак сваякі перадалі Лябедзьку-малодшаму першую за 35 дзён перадачу.

Скончыў факультэт міжнародных дачыненьняў

Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а цяпер прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і супрацы з парлямэнцкай супольнасьцю Анатоль Лябедзька кажа, што яго сын — непублічная асоба, палітыкай ніколі не цікавіўся.

Арцём Лябедзька скончыў факультэт міжнародных дачыненьняў БДУ, працаваў у прыватнай фірме. Яму 37 гадоў. Разам з жонкай Веранікай яны гадуюць дачку Паліну, якой 4 гады.

«Арцём у палітычнай публічнай прасторы адсутнічаў. У нас ніколі не было ні жаданьня, ні плянаў будаваць нейкую сямейную палітычную дынастыю. Ва ўсім астатнім ён абсалютна пазытыўны, законапаслухмяны чалавек, без усялякіх хібаў, крайнасьцяў», — кажа бацька пра сына.

Калі Арцём вучыўся ў БДУ на адным з самых прэстыжных факультэтаў — міжнародных дачыненьняў, бацьку намякалі, што было б лепш, каб сын сам адтуль сышоў, забраў дакумэнты.

«На мяне выйшаў тады мой добры знаёмы, вядомы ў Беларусі чалавек, і прапанаваў, каб Арцём разам з дачкой Аляксандра Казуліна сам сышоў з факультэту. Здаецца, гэта было, калі Арцём вучыўся ўжо на пятым курсе. Тады было „абвастрэньне“, зьвязанае са мной. Арцёму прапаноўвалі пакінуць навучаньне не таму, што ён быў дрэнны студэнт — з гэтым было ўсё нармальна, ён добра вучыўся, а менавіта ў зьвязку з тым, што бацька займаўся палітыкай.

Але я адразу сказаў, нават ня раячыся зь сям’ёй: „Калі вы лічыце, што сын павінен адказваць за бацьку, можаце яго выключыць з унівэрсытэту, але мы пісаць заяву і забіраць дакумэнты ня будзем, таму што для гэтага няма ніякіх падстаў, ён добра вучыцца“.

Праз бацьку доўга ня мог знайсьці працу

Анатоль Лябедзька з сынам Арцёмам. Архіўнае фота
Анатоль Лябедзька з сынам Арцёмам. Архіўнае фота

Пасьля атрыманьня дыплёму Арцём даволі доўга ня мог уладкавацца на працу. Паўсюль перадавалі прывітаньне бацьку, але ветліва адмаўлялі ў працаўладкаваньні, — працягвае Анатоль Лябедзька.

„Маўляў, сам ведаеш, чаму ня можам узяць цябе на працу“, — я для яго быў ня самым лепшым „афармленьнем“ па жыцьці. Ня ведаю, колькі соцень рэзюмэ ён разаслаў... Але потым усё ж працаўладкаваўся ў адну прыватную фірму, ён там і працаваў да затрыманьня. Праца яму падабалася, заробкі задавальнялі. Потым зьявілася сям’я, нарадзілася дачушка. Усё было нармальна.

Цяпер ні працы, ні пэрспэктывы, сям’ю проста папалам разарвалі. Дачушцы Арцёма 4 гады: такі ўзрост, калі дзіця ўжо разумее, што бацькі няма, яна ўсё часьцей пытаецца ў маці: „А дзе наш тата?“ І гэта самае цяжкае пытаньне. Да таты дачушка вельмі прывязаная.

Гэта самае балючае, што ў мяне здарылася, бо я адчуваю асабістую адказнасьць, гэта мая віна, мне з гэтым жыць», — з горыччу разважае Анатоль Лябедзька.

Бацька вельмі ганарыцца сынам, узгадвае, як ён шанаваў сяброў, зь якой любоўю і павагай ставіўся да сваіх бабуляў і дзядуляў.

«Калі Арцём езьдзіў у камандзіроўкі, заўсёды заяжджаў на маю радзіму ў Трылес, на матуліну ў Слуцак. Ніколі не гаварыў пра гэта, мы потым ужо даведваліся, што ён быў на могілках, паклаў кветкі — у гэтым пляне мяне таксама вельмі цешыла, што сын ведаў пра свае карані, хто ён. Заўсёды быў для мяне падтрымкай», — кажа Анатоль Лябедзька.

Прынцыпова не хацеў зьяжджаць зь Беларусі

Калі Анатоля Лябедзьку першы раз пасадзілі ў турму, сыну Арцёму было 10 гадоў, ад адчаю, ад крыўды ён плакаў. Калі бацьку жорстка затрымлівалі ў ноч з 19 на 20 сьнежня 2010-га, Арцём крычаў у адчыненае вакно.

«Я, дарэчы, ня ведаў, што Свабода брала ў яго інтэрвію ў 2011 годзе, я толькі зараз знайшоў гэтую публікацыю „Мой бацька — ня камень“.

Ён непублічны чалавек, ня любіць увагі да сябе. І я быў вельмі ўзрушаны, калі прачытаў, якія эмоцыі былі ў сына, калі мяне забралі ў 2010 годзе. Ён адчыніў вакно, у адчаі крычаў — гэта былі эмоцыі маладога чалавека, у якога здарылася бяда», — узгадвае Анатоль Лябедзька.

Арцём Лябедзька не хацеў зьяжджаць з краіны. Прынцыпова. Размовы на гэтую тэму ў сям’і Лябедзькаў вяліся ня раз і ня два. Бацькі самі зьяжджаць не хацелі, але разумелі, што ў небясьпецы можа апынуцца сын, якому адпомсьцяць, працягвае Анатоль.

«Ён катэгарычна заявіў: „Бацька, я буду ў Беларусі. Я ня зьеду“. Мы абодва такія „ўпёртыя“ — можа, гэта ад дзядоў, прадзедаў. Арцём быў перакананы, што яму трэба заставацца ў Беларусі, гадаваць дзіця. Прынцыпова не хацеў зьяжджаць зь Беларусі — я гэта падкрэсьліваю. У лепшыя часы ў яго была магчымасьць зьехаць за мяжу. Але ні тады ён гэтага не зрабіў, ні цяпер. Я за гэта вельмі сабе ўпікаю, што не знайшоў словы, не знайшоў аргумэнты, каб пераканаць яго», — прызнаецца бацька.

Сам Анатоль Лябедзька таксама не хацеў зьяжджаць. У жніўні 2021 году ён прыехаў на канфэрэнцыю, квіткі за мяжу ў яго былі ў два бакі — быў упэўнены, што вернецца ў Беларусь.

«Адзінае, каму я ўдзячны за тое, што ня трапіў у турму, — гэта жонцы, якая мяне проста ўгаварыла, каб я паехаў не на два дні на канфэрэнцыю, а пабыў некалькі дзён пасьля яе. Я даў ёй слова, узяў гэтыя квіткі на больш працяглы тэрмін. Апошняй кропкай стаў арышт Уладзімера Мацкевіча, зь якім мы былі на „Белсаце“ за пару дзён да маёй паездкі. Ужо за мяжой я атрымліваю вестку, што ён у турме, і разумею, што маіх грахоў (як казала мне „тройка“: камітэтчык, пракурор і МУСавец у 2010 годзе) хопіць не на адзін год. Пасьля 2010 году іх толькі паболела.

А мая жонка Сьвятлана засталася ў Беларусі выключна праз сына. Сказала: „Ён не зьяжджае, і я не магу“. Пакуль Арцём там, яе ні танкам, ні чым іншым ня зрушыш. У нас сям’я, я лічу, вельмі трывалая, моцная, мы адно аднаго добра разумеем», — кажа Анатоль.

«Гэта ГУЛАГ, які ня мае берагоў. Ён разьліўся, накрыў ужо ўсю краіну»

На думку палітыка Анатоля Лябедзькі, для цяперашняга беларускага рэжыму няма ніякіх законаў, правілаў, «чырвоных сьцяжкоў» — яму дазволена ўсё.

«Гэта ГУЛАГ, які ня мае берагоў. Ён разьліўся, накрыў ужо ўсю краіну. Гэта палітычная шызафрэнія! Улада хоча, каб усе яе баяліся, каб людзі жылі ў страху. Але страх і яны самі перажываюць.Толькі матывацыя і карані страху абсалютна іншыя. Гэта вайна, хоць нас спрабуюць пераканаць, што Беларусь — краіна, дзе няма вайны. Але гэта вайна супраць людзей, супраць розуму, супраць годнасьці.

Яны хваляцца тым, што могуць прычыняць людзям боль, шантажуючы роднымі, яны ж такія „экспэрты“: ведаюць, на што націснуць. Як казаў калісьці Станіслаў Шушкевіч, „гэта час падлюгаў“.

У мяне зараз такая сытуацыя, што я не магу ні зьнікнуць з публічнай прасторы, ні адмовіцца ад перакананьняў, за якія я змагаўся, нечым ахвяраваў. Таму я застануся ў гэтай нішы, буду працягваць рабіць тое, што я рабіў.

Адзінае — будзе істотна цяжэй на душы. Галоўнае ў гэтай сытуацыі — заставацца людзьмі. Гэта няпроста, складана, але гэтым мы і будзем адрозьнівацца ад істот, якія зьдзекуюцца з нашых родных і блізкіх», — перакананы Анатоль Лябедзька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG