Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дапамажыце сабе — пакажыце Бабарыку». Ціханоўская зьвярнулася да памагатых Лукашэнкі


Віктар Бабарыка ў судзе, 6 ліпеня 2021 году
Віктар Бабарыка ў судзе, 6 ліпеня 2021 году

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская выступіла са зваротам да тых, хто мае дачыненьне да рэпрэсій супраць беларусаў і катаваньняў Віктара Бабарыкі.

Яе зварот апублікаваны ў Ютубе і Тэлеграме.

«Да гэтага часу ні адвакаты, ні сваякі Віктара Бабарыкі, — піша Ціханоўская, — ня могуць убачыць, у якім ён цяпер стане. І такая сытуацыя не адзіная. Памагатыя Лукашэнкі сёньня не ўсьведамляюць наступствы гэтага ціску на палітвязьняў. Зразумейце, пры любой зьмене сытуацыі Лукашэнка будзе ратаваць толькі сябе. Калі прыйдзе час несьці адказнасьць, кожны, хто цяпер яго акружае, акажацца сам па сабе».

Ціханоўская пералічае памагатых Лукашэнкі, якія, паводле яе інфармацыі, маюць дачыненьне да сытуацыі зь Віктарам Бабарыкам.

«Сам па сабе, — піша яна, — будзе Алег Маткін, на якога Лукашэнка зваліць усю паўнату адказнасьці за нечалавечыя ўмовы, у якіх утрымліваліся палітвязьні. Сам па сабе будзе Андрэй Швед, які будзе расплачвацца за ўсе абвінавачаньні і запрошаныя тэрміны. Сам па сабе будзе Дзьмітры Гара, калі ўсе гэтыя расьсьледаваньні справядліва назавуць сфабрыкаванымі. Сам па сабе будзе Іван Кубракоў, бо за шматразовае перавышэньне паўнамоцтваў, катаваньні і сьмерці звычайных грамадзян... хтосьці павінен будзе адказаць».

Сьвятлана Ціханоўская піша пра непазьбежнасьць пераменаў і заклікае сілавікоў выходзіць на сувязь зь яе Офісам і Аб’яднаным пераходным кабінэтам:

«Перамены ўсё роўна адбудуцца, але месцаў у самалёце ня хопіць на ўсіх. Толькі вы самі можаце сабе дапамагчы. Пачынайце рабіць гэта цяпер. Выходзьце з намі на сувязь. Дзяліцеся інфармацыяй. Зрабіце гэта ня толькі дзеля сваёй будучыні, але і дзеля таго, каб заставацца чалавекам».

  • Эўразьвяз заклікаў гарантаваць бясьпеку Бабарыку, вызваліць яго і астатніх палітвязьняў. ЭЗ «занепакоены станам здароўя» Віктара Бабарыкі, якога, як паведамляецца, шпіталізавалі са сьлядамі зьбіцьця. Пра гэта гаворыцца ў сёньняшняй заяве прэс-сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў.
  • «Мы заклікаем улады гарантаваць яму бясьпеку і аказаць неадкладную і належную мэдычную дапамогу, а таксама даць яму доступ да сваіх адвакатаў і сям’і», — падкрэсьліваецца ў заяве.
  • Сытуацыя з асуджаным палітыкам і экс-банкірам Віктарам Бабарыкам — чарговы сыгнал жорсткага абыходжаньня зь беларускімі вязьнямі сумленьня, гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных справаў Польшчы.
  • Амбасадарка Нямеччыны ў АБСЭ Геса Браўтыгам напісала ў Твітэры, што Бабарыка і ўсе астатнія палітычныя вязьні ў Беларусі «павінныя быць неадкладна вызваленыя».
  • «Вельмі занепакоены паведамленьнямі пра тое, што Віктар Бабарыка быў жорстка зьбіты і шпіталізаваны. Яго сямʼя і адвакат павінны неадкладна атрымаць доступ да яго!» — адзначыў кіраўнік офісу МЗС Нямеччыны па Ўсходняй Эўропе, Каўказе і Цэнтральнай Азіі Матыяс Лютэнбэрг.
  • Спэцпрадстаўнік Эстоніі пры дэмакратычных сілах Беларусі Марка Каплімаа выказаў «глыбокую занепакоенасьць» у сувязі з інфармацыяй пра шпіталізацыю Бабарыкі: «Мы будзем уважліва сачыць за навінамі пра яго стан і заклікаем беларускі рэжым выконваць усе міжнародныя абавязаньні па абароне асноўных правоў палітзьняволеных».
  • «Мы ўважліва сочым за паведамленьнямі аб раптоўнай шпіталізацыі беларускага палітвязьня Віктара Бабарыкі. Рэжым у Беларусі нясе поўную адказнасьць за здароўе Віктара Бабарыкі і больш як 1490 іншых палітвязьняў. Мы заклікаем да іх неадкладнага вызваленьня», — заявіў амбасадар ЗША ў АБСЭ Майкл Карпэнтэр.

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG