Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў адказвае за ўтрыманьне і бясьпеку зьняволеных.
Як паведамляюць прадстаўнікі каманды Віктара Бабарыкі, «на прыёме сваякі хацелі даведацца пра месцазнаходжаньне і стан здароўя [Бабарыкі], а таксама атрымаць магчымасьць убачыць яго і пераканацца, што зь ім усё добра».
Аднак у прыёме ім адмовілі.
«Сваякі працягнуць дабівацца інфармацыі і сустрэчы з Бабарыкам праз адказныя за гэта органы дзейнай улады. Мы просім усе прысутныя ў Менску міжнародныя арганізацыі і дыпляматычныя місіі аказаць садзейнічаньне ў атрыманьні інфармацыі пра стан Віктара Бабарыкі», — пішуць сябры ягонай каманды.
Раніцай 27 красавіка ў Наваполацкай цэнтральнай гарадзкой лякарні Свабодзе пацьвердзілі шпіталізацыю палітвязьня Віктара Бабарыкі. «Бабарыка ў хірургіі знаходзіцца», — адказалі там на пытаньне, ці сапраўды Віктара Бабарыку шпіталізавалі.
У праваабарончым цэнтры «Вясна» BPN паведамілі, што апошнім часам не атрымлівалі інфармацыі пра Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда, які больш як два гады знаходзіцца пад сьледзтвам.
У гэты ж дзень крыніцы BPN паведамілі, што ў «пацыента з прозьвішчам Бабарыка 1963 году нараджэньня», які паступіў у Наваполацкую гарадзкую бальніцу, «узяты аналізы, праводзіцца мэдычнае абсьледаваньне». Таксама быў пацьверджаны пнэўматоракс. Іншая крыніца заявіла, што, «магчыма, у лёгкіх у Бабарыкі знойдзена вада».
- Бацьку і сына Бабарыкаў затрымалі 18 чэрвеня 2020 году. Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў Бабарыку кандыдатам у прэзыдэнты, хоць той сабраў у чатыры разы больш подпісаў, чым патрабаваў Выбарчы кодэкс (425 тысяч пры неабходных 100 тысячах). Падставай стаў ліст з Камітэту дзяржкантролю аб парушэньнях, якія нібыта зьдзейсьніў Бабарыка.
- 6 ліпеня 2021 году Вярхоўны суд прыгаварыў Віктара Бабарыку да 14 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу) і «легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч. 2 арт. 235). Бабарыка віны не прызнаў.