Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш піяру, чым магчымасьцяў». Расказваем пра «беларускую IKEA», якая прыйшла на расейскі рынак


Каляж з сымболікай Swed House і IKEA
Каляж з сымболікай Swed House і IKEA

Суразмоўца Свабоды зь беларускага бізнэс-асяродку мяркуе, што наўрад ці беларуская кампанія Swed House стане паўнавартаснай зьменай IKEA на расейскім рынку.

У гандлёва-забаўляльным цэнтры «Шчолкаўскі» ў Маскве 15 красавіка прайшло адкрыцьцё першай крамы Swed House. У СМІ яе называюць «беларускім аналягам IKEA». Заяўлялася, што цягам кароткага часу ў Маскве паўстане дзесяць такіх крамаў, а ў далёкай будучыні — пяцьдзясят. Паспрабавалі разабрацца, што гэта за праект і хто за ім стаіць.

Кампанія з Наваполацку

Юрыдычная адзінка, якая стаіць за крамамі Swed House, называецца ААТ «Мердэм». Яна была зарэгістраваная ў Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў 27 ліпеня 2018 году. Юрыдычны адрас кампаніі ў Наваполацку.

«Маем вялізны досьвед міжнароднага супрацоўніцтва ў сфэры аптовага гандлю. Запэўніваем вас, што нашага пакупніка чакаюць самыя выгадныя прапановы як па цане, так і па якасьці. Нашы партнэры — вытворцы з Кітая — сёньня поўным ходам адгружаюць заказаныя вамі тавары», — пісалі пра сябе заснавальнікі «Мердэма».

Увогуле ў розных публікацыях яны шмат разоў падкрэсьлівалі, што маюць высакаякасныя тавары менавіта з Кітая.

Уласьнік родам з Туркмэністану

Заснавальнікам «Мердэма» зьяўляецца 41-гадовы бізнэсовец Мурат Шагылыджаў. Яму 41 год, нарадзіўся ў туркмэнскім горадзе Мары. У Менску скончыў недзяржаўны Беларускі інстытут правазнаўства. У сацыяльных сетках месцам жыхарства Мурат Шагылыджаў пазначыў Наваполацак.

Вядома, што Шагылыджаў зьяўляецца ўласьнікам аграсядзібы «Бабровая хата» ў Расонскім раёне. Яна знаходзіцца на самай поўначы Беларусі. Гасьцям прапануюцца лазьня, рыбалка, тэніс, а таксама іншыя забавы.

У сацсетках Шагылыджаў нічога ня піша пра палітыку. Увогуле допісы там, нават не зьвязаныя з тэмай «Бабровай хаты» і Swed House, зьяўляюцца крайне рэдка. Напрыклад, бізнэсовец аналізаваў там фразу Мэрылін Манро «Усе мужчыны аднолькавыя: спачатку яны карыстаюцца табой, а потым выкідаюць як старыя зношаныя шкарпэткі».

«Пра што тут Мэрылін? Пра мужчын, якія несправядліва выкідваюць жанчын? Ці пра жанчын, якія ператвараюцца ў зношаныя шкарпэткі і потым скардзяцца, што іх выкінулі? Ніколі не хадзіў у зношаных шкарпэтках», — піша Шагылыджаў.

Падабаек пад ягонымі допісамі няма. Ад ліпеня 2020-га да верасьня 2022 году бізнэсовец увогуле зьнік з сацсетак.

У 2022 годзе Шагалыджаў адкрыў у Менску краму фіксаваных цэнаў па франшызе YOKO.

«Асноўным кірункам дзейнасьці нашай кампаніі (ААТ „Мердэм“) зьяўляюцца гаспадарчыя тавары. Мы зьяўляемся аптовым пастаўшчыком у Беларусі, займаемся рэалізацыяй гаспадарчых тавараў у сеткі крамаў „Сьвятлафор“ і „Дабраном“», — сказаў у інтэрвію Шагылыджаў.

Інстаграм «Мердэма» закінуты з 2019 году. Там у асноўным рэкляма швабраў, грабель, ізаляцыйнай стужкі, замкоў, мяцёлак — самых простых гаспадарчых тавараў.

Задача — заняць расейскі рынак

Зараз кампанія «Мердэм» займаецца прасоўваньнем брэнду Swed House. Аднайменная старонка ў Instagram зьявілася ў студзені 2022 году. Тады гаворка вялася пра невялікую краму са швэдзкай мэбляй IKEA ў Наваполацку.

У верасьні 2022 году Swed House паведаміла, што пачынае ствараць прадукцыю пад сваім брэндам, але ад продажу мэблі і рэчаў швэдзкага вытворцы таксама не адмаўляецца.

«Пасьля сыходу кампаніі IKEA з расейскага рынку мы паставілі за мэту стварыць новую магчымасьць зьмяніць жыцьцё людзей да лепшага з дапамогай тых самых, усімі любімымі зручных тавараў у скандынаўскім стылі», — гаварылася ў вітальным слове брэнду.

З цягам часу Swed House адкрыў таксам пункт у Менску. Ён разьмяшчаецца ў гандлёвым цэнтры DiaMOND, што за кальцавой дарогай у раёне Малінаўкі.

«Трындзець не мяшкі варочаць»

Суразмоўца, які добра знаецца ў беларускім бізнэсе, паведаміў Свабодзе, што ААТ «Мердэм» — зусім маленькая кампанія, гадавы абарот якой нядаўна складаў усяго 1 мільён даляраў. Ён мяркуе, што ніякім паўнавартасным канкурэнтам IKEA яны быць ня могуць. Крыніца спасылаецца ў тым ліку на памер плошчы адкрытай у Маскве крамы. Яна склала ўсяго 330 квадратных мэтраў. У той час як толькі адна з маскоўскіх IKEA, якая была разьмешчаная ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Эўраполіс», займала плошчу ў 11800 мэтраў квадратных.

Сёньня Swed House мае больш за 8 тысяч падпісчыкаў у Instagram. Людзі скардзяцца, што цэны ў традыцыйнай IKEA былі меншымі. Адкуль Swed House бярэ сваю прадукцыю, а таксама прадукцыю IKEA, не паведамляецца.

«Гэта пакуль закрытая інфармацыя. Не з Эўропы і не з Кітая. Дзе вы бачылі, што ёсьць забарона на продаж тавараў IKEA? Любы чалавек, любы прадпрымальнік можа гэтым гандляваць», — сказаў Шагылыджаў у інтэрвію расейскаму выданьню «Подъём».

Што тычыцца прадукцыі ўласнага брэнду, то сьцьвярджаецца, што яе вырабляюць на заводах Беларусі, Расеі, Казахстану і Кітаю, якія мелі досьвед працы з IKEA. Самой прадукцыі пакуль непараўнальна менш, чым было ў арыгінальнай IKEA.

«Пакуль больш піяру, чым рэальных магчымасьцяў. Трындзець не мяшкі варочаць», — сказаў суразмоўца Свабоды зь беларускіх бізнэс-колаў.

Ці выкарыстоўвала IKEA працу палітвязьняў?

У лістападзе 2022 году зьявілася расьсьледаваньне аб тым, што тавары для IKEA вырабляляліся ў тым ліку беларускімі вязьнямі і палітвязьнямі. Беларусь доўгі час была другім у сьвеце пастаўшчыком драўніны для IKEA.

У прыватнасьці, швэдзкі вытворца нібыта супрацоўнічаў з тэкстыльнай кампаніяй «Магатэкс», якія шыюць для IKEA ручнікі, шторы, сталовую бялізну. Вядома, што «Магатэкс» супрацоўнічае з калёніямі ў Магілёве і Бабруйску, дзе шмат палітвязьняў.

Іншы імаверны партнэр IKEA, кампанія Borwood, заказвае ў калёніі ПК-2 «дошкі з дрэва», якія б адпавядалі стандартам IKEA. Сама ж IKEA абвяргае, што такое супрацоўніцтва мела месца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG