Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве адкрылі першую беларускую краму Swed House — «замену» IKEA


Адкрыцьцё крамы Swed House у Маскве, Расея, 15 красавіка 2023 году
Адкрыцьцё крамы Swed House у Маскве, Расея, 15 красавіка 2023 году

У плянах беларускай кампаніі адкрыць пяць крамаў у Маскве, а затым пашырыць бізнэс на іншыя рэгіёны Расеі.

У суботу, 15 красавіка, крама Swed House прыняла першых пакупнікоў, піша Reuters. Сымболіка крамы выкананая ў тых жа сіня-жоўтых колерах, што і сымболіка IKEA.

У беларускай кампаніі ад 15% да 20% тавараў — арыгінальная прадукцыя IKEA. Пра гэта сказаў генэральны дырэктар Swed House Мамэдалі Касымаў.

«Мы не IKEA, аднак мы імкнемся быць як IKEA. Разам з тым, мы маем уласныя тавары, сваю прадукцыю, якая карыстаецца попытам. І так, мы таксама маем арыгінальную прадукцыю IKEA. Мы яе прадаем — ад 15 да 20% нашага асартымэнту — гэта арыгінальная прадукцыя ІКЕА. Ніхто нам не забараняў гэта рабіць», — сказаў Касымаў.

У краме ў дзень адкрыцьця
У краме ў дзень адкрыцьця

Пакупнікі, якія наведалі краму ў першы дзень працы, прызналіся, што хацелі б, каб ім дазвалялі «тэставаць» мэблю, як было пры IKEA. Каб была магчымасьць сядаць на канапы, класьціся на ложкі, разумець, наколькі пасуе мэбля пад асабістыя патрэбы.

Крама Swed House закліканая замяніць на расейскім рынку швэдзкую IKEA, што часткова сышла адтуль праз вайну Расеі супраць Украіны. Летам мінулага году IKEA ненадоўга аднавіла онлайн-продажы, і частка кампаніі па-ранейшаму кіруе 14 гандлёвымі цэнтрамі пад маркай MEGA ў Расеі.

Скандал з IKEA у Беларусі

З IKEA зьвязаны буйны скандал, якія разгарэўся ў Беларусі ў апошнія месяцы. Нямецкая газэта Die Tageszeitung сумесна з францускім выданьнем Disclose падрыхтавалі расьсьледаваньне аб дзейнасьці швэдзкага рытэйлера IKEA у Беларусі. У ім гаворыцца, што канцэрн актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі пастаўнікамі, якія выкарыстоўвалі працу зьняволеных, у тым ліку палітвязьняў.

Пасьля вывучэньня сотняў дакумэнтаў і інтэрвію зь дзясяткамі сьведкаў расьсьледаваньне прыйшло да высновы, што швэдзкая кампанія закупляла матэрыялы, выкарыстоўваючы прымусовую працу беларускіх зьняволеных. І гэта адбывалася пры тым, што беларускія турэмнікі не хаваюць сваёй камэрцыйнай дзейнасьці. Рэпрэсіі супраць беларускага насельніцтва, якія пастаянна ўзмацняюцца, і жорсткасьць рэжыму, які карае сьмерцю сваіх асуджаных, не прывялі да якіх-небудзь зьменаў у кампаніі IKEA. За працу вязьні атрымлівалі $2 у месяц, гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Гэтай інфармацыяй абурыўся беларускі акцыяніст Пётра Маркелаў, які вучыцца ў Чэхіі. У лістападзе 2022 ён у праскай краме IKEA пасек тумбачкі, абліў іх фарбай і праз рупар па-ангельску абвясьціў, што рэагуе такім чынам на супрацу кампаніі з уладамі Беларусі. ІКЕА ацаніла шкоду ў 205 658 чэскіх крон, што ў эквіваленце складае амаль 8,5 тысячы эўра. Беларус папрасіў дапамогі, іначай яго накіруюць на 200 гадзін папраўчых работ.

У сакавіку 2023 году тавары IKEA зьявіліся ў беларускай гандлёвай сетцы «Эўраопт», хаця летась швэды заяўлялі пра тое, што пакінулі беларускі рынак. Пакуль асартымэнт тавараў IKEA ў «Эўраопце» невялікі, у асноўным гэта тавары для кухні (нажы, талеркі, лапаткі, наборы лыжак і відэльцаў і г.д.), а таксама ёмістасьці для мыла, вешалкі, шуфлік са шчоткай і інш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG